Филин

Ірына Марозава

Казакевіч: Варта чакаць не дэмаршаў, не выхадаў з АДКБ, а згортвання актыўнасці арганізацыі

Палітолаг — пра ўражанні ад саміту АДКБ, дзе саюзнікі так і не дамовіліся па армяна-азербайджанскім пытанні.

Саміт АДКБ, які адбыўся 23 лістапада ў Ерэване, адзначыўся пратэстамі армянскіх актывістаў, дэманстратыўным адсоўваннем лідараў іншых краін ад Уладзіміра Пуціна на калектыўным фота і адмовай прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна падпісваць выніковую дэкларацыю.

Фота Уладзімір Смірноў, РИА Новости

Таксама Пашынян не стаў падпісваць і дакумент аб сумесных мерах па аказанню дапамогі Арменіі паколькі саюзнікі «не далі выразнай палітычнай ацэнкі дзеянням Азербайджана», а праект дапамогі «недастаткова прапрацаваны».

Ці значыць гэта, што ў шэрагах саюзнікаў адзінства і ўзаемападтрымкі няма, і па сутнасці, Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы — усё? Якія галоўныя высновы і ўражанні пакінуў цяперашні саміт? Гэтыя пытанні Филин задаў палітолагу, дырэктару інстытута «Палітычная сфера» Андрэю Казакевічу.

Андрэй Казакевіч

— Нельга сказаць, што АДКБ развальваецца як структура, але, канешне, на дадзены момант знаходзіцца ў крызісе, — зазначае эксперт. — Зрэшты, і да гэтага ставілася пад пытанне яе здольнасць як абарончага блоку вырашаць сумесныя задачы.

У прыватнасці, калі ўзнікла праблема з талібамі ў краінах Сярэдняй Азіі, было пытанне, наколькі АДКБ можа дапамагчы вырашыць гэтыя задачы. Пэўныя намаганні ў гэтым кірунку рабіліся, і калі паглядзець на ранейшыя саміты арганізацыі, там прадугледжваліся некаторыя мерапрыемствы, якія мусілі ліквідаваць пагрозу прыходу талібаў да ўлады.

Адносна паспяховай, гаворыць Андрэй Казакевіч, можна лічыць акцыю АДКБ у студзені 2022 года, — прынамсі, выглядала так, што кантынгент АДКБ паспрыяў стабілізацыі сітуацыі ў Казахстане.

— Тым не менш, праблем значна больш, чым нейкіх дасягненняў. Бо вайна ва Украіне натуральным чынам зрабіла Расію вельмі таксічным саюзнікам. Сур’ёзнае супрацоўніцтва з РФ значыць аўтаматычнае пагаршэнне стасункаў з Захадам, што выразна адчуваюць  усе партнёры па АДКБ (акрамя Беларусі, якая выступае ў вайне на баку Расіі).

Акрамя таго, дадае эксперт, Расія як аснова для арганізацыі становіцца слабой у ваенным плане, ужо не маючы рэсурсаў для таго, каб ажыццяўляць і фінансавую дапамогу, і вучэнні, і пастаўкі зброі ў ранейшых аб’ёмах. А паколькі магчымасці Расіі змяншаюцца, зніжаецца і цікавасць іншых краін да яе.

— Апошні, але самы важны момант, звязаны з крызісам на Паўночным Каўказе ў стасунках паміж Арменіяй і Азербайджанам. Зусім нядаўна паміж імі зноў адбыліся сутыкненні — прычым гэтым разам на прызнанай тэрыторыі Арменіі, як сцвярджае, прынамсі, армянскі бок, — згадвае палітолаг, — і загінула больш 200 чалавек з абодвух бакоў.

То бок, размова ўжо ішла не пра Нагорны Карабах, які не прызнаны і лічыцца краінамі-сябрамі АДКБ тэрыторыяй Азербайджана. Але АДКБ ніякім чынам не адрэагавала на гэтае абвастрэнне (хоць Арменія ў верасні 2022 года звярнулася ў АДКБ, запрасіўшы ваенную дапамогу «для аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці краіны» і вываду азербайджанскіх вайскоўцаў — Ф.).

Арганізацыя фактычна не стала на бок уласнага саюзніка, хоць у гэтым перш за ўсё і ёсць яе сэнс, у абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краін-чальцоў. Цюркскія краіны негалосна падтрымалі Азербайджан, бо з розных прычын не маглі выступіць у падтрымку Арменіі. Расія, хаця фармальна захавала бесстароннюю пазіцыю, але ўлічваючы, што ваенныя патэнцыялы Арменіі і Азербайджана вельмі розныя, то фактычна гэта была падтрымка Азербайджана.

У такой сітуацыі, канешне, узнікае пытанне: навошта ўвогуле быць часткай гэтага саюза? Перадусім такое пытанне паўстае перад Арменіяй, бо адзінай прычынай, чаму краіна арыентавалася на Расію, было пытанне бяспекі, карабахская праблема і спадзевы на тое, што Расія выратуе, калі нешта адбудзецца.

Але, як мы бачым, Расія не выратавала — ні калі здарылася чарговае абвастрэнне ў Нагорным Карабаху, ні калі трапіла пад удар ужо сама Арменія.

Усё гэта ставіць Арменію ў складаную сітуацыю, пагаршае яе перамоўныя пазіцыі з Азербайджанам, і ў прынцыпе, выводзіць АДКБ і ў значнай ступені Расію з перамоўнага працэсу. Асноўнымі пасярэднікамі для перамоваў зараз з’яўляецца Еўрасаюз, у меншай ступені ў яго ўключаныя Злучаныя Штаты, і ў выніку самі перамовы вядуцца ў Бруселі, а не ў Маскве.

— Ці можа стаць, у такім выпадку, Арменія першай краінай, хто скажа «навошта нам такая АДКБ, якая не працуе і не бароніць сваіх саюзнікаў»?

— Гэта будзе не першая краіна, якая выйдзе з АДКБ — у свой час тое зрабіў Узбекістан. І зараз такое магчыма. Але не думаю, што Арменія будзе рабіць нейкі дэмарш — проста таму, што сёння  яна мае хоць нейкую падтрымку, пляцоўку, дзе можна прасоўваць свае пазіцыі, а што атрымае ад выхаду?

Хаця пасля заключэння дамовы з Азербайджанам, асабліва калі роля АДКБ і Расіі ў гэтым будзе мінімальная, такое пытанне паўстане вельмі востра, і яно ўжо ўздымаецца ва ўнутрыпалітычнай дыскусіі ў Арменіі.

Зрэшты, на думку Андрэя Казакевіча, у найбліжэйшы час варта чакаць не выхадаў з АДКБ, а хутчэй згортвання актыўнасці арганізацыі, якая і без таго была не надта высокай. Яна можа ператварыцца ў цалкам фармальную, і краіны «не будуць удзельнічаць у сумесных мерапрыемствах па гэтай лініі, а агучаныя раней праграмы будуць згорнутыя ці сабатаваныя», і такім чынам АДКБ будзе паступова знікаць.

— Што гэта значыць для афіцыйнага Мінска, які пераняў старшынства ў АДКБ, і Лукашэнка ўжо агучыў прыярытэты, мэты і планы па развіцці арганізацыі?

— Гэта стане яшчэ адным крокам да знешнепалітычнай ізаляцыі, яшчэ большай завязкай на Расію. Дагэтуль мелася яшчэ адна міжнародная пляцоўка, дзе можна было згуляць у пэўную палітычную гульню, уплываць на павестку не толькі ў стасунках з РФ, але і з іншымі краінамі постсавецкай прасторы, прычым некаторыя з гэтых краін ёсць дастаткова важнымі партнёрамі, — у прыватнасці, Казахстан.

Нельга сказаць, каб гэта было крытычна важным, але так, Беларусь будзе яшчэ больш выключацца з рэгіянальнай павесткі, калі мы кажам пра постсавецкую прастору, застанецца менш магчымасцяў для прасоўвання сваіх інтарэсаў, разумення таго, што адбываецца ў рэгіёне, сустрэч з лідарамі краін і падтрымкі двухбаковых стасункаў.

Лукашэнка заўсёды рабіў вялікія стаўкі на АДКБ як структуру, якая, з аднаго бок, апякуецца бяспекай у рэгіёне, а з другога, крыху балансуе Расію, і можна было часам згуляць з іншымі партнёрамі, крыху паслабляючы расейскі ўплыў. Цяпер гэты механізм будзе замарожаны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)