Общество

«Цяжка нават уявіць, як лукашэнкаўская палітыка адаб’ецца на дэмаграфіі ў 2040-я, калі гукнецца ўжо цяперашні спад»

Наша Нiва пiша пра дэмаграфічную катастрофу. Узровень нараджальнасці ў Беларусі апусціўся ніжэй за ваенныя часы.

У апошнія гады дэмаграфічная статыстыка стала ў Беларусі адной з закрытых тэм. Спачатку хавалі звесткі пра памерлых ад каранавіруса, пасля не хацелі паказваць колькасць тых, хто выехаў з Беларусі ад рэпрэсій. Цяпер сітуацыя па ўсіх франтах выглядае такой катастрафічнай, што даводзіцца хаваць абсалютна ўсё.

Актуальныя лічбы нараджальнасці (як і смяротнасці) па ўсёй краіне цэнтралізавана не публікуюцца з 2020 года. Застаецца пільнаваць адвольныя выступы чыноўнікаў на прэс-канферэнцыях ці выхопліваць асобныя рэгіянальныя лічбы і экстрапаліраваць іх на ўсю краіну.

«Наша Ніва» знайшла інфармацыю пра нараджальнасць у 2023 годзе ў трох вялікіх гарадах і ў 13 раёнах Беларусі. Апроч таго, былі апублікаваныя звесткі агулам па Мінскай вобласці — а гэта яшчэ 22 раёны. Такім чынам, у нас ёсць дакладная інфармацыя пра колькасць народжаных дзяцей прыблізна ў сарака раёнах, дзе пражывае 30% жыхароў Беларусі.

На гэтых тэрыторыях сярэдні каэфіцыент нараджальнасці складаў 7,2 дзяцей на 1000 жыхароў. Давайце параўнаем з тым, што было дзесяць гадоў таму, а таксама з 2019 годам — апошнім «спакойным» годам, да каранавіруса і пачатку масавых рэпрэсій.

Каэфіцыент нараджальнасці ў пералічаных рэгіёнах

  • 2013 год — 13,12 (на 5,3% вышэйшы за агульнае па краіне 12,46)
  • 2019 год — 9,93 (на 6,8% вышэйшы за агульнае па краіне 9,3)
  • 2023 год — 7,20

З улікам таго, што ў рэгіёнах, якія трапілі ў наш аналіз, нараджальнасць традыцыйна трохі большая за сярэднюю па краіне, можна меркаваць, што насамрэч каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі ў 2023 годзе склаў каля 6,7-6,8.

За дзесяцігоддзе нараджальнасць спікіравала ўдвая.

Дзеці, народжаныя на Дзень Незалежнасці

Калі няма адэкватнай поўнай статыстыкі, даводзіцца чапляцца хоць за якія лічбы. Дзяржаўныя СМІ часта хваляцца колькасцю дзяцей, народжаных 3 ліпеня — гэта дазваляе прыцягваць дадатковую ўвагу да Дня Незалежнасці. Вось як скарацілася колькасць дзяцей.

  • 2017 — 214
  • 2018 — 181
  • 2019 — 189
  • 2020 — невядома
  • 2021 — невядома
  • 2022 — 118
  • 2023 — 121

Гэтыя лічбы нельга механічна перамножыць на колькасць дзён у годзе, але відавочную тэндэнцыю яны паказваюць. І па іх таксама відаць, што нараджальнасць за 10 гадоў скарацілася прыкладна ўдвая.

Цяперашні ўзровень высокі ці нізкі?

Каб вы зразумелі, што значаць гэтыя лічбы: такой нізкай нараджальнасці ў Беларусі не было ніколі за ўвесь час вядзення статыстыкі. Цяпер у Беларусі нараджаюць менш, чым у СССР падчас вайны.

Вядома ж, Другая сусветная прывяла да дэмаграфічнай катастрофы. У 1942-м нараджальнасць у СССР упала да 12 дзяцей на 1000 жыхароў. 1943-м быў зафіксаваны агульнасавецкі мінімум — 8,6 народжаных.

Пасля сканчэння вайны нараджальнасць хутка аднавілася да ўзроўню 25 дзяцей на 1000 жыхароў, а пасля пачала павольна зніжацца. Прычын было шмат — урбанізацыя перамагала сельскі лад жыцця з уласцівымі яму вялікімі сем’ямі, развіццё сістэмы аховы здароўя змяншала дзіцячую смяротнасць, таму не было патрэбы нараджаць «пра запас», увядзенне пенсійнай сістэмы дэманстравала, што можна дажыць да старасці і без дапамогі дзяцей-унукаў.

Перад распадам СССР каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі складаў 12—15. Моцнае падзенне нараджальнасці пачалося ў сярэдзіне 2010-х. Мяркуючы па прыведзеных вышэй лічбах, пасля 2020-га падзенне набыло катастрафічны характар.

А што ў іншых краінах?

Зніжэнне нараджальнасці — агульнасусветная тэндэнцыя. Фактычна ва ўсіх грамадствах з пашырэннем адукацыі і ростам дабрабыту жанчыны сталі нараджаць радзей. Рэлігійныя ўстаноўкі не маюць значэння, такая з’ява фіксуецца і ў хрысціянскіх, і ў мусульманскіх краінах.

Найніжэйшы ўзровень нараджальнасці фіксуецца ў Паўднёвай Карэі і Ганконгу (менш за 6), непадалёку і Кітай (6,39), і Японія (6,9). Скарачэнне колькасць дзяцей там супадае з павелічэннем працягласці жыцця, нацыя старэе. Гэта відавочная праблема рэгіёну.

У Расіі індэкс-2023, паводле папярэдніх падлікаў, склаў 8,6 — і гэта стаў год, калі нарадзілася найменшая колькасць расіян.

У Польшчы паказчык трохі вышэйшы — ён складае 9,2.

У Літве ў 2022 годзе каэфіцыент нараджальнасці складаў 7,8 і працягваў зніжацца.

Такім чынам, з даступнай статыстыкі вынікае, што сітуацыя з нараджальнасцю ў Беларусі найгоршая ў нашым рэгіёне.

Можа, у Беларусі не ўсё так дрэнна?

Колькасць народжаных дзяцей — медыцынскі факт, цяжка ўявіць маніпуляцыі з гэтымі дадзенымі. Але для вылічэння каэфіцыенту нараджальнасці мае значэнне не толькі колькасць немаўлятаў, але і агульная колькасць насельніцтва.

І тут важна зразумець, чаму да афіцыйнай статыстыкі могуць быць пытанні. Лічыцца, што па стане 1 студзеня 2023 года колькасць насельніцтва Беларусі складае 9 200 617 чалавек.

Адкуль узялася гэтыя лічба? За аснову былі ўзятыя звесткі з перапісу насельніцтва 2019 года. Тады нібыта налічылі 9 413 446 чалавек. І ўжо ад гэтай лічбы адмінусоўвалі памерлых і да яе дадавалі народжаных і прыезджых. У прынцыпе, правільная методыка, якая прымяняецца і ў іншых краінах.

Бяда Беларусі ў тым, што статыстыка прайграе прапагандзе, таму базавая лічба, найхутчэй, была непраўдзівай. Прадэманструем на прыкладзе Мінска.

Перапіс насельніцтва спачатку праходзіў у інтэрнэце і на стацыянарных участках, а пасля пачаўся абыход кватэр. У сталіцы больш за 1 мільён чалавек пакінулі звесткі пра сябе анлайн. Такім чынам, заставалася перапісаць уручную яшчэ прыблізна 1 мільён чалавек (калі меркаваць, што ў сталіцы жыве 2 мільёны чалавек). Частка з іх сама прыйшла на стацыянарныя ўчасткі, да іншых трэба было завітаць дадому.

І вось за два дні да сканчэння перапісу было афіцыйна абвешчана, што ў Мінску не паспелі перапісаць 400 тысяч чалавек. Але што значыць «не паспелі»? Альбо людзі не пусцілі перапісчыкаў з розных прычын, альбо тыя, каго не знайшлі перапісчыкі, проста не жывуць у Беларусі.

У любым разе апытаць такую колькасць рэспандэнтаў за рэшту часу было фізічна немагчыма. За восем дзён апыталі 600 тысяч мінчукоў (а насамрэч значна меней, бо частка з іх перапісвалася стацыянарна), а за апошнія два дні мусілі дадацца яшчэ 400 тысяч? Гэта нерэальна.

Але гэтыя «недаапытаныя» людзі — у Мінску гэта каля 15% насельніцтва, у астатніх рэгіёнах яшчэ больш — усё адно былі ўключаныя ў статыстыку! Проста каб не псаваць прапагандзе прыгожую карцінку. Агульную інфармацыю пра іх проста скапіявалі з міліцэйскіх баз дадзеных. А гэтыя базы маюць асноўную праблему — грамадзяне, якія з’ехалі з краіны, але не выпісваліся з кватэры, па-ранейшаму фігуруюць як жыхары.

Колькі такіх мёртвых душаў па-ранейшаму вісяць у беларускай статыстыцы, незразумела. 200 тысяч? 500 тысяч? Мільён? Магчыма, у Беларусі ў рэальнасці пражывае ўжо не 9 мільёнаў людзей, а толькі 8? (Нагадаем, што піку насельніцтва Беларусі дасягнула за год да прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, у 1993 годзе. Тады беларусаў было 10,2 мільёна.)

Але ў выніку прапаганда заявіла, што за перыяд ад перапісу да перапісу (за 10 гадоў) колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася ўсяго на 0,4% — нібыта ўсё пад кантролем, змены неістотныя.

Да таго ж эмігранты — і палітычныя, і эканамічныя, — якія з’ехалі з Беларусі пасля 2020 года, таксама па-ранейшаму ўлічваюцца ў агульнай колькасці жыхароў краіны. А іх, па падліках міліцыі, ад 200 да 350 тысяч чалавек.

Чаму гэта важна? Бо працуе просты матэматычны закон: калі лічыць нараджальнасць ад меншай колькасці жыхароў Беларусі (што адпавядае рэчаіснасці), то атрыманы каэфіцыент атрымаецца крыху вышэйшы. Але толькі крыху.

Што будзе ў Беларусі далей?

Апроч сусветных тэндэнцый, у Беларусі ёсць і лакальныя прычыны. Гэта і працяглы эканамічны крызіс — ВУП краіны практычна замер на адным узроўні з 2014 года, а гэта не дае ўпэўнасці ў заўтрашнім дні, — і вымушаны выезд вялікай колькасці маладога насельніцтва, выкліканы масавымі рэпрэсіямі.

Але ёсць адзін фактар, які можа аказаць пазітыўны ўплыў на нараджальнасць у бліжэйшым часе. Адна з прычын цяперашняга абвалу — рэха канца 1980-х і 1990-х. Надышоў час станавіцца бацькамі тым, хто нарадзіўся менавіта ў той час. А тады быў дэмаграфічны спад, выкліканы наступствамі Чарнобыля і эканамічным крызісам.

Падобная сітуацыя і ў Расіі. Там мяркуюць, што колькасць народжаных будзе штогод скарачацца да 2026 года — а пасля пачне натуральна расці. Бо бацькамі стануць людзі, народжаныя з 2000-х. Іх больш, чым прадстаўнікоў папярэдняга пакалення. Таму нейкі часовы рост нараджальнасці мусіць быць. Найхутчэй, падобная тэндэнцыя зафіксуецца і ў Беларусі.

Праўда, цяжка нават уявіць, як цяперашняя лукашэнкаўская палітыка адаб’ецца на дэмаграфіі ў 2040-я, калі гукнецца ўжо цяперашні спад.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)