Политика

Карбалевіч: «Калі чыноўнікі перасталі баяцца найвышэйшага гневу, то гэта дрэнны сымптом для ўладара»

Новую нараду аб Віцебскай вобласьці Лукашэнку давялося праводзіць не дзеля абмеркаваньня праекту ўказу, а каб паказаць тамтэйшым чыноўнікам, хто ў хаце гаспадар. Бо калі яны перасталі баяцца найвышэйшага гневу, то гэта дрэнны сымптом для ўладара, піша на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Увесь 2025 год Лукашэнка шмат разоў згадваў Віцебскую вобласьць як «знак бяды», як рэгіён заняпаду. Дзеля выратаваньня сытуацыі 24 кастрычніка летась у Віцебску адбылася нарада аб разьвіцьці рэгіёну. Лукашэнка тады канстатаваў «абуральныя факты безгаспадарлівасьці, разгільдзяйства». Але, выглядае, вынікаў тая нарада не дала. Таму ўзьнікла тэрміновая неабходнасьць рабіць новыя захады, каб выратаваць сытуацыю.

Валер Карбалевіч

15 студзеня новым кіраўніком Віцебскай вобласьці прызначаны Аляксандр Рагожнік. Здавалася б, паводле нармальнай лёгікі, варта было б даць новаму старшыні аблвыканкаму час асвоіцца на новай пасадзе, увайсьці ў курс справаў.

Але не. 3 лютага Аляксандр Лукашэнка раптам правёў новую нараду на тэму, якая стала ўжо амаль дзяжурнай: што далей рабіць зь Віцебскай вобласьцю? Фармальна нарада прысьвечаная абмеркаваньню праекту ўказу аб адтэрміноўцы выплаты даўгоў гэтым рэгіёнам.

Лукашэнка чарговы раз прызнаў, што за ўсімі чыноўнікамі сочаць, праслухоўваюць іх кулюарныя размовы

Аднак, падаецца, сэнс нарады больш глыбокі. Лукашэнка адрынуў праект указу, бо ён у цяперашнім выглядзе «ні к чорту не прыдатны». Але каб адмовіцца падпісваць гэты дакумэнт, такую вялікую нараду праводзіць не абавязкова. Таму, гледзячы па ўсім, у гэтым пытаньні ёсьць другі пласт, прыхаваны палітычны падтэкст.

Лукашэнка на нарадзе патлумачыў, чаму вымушаны быў зьняць з пасады былога кіраўніка Віцебшчыны Аляксандра Субоціна. І ягоны аповед вельмі паказальны:

«Разьвітваючыся з губэрнатарам пасьля нарады (у кастрычніку 2025 году ў Віцебску. — заўвага БелТА), я думаў, што ён заўтра пабяжыць на адну фэрму, на другую, на трэцюю. Хоць зь людзьмі пагаворыць, паставіць ім задачы. Нікіціна (намесьніца старшыні Віцебскага аблвыканкаму. — РС) сьледам пабяжыць разам зь іншымі. А не пабеглі. Мы праманіторылі… Некаторыя, паводле апэратыўнай інфармацыі (мы ж гэта таксама праманіторылі), гавораць: «Ну нічога, час пройдзе, усё ўляжацца»… Разумеючы, што як было, так і будзе ў Віцебскай вобласьці, мне давялося замяніць губэрнатара».

У гэтым сюжэце два цікавыя моманты. Па-першае, Лукашэнка чарговы раз прызнаў, што за ўсімі чыноўнікамі сочаць, праслухоўваюць іх кулюарныя размовы. Гэта цяпер называецца «праманіторылі». То бок сочаць ня толькі за апазыцыянэрамі, але і за высокімі намэнклятурнікамі. У несвабоднай краіне «пад каўпаком» усе.

І вось што выявіў «маніторынг». Ня толькі Субоцін зь Нікіцінай не пабеглі выконваць загады Лукашэнкі. Аказваецца, і іншыя высокія чыноўнікі паставіліся да дырэктываў Лукашэнкі абыякава. Маўляў, «усё ўляжацца», ня варта моцна зьвяртаць увагі. То бок разносаў Лукашэнкі перасталі баяцца. І вось гэта якраз моцна зачапіла ўладара.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Высьветліліся яшчэ цікавейшыя рэчы. Аказваецца, калі кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Дзьмітры Круты прадставіў кіроўнаму складу вобласьці новага старшыню аблвыканкаму Аляксандра Рагожніка, то, паводле словаў Лукашэнкі, «там бурнымі воплескамі праводзілі былога губэрнатара: «Ах, добры чалавек!»

То бок чыноўніка, які праваліў справу, не пабег выконваць загады Лукашэнкі, трапіў амаль што ў няміласьць, мясцовыя чыноўнікі ацанілі вельмі высока. Як такое можа быць? Гэта ж амаль «бунт на караблі». І Лукашэнка не хаваў свайго абурэньня. І нават уступіў у спрэчку.

Зьвяртаючыся да намесьніцы старшыні Віцебскага аблвыканкаму Анжалікі Нікіцінай, Лукашэнка заявіў: «Спадарыня Нікіціна, вам для ведама, каб вы разумелі, што добры чалавек — гэта яшчэ ня добры прафэсіянал… Вы можаце пляскаць у ладкі колькі заўгодна. Але лічбы — найжорсткая рэч».

І Лукашэнка стаў прыводзіць лічбы, даказваючы, у якім правале Віцебская вобласьць: «У выніку году аб’ёмы вытворчасьці зьніжаныя практычна ўва ўсіх галінах прамысловасьці — мінус 4%. У асобных кірунках — нафтаперапрацоўка, машынабудаваньне — амаль на 20%… Да непрыстойных значэньняў — у паўтара раза — абваліўся экспарт тавараў.

А гэта значыць, краіна недаатрымала амаль $2 млрд (паводле статыстыкі — $1,9 млрд). Няма паляпшэньняў у сельскай гаспадарцы — мінус 2,7%… І гэта ж да папярэдняга году, які таксама быў правальны».

«Вось вашыя воплескі самім сабе!» — падсумаваў Лукашэнка. І дадаў: «Таму перш чым квакаць, радавацца, што вось Субоцін абараніў вобласьць… Раскажыце новаму губэрнатару, як усё было».

Выглядае, што новую нараду аб Віцебскай вобласьці Лукашэнку давялося праводзіць не дзеля абмеркаваньня праекту ўказу, а каб паказаць тамтэйшым чыноўнікам, хто ў хаце гаспадар. Бо калі яны перасталі баяцца найвышэйшага гневу, то гэта дрэнны сымптом для ўладара.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(4)