Политика

«Гэты крок аказаўся абсалютна пустым». Экспэрт – пра ядзерныя гульні Пуціна і Беларусь

Навуковы супрацоўнік Цэнтра міжнароднай і абароннай палітыкі Ўнівэрсытэту Queen’s у Канадзе Максім Старчак – пра абнаўленне ядзернай дактрыны Расеі.

У інтэрв’ю Радыё Свабода экспэрт у расейскай ядзернай зброі адзначыў, што гэта чарговая спроба напалохаць Захад і ўнесьці ва ўкраінска-расейскі канфлікт ядзерны фактар. Гэта спроба заявіць Захаду, што ў выпадку неабходнасьці Расея будзе здольная выкарыстаць ядзерную зброю.

– Пуцін гэтым разам афіцыйна заявіў, што Беларусь знаходзіцца пад поўным ядзерным парасонам Расейскай Фэдэрацыі. Раней гэтага афіцыйна ня было.

Гаворка раней ішла, што Беларусь можа быць абароненая ядзернымі ракетамі РФ, калі на Беларусь будзе ўчынены напад балістычнымі ракетамі або іншай зброяй масавага паражэньня. А цяпер Пуцін кажа, што любы напад на Беларусь можа мець ядзерны адказ — гаворыць Старчак.

Разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі ня мае вялікага вайсковага значэньня, перакананы экспэрт. Ён называе гэта дадатковым палітычным крокам Расеі і Беларусі, каб аказаць ціск на Захад і ЗША, унесьці ў канфлікт ядзерны факт.

– Магчыма яны чакалі, што Захад таксама адкажа чымсьці ядзерным і тады б узьнікла нагода для перамоваў і дамоваў. Але адказу на гэты крок яны не атрымалі. Таму гэты крок аказаўся абсалютна пустым, — лічыць Максім Старчак.

Ён таксама адзначыў:

– Новая ядзерная дактрына Расеі нічога канкрэтнага яна ня кажа, усё тыя ж двухсэнсоўныя няпэўныя фармулёўкі. Захад і раней асьцерагаўся Расеі і яе ядзернай рэакцыі. Дадатковых страхаў быць не павінна, бо Захаду няма чым узмацняць вайсковы ціск на Расею. Атака дальнабойнымі ракетамі і раней ня ўсімі падтрымлівалася. Цяпер будуць яшчэ больш абачліва падыходзіць да гэтага…

Урэшце, Пуцін на нарадзе адзначыў, што выкарыстаньне ядзернай зброі — гэта па-ранейшаму крайняя мера. Так што ў стаўленьні да выкарыстаньня ядзернай зброі нічога не памянялася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)