Филин

Сяргей Васілеўскі

Гісторык Пашкевіч: «У адрозненне ад Брэжнева, Лукашэнка – фігура больш злавесная»

Як у Беларусі ўсталёўваўся культ асобы? І ў чым яго падабенства і адрозненне ад класічных прыкладаў? Пра гэта Филин пагутарыў з гісторыкам, сябрам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандрам Пашкевічам.

Аляксандр Пашкевіч

— Сёння адмыслоўцы кажуць пра стварэнне культу асобы Лукашэнкі, пра заўважную актывізацыю гэтага працэсу. На вашу думку, што магло падштурхнуць гэты працэс, якія прычыны? І ці праглядаецца нейкая кропка адліку, калі гэта ўсё пачалося?

— Культ асобы Лукашэнкі, можа не ў самым клінічным выглядзе, пачаў фармавацца ад самага ягонага прыходу да ўлады. Ён прадстаўляўся і ягонымі паплечнікамі, і ім самім, як чалавек, які фактычна не памыляецца. Як чалавек асаблівы, богам памечаны. «Прэзідэнтамі не робяцца, а нараджаюцца», як ён сам казаў.

На такім узроўні гэта ўсё, канечне, прысутнічала і закладала пэўную базу.

Іншая рэч, што ў адрозненне ад класічных культаў, якія мы ведаем, гэта не набывала выразнай вонкавай формы — калі паўсюль вешаюць партрэты, вуліцы называюцца, помнікі ставяцца, адусюль гучаць хваласпевы.

Такога яшчэ не было ў нас, і да такой вострай формы не дайшло нават цяпер. Хоць мы бачым, што гэтага ўсяго ў публічнай прасторы робіцца ўсё больш.

Па вялікім рахунку, гэты культ, які быў умераны, у пэўнай ступені прыхаваны, цяпер выходзіць на публічныя пазіцыі. І калі казаць пра тое, што будзе далей, можна прагназаваць, што гэта ўсё будзе абвастрацца.

Што тут стала прычынай, чаму гэта менавіта цяпер абвастрылася? Відавочна, гэтаму паспрыялі падзеі 2020-га, калі Лукашэнка страціў сваю ўнутраную легітымнасць. Калі стала зразумела, што народ у сваёй большасці яго не падтрымлівае, што ён хоча перамен.

Узніклі пратэсты, якія былі задушаныя ўладамі. Але адным задушэннем пратэстаў вярнуць народную любоў немагчыма, таму Лукашэнку ствараюць нейкую іншую легітымнасць. Пачынаюць ствараць з яго звышчалавека, без якога ўсё даўно б развалілася. Адпаведна, гэта ўсё праяўляецца ў публічнай прасторы.

Акрамя таго, чыноўнікі, якія бачылі, як усё загайдалася пасля 2020-га, адчуваюць патрэбу праяўляць бясконцую лаяльнасць да лідара. І вось гэтае публічнае ўсхваленне, славаслоўе, якое дэманструе лаяльнасць — гэта самы просты варыянт для чыноўнікаў.

— Вы ўжо параўналі культ асобы Лукашэнкі з класічнымі прыкладамі. Ці можна сказаць, што ў гэтым і ёсць унікальнасць нашай гісторыі — тое, што ў Беларусі гэты працэс актывізаваўся не на ўздыме папулярнасці дыктатара, як гэта было з тым жа Сталіным, а наадварот, калі многія адвярнуліся ад яго? Якія яшчэ ўнікальныя рысы ёсць у нашым выпадку?

— Падобныя прыклады, калі культы асобы ўзнікалі такім чынам, можна знайсці ў свеце. Нашая ж асаблівасць у параўнанні з тым жа Сталіным у тым, як сапраўды вы адзначылі, што па знешніх праявах ён пачынае фармавацца тады, калі Лукашэнка ўжо відавочна страціў папулярнасць.

Калі ён прайшоў праз публічнае прыніжэнне. Можна прыгадаць, як народ на МЗКТ крычаў яму ў твар «сыходзь!», а ён на той момант нічога з гэтым не мог зрабіць. Калі тысячы людзей выходзілі на вуліцы і скандавалі: «Далоў дзеда!»

Канечне, гэта адрознівае яго ад звычайных культаў, калі лідар надзвычай папулярны, калі ён мае моцную падтрымку сярод вялікай часткі насельніцтва. Калі многія яго насамрэч любяць і паважаюць, а не ўсляўляюць выключна з-за страху.

Гэта, безумоўна, накладае свой адбітак і робіць гэты культ даволі карыкатурным, калі зусім немаладога, даволі слабога здароўем чалавека пачынаюць узносіць і ўсхваляць, хоць ягоны знешні выгляд і вобраз не адпавядаюць гэтаму.

І ў гэтым сэнсе можна сказаць, што гэты культ больш падобны да Брэжнева ў часы позняга СССР. Калі чалавеку, які выглядаў карыкатурна, якога недарэчна было прадстаўляць звышчалавекам, шматлікія падхалімы стваралі менавіта такі вобраз.

Што і прыводзіла да таго, што пра яго ў выніку складаліся цэлыя зборнікі анекдотаў. Праз гэты культ Брэжнеў застаўся ў гісторыі як хваравіты стары, які застаўся на сваёй пасадзе і выглядаў пры гэтым смешна.

І Лукашэнка, улічваючы тое, што стан ягонага здароўя не паказвае станоўчай дынамікі, цалкам можа ператварыцца ў такога Брэжнева. Калі з чалавека, які ўжо павінен даўно адпачываць, па вялікім рахунку, робяць ікону.

Іншая рэч, што ў адрозненне ад Брэжнева, і тут ёсць большае падабенства са Сталіным — Лукашэнка фігура больш злавесная. Ён не выглядае на бяскрыўднага старога, які кіруе адносна мяккім рэжымам, не праводзіць жорсткія рэпрэсіі і пры якім можна адносна спакойна жыць, не парушаючы пэўныя правілы. 

Лукашэнка ўсё ж тыран, ён жорсткі, бязлітасны, ён злачынца.

Нарастанне такога культу часта прыводзіць да трагікамедыі. Ён можа быць у нечым карыкатурным, камічным, але ў ім заўсёды ёсць месца і сапраўднай трагедыі.

— Улады анансавалі пабудову новага гістарычнага музея. Робіцца гэта спехам, нібы замоўца і арганізатары баяцца не паспець. Што будзе са спадчынай Лукашэнкі ў будучыні? Зразумела, што святкаванне 7 лістапада і 3 ліпеня, роўна як і Купалле ў Александрыі, могуць знікнуць з календара. А што будзе з усімі гэтымі палацамі, пабудаванымі ў азіяцкім стылі?

— Тут шмат што будзе залежаць ад таго, як далей будуць развівацца падзеі, што будзе пасля Лукашэнкі. Ці гэта будуць нейкія рэвалюцыйныя змены, ці гэта будзе эвалюцыйнае развіццё, калі лукашэнкаўскія паплечнікі прыйдуць пасля яго і правядуць мяккае рэфармаванне палітычнай сістэмы.

Можна паглядзець на досвед нашых суседзяў, якія ў свой час былі фактычна пад акупацыяй, жылі ў падобнай сістэме, якім многае было штучна накінута без іх жадання, а па волі аўтарытарных кіраўнікоў.

У іх практыцы такім будынкам стараліся надаць іншае прымяненне, усё запар зносіць яны не кідаліся. Напрыклад, у цэнтры Варшавы Палац культуры і навукі застаўся і стаіць да гэтай пары. І ў Бухарэсце гігантычны будынак парламента захаваўся.

Таму я не думаю, што ўсе гэтыя будынкі, збудаваныя пры Лукашэнку, будуць дэмантаваныя. Як правіла, наконт гэтага ўзнікаюць дыскусіі ў грамадстве, у выніку гэтыя аб’екты неяк прыстасоўваюць.

Таму тут я так адназначна не скажу. Хаця, на хвалі рэвалюцыйных перамен бывае так, што той ці іншы будынак вырашаюць знесці.

А ў дадзеным выпадку гаворка пра тое, што яшчэ нават не пабудавалі. Трэба яшчэ глядзець, як ён будзе ўпісвацца ў агульны ансамбль. Пакуль пра гэта яшчэ рана гаварыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(10)