«Колькі ёй было ў 2020-м? Дзіцёнак! Але яна стаіць і распавядае пра Рамана Бандарэнку»
У Варшаве ўжо амаль чатыры гады працуе Музей Вольнай Беларусі. За гэты час у калекцыі музея ўжо каля тысячы экспанатаў.
Дарэчы, фонд папоўніўся бюлэтенямі, якія ўлады спрабавалі спаліць 10-11 жніўня 2020 года. А 9 чэрвеня адкрыецца выстава з рэчамі, якія нядаўна былі вывезеныя з Беларусі.
Дырэктарка музея Наталля Задзяркоўская распавяла «Салідарнасці» пра беларускія каштоўнасці, гістарычныя рэчы, якія беларусы вымушаны захоўваць у зямлі, а таксама культуру ў краіне і эміграцыі, якую не трэба падзяляць.
— Асноўная частка экспанатаў музея звязана з падзеямі 2020 года. Калі толькі адчыняліся, гэта быў наш галоўны накірунак. Але сёння храналогія нашых фондаў пашырана, — распавядае Наталля. — Зразумела, што 2020 год не пачаўся знянацку — ёсць шмат імёнаў, падзей і рэчаў, якія адлюстроўваюць нялёгкі, часам трагічны шлях беларусаў да волі і дэмакратыі. Таму цяпер мы збіраем рэчы і іншых перыядаў.
— Калі пытаюць, які экспанат для мяне больш каштоўны, заўсёды кажу, што яны для мяне аднолькавыя. Але гэта і так, і не так.
Безумоўна, асабліва памятаю прадметы, якія першымі патрапілі ў фонд. Напрыклад, карціну Настассі Рыдлеўскай, якую яна напісала ў дзень гібелі Рамана Бандарэнкі.
Хутка ў нас будзе выстава, дзе можна будзе ўбачыць пасведчанне Святланы Ціханоўскай як кандыдаткі ў прэзідэнты. Мне падаецца, гэта звышважны для сучаснай гісторыі Беларусі дакумент. Калі разважаць як музейшчык, то вельмі каштоўныя таксама прадметы, звязаныя з БНР.
Ёсць рэчы, якія не з’яўляюцца нейкімі рарытэтнымі, але за імі стаяць кранальныя чалавечыя гісторыі. Іх шмат у калекцыях палітвязняў.
Запомніўся таксама выпадак. Прыйшоў да нас неяк былы палітвязень, прынёс у музей экспанат. Пакуль мы афармлялі акт перадачы і размаўлялі, заўважылі ў яго нататніку невялічкі папяровы бчб-сцяжок — пакамячаны, з адарваным вуглом.
Пытаем: «А гэта ў вас што?». Адказвае, што заўважыў гэты сцяжок у натоўпе ў 2020-м — напэўна, у кагосьці выпаў, а астатнія не заўважылі і хадзілі па ім. Падняў і захаваў.
Сцяг чакаў палітвязня з турмы, а потым пераехаў з ім у іншую краіну. Мы прапанавалі аддаць сцяжок у фонд музея, дадаць гісторыю. Але мужчына падумаў і сказаў, што пакуль не гатовы з ім развітвацца, бо гэты сцяг — напамін аб самым шчаслівым моманце ў жыцці.
Уявіце: 2020 год правёў яго праз турму і прывёў у эміграцыю, але гэты сцяжок — напамін пра шчаслівыя моманты.
Зусім нядаўна сцяг усё ж апынуўся ў калекцыі музея, і ён для мяне асаблівы. Бо ёсць рэчы, якія вельмі каштоўныя і разам з гэтым вельмі зразумелыя для многіх беларусаў.
— На мой погляд, вельмі важна, што ў калекцыі музея нядаўна з’явіліся бюлетэні, якія спрабавалі спаліць 10-11 жніўня 2020-га, але іх выратавалі.
— Так. Мы яшчэ іх не выстаўлялі, але не стрымаліся разам з Палінай (Шарэнда-Панасюк, якая перадала бюлетэні ў музей — С.) і вырашылі апублічыць гэтую інфармацыю. Гэта вельмі каштоўныя матэрыялы з усіх пунктаў гледжання. І яны выклікаюць у беларусаў эмоцыі, бо бюлетэні спальвалі, але яны захаваліся.
9 чэрвеня ў музеі будзе адчынена яшчэ адна важная выстава — «Дэпатрыяцыя», працягвае Наталля. Наведвальнікі змогуць убачыць матэрыялы, якія цягам апошніх шасці месяцаў вывозіліся з Беларусі.
— Гэта была вельмі цяжкая праца, якую мы рабілі разам з прадстаўніком BELPOL. Не атрымалася вывезці столькі, колькі марылі, але мы рады, што гэта ўвогуле стала магчымым. У асноўным гэта папяровыя рэчы, дакументы.
Важна таксама, што падчас усяго працэсу мы даведаліся шмат гісторый пра рэчы, якія беларусы закопваюць, чакаючы лепшых часоў. Людзі вераць, што надыйдзе час, і яны іх выкапаюць. Столькі ўсяго цяпер захоўвае ў сабе беларуская зямля...
Спецыяльна для такіх выпадкаў у чэрвені будзе два навучальных семінары, дзе музейныя спецыялісты дадуць рэкамендацыі па фізічным захаванні прадметаў, каб пазбегчы пашкоджанняў.
— Калі музей толькі адкрываўся, меркавалася, што сабраная калекцыя будзе знаходзіцца тут часова, і неўзабаве з'явіцца магчымасць перавезці яе ў Беларусь. Аднак праз амаль чатыры гады, на жаль, рэчы ўсё яшчэ вывозяцца з Беларусі ў Польшчу…
— Спадзяемся, што на гэтым шляху будзе і адваротнае. Сапраўды, адразу была канцэпцыя, што ўсе рэчы збіраюцца ў Варшаве на невялікі час. Яна захавалася, проста ўсё расцягнулася па часе.
— Стратэгія, паводле якой месца гэтых рэчаў у Беларусі, застаецца нязменнай. Чакаем лепшых часоў, выбудоўваем доўгатэрміновыя варыянты развіцця музея. Бо музей — інстытуцыя, якая рэагуе на тое, што адбываецца.
Паралельна ўзнікае думка, што нават пасля перамен і таго, як экспанаты будуць перавезены ў Беларусь, хацелася б захаваць гэта месца ў Варшаве як гісторыю палітычнай міграцыі беларусаў у Польшчу. Да таго ж, зразумела, што частка людзей застанецца тут. Таму мы можам пакінуць у Варшаве копіі матэрыялаў.
— Чым жыве музей, акрамя выстаў? Ведаю, што тут праводзяцца і вечары памяці (напрыклад, Алеся Пушкіна), і граюць спектаклі.
— Калі ўсё толькі пачыналася, мы адразу заявілі, што мы — музей. Але спачатку больш працавалі як культурніцкая прастора, як цэнтр камунікацыі, бо гэта было больш запатрабавана. Людзі пераязджалі, і ім патрэбна было месца сілы. Гэты кірунак, на які мы не ставілі, цяпер ужо на роўных з музейным напрамкам. Ёсць у нас і спектаклі, і канцэрты, і іншыя імпрэзы.
Мы працягваем трымаць добры ўровень наведвальнасці — у траўні было 1072 чалавекі, не ўлічваючы дзве выяздныя выставы. Трымаць такі ўзровень з кожным годам складаней, бо першыя гады да нас ішлі проста таму, што ёсць такое месца. Цяпер у Польшчы шмат беларускіх пляцовак, дзе таксама праводзяцца цікавыя імпрэзы. Я ўжо не кажу пра канкурэнцыю з боку польскіх музеяў.
— Мы разумеем, што каб трымаць увагу да сябе, якасць нашага культурніцкага праекта павінна быць на вышэйшым узроўні. У тым ліку мы пачынаем выходзіць на польскую аўдыторыю — не толькі як пляцоўка, а са сваім прадуктам. Дзякуючы гэтаму вяртаем увагу палякаў да беларускай тэмы. І тое, што адбываецца ў суседняй краіне, вельмі ўражвае іх. Бываюць слёзы, бывае проста здзіўленне — што такое ўвогуле магчыма.
Але бадай самым каштоўным для музея, працягвае суразмоўніца «Салідарнасці», з’яўляюцца людзі, якія прыязджаюць з Беларусі.
— Прыязджаюць па сваіх справах, а потым прыходзяць да нас патаемнымі сцежкамі. Іх рэакцыя на выставы бывае вельмі эмацыйнай. Мяне ўразіла адна гісторыя.
Падчас адной з выстаў я пачула голас двух дзяўчат — недзе 15 і 11 гадоў. Старэйшая распавядала малодшай пра рэчы Рамана Бандарэнкі (мы тады выставілі яго фарбы). Падышла пазнаёміцца.
Высвятлілася: дзяўчаты разам з бацькамі праездам у Варшаве. Прыехалі з Беларусі, таму бацькі не рызыкнулі зайсці ў памяшканне.
Колькі было старэйшай у 2020-м? Дзіцёнак! Але яна стаіць і распавядае пра Рамана Бандарэнку.
Я адразу перадала павагу іх бацькам. І зразумела, што ў Беларусі ведаюць і памятаюць. Як бы ні намагалася прапаганда, там шмат людзей, для якіх гэты перыяд — вельмі важны. І яны распавядаюць пра яго сваім дзецям.
— А ці сочыце вы за тым, што адбываецца цяпер у беларускай культуры ўнутры краіны? Вы працавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы, у міністэрстве культуры, арганізоўвалі фестывалі. Наколькі ўсё змянілася з таго часу, як вы сыйшлі?
— Не вельмі сачу: не хапае часу і не хочацца дадаткова перажываць. Усе змены ў заканадаўстве цяпер скіраваны на ўзмацненне цэнзуры, што адсякае шмат цікавых рэчаў, якія немагчыма правесці.
Да таго ж, ёсць кадравая праблема, бо правяраецца біяграфія кожнага ўдзельніка таго ці іншага мерапрыемства. Вельмі моцная цэнзура — не дай божа, каб прасачылася штосьці крамольнае.
Калі казаць пра апошнія скасаванні фестываляў, то зразумела, што з 2020-га ўлады не любяць натоўпаў — ёсць асцярогі, што штосьці можа пайсці не так.
Вельмі шкада ў гэтым плане творчых людзей, якія засталіся ў Беларусі. А засталося шмат класных спецыялістаў, якія аналізуюць і ведаюць, што адбываецца, але вымушаны працаваць ва ўмовах жорсткай знешняй і ўнутранай цэнзуры.
Пры гэтым я лічу, што сферу культуры вынішчыць немагчыма. Бо ведаю людзей, якія засталіся, і іх вялікі патэнцыял. Як закапаныя рэчы з сімволікай, літаратура, так і творцы — яны там ёсць, проста вымушаны весці сябе больш-менш ціха.
— Што вы думаеце пра прызначэнне на пасаду міністра культуры Марата Маркава? Акурат пасля гэтага і пачалі адзін за адным адмяняць фестывалі.
— Ні з Чарнецкім (былы міністр культуры — С.), ні з Маркавым я асабіста не сутыкалася. Адзінае, чула водгукі людзей з тэатральнага асяроддзя пра Чарнецкага — і ён неяк не цягнуў на міністра... Бо яму нібыта проста сказалі: пэўны час ты будзеш граць ролю міністра культуры. Ён актор, яму далі ролю, прапісалі рэплікі і дзеянні — у тым ліку рэпрэсіўнага характару.
Маркаў — моцны прапагандыст. З водгукаў тых, хто яго ведае, не дурны чалавек. Вопытны ідэолаг. Менавіта ў гэтым сэнсе ён будзе выкарыстоўваць беларускую культуру — для мэтаў рэжыму. Ён будзе думаць, як ператварыць культуру ў сапраўдны інструмент прапаганды.
— Вы кажаце, што новаўвядзенні накіраваны на ўзмацненне цэнзуры. А як было да 2020-га?
— Цэнзура заўсёды была, проста здараліся перыяды адлігі. Але людзі ўсё роўна знаходзілі мастацкія сродкі, каб выказацца. Была моцная плынь незалежнай культуры, калі працавала галерэя «Ў», «Корпус». Там можна было ўбачыць вельмі класныя рэчы.
Дзяржаўныя ўстановы былі больш абмежаванымі, але нават яны дазвалялі сабе рэчы, якія зараз, на жаль, не могуць. Напрыклад, у музеі Янкі Купалы была галаграма. Але цяпер яна не працуе, і супрацоўнікі на пальцах спрабуюць растлумачыць наведвальнікам, што там павінна быць.
— Нягледзячы на ўсё гэта, беларуская культура працягвае існаваць і ў Беларусі, і ў эміграцыі. У чым, на ваш погляд, яны падобныя, а ў чым, наадварот?
— Я б не падзяляла. Культура адна, проста ўмовы розныя. І мы жывем у час, калі можам бачыць адзін аднаго нават на адлегласці.
У тых, хто за мяжой, зразумела, больш волі і магчымасці выказвацца. Таксама ў іх ёсць магчымасць узаемадзейнічаць з еўрапейскімі актарамі культуры, назапашваць гэты вопыт. Прычым, не толькі творчы. Гэта яшчэ і пра тое, як функцыянаваць, фінансавацца.
Людзі разумеюць, што сваёй працай і талентам можна забяспечыць жыццё. І калі ёсць магчымасць абменьвацца такімі ведамі, гэта вельмі класна і для тых, хто застаецца ў Беларусі. А цяпер ёсць магчымасці для такой камунікацыі.
— Мы ўсё адно ўсе разам. Проста на пэўны момант пра гэта забыліся. Я згодная, што сувязі паміж тымі, хто застаўся і хто з’ехаў, троху паслабелі. Але ёсць шмат мэтанакіраваных дзеянняў, каб вярнуцца да беларускай аўдыторыі.
Напрыклад, адной з мэтаў нашага праекта з рэчамі, якія вывезлі з Беларусі, было якраз наладзіць масты. Мы заўважылі, што страчваем сувязі і захацелі іх вярнуць. Было выдаткавана шмат сіл, каб пераканаць людзей, што гэта бяспечна, чаму гэта трэба. Праект фармальна скончыцца выставай, але спадзяюся, што дасць нам магчымасць падтрымліваць гэтыя сувязі далей.
— Што б вы параілі беларусам унутры краіны і за яе межамі? Не толькі людзям культуры, а ўвогуле.
— Просты адказ: верыць у людзей, якія побач. Людзі, якія жывуць у Беларусі і ведаюць, што сусед пісаў даносы, павінны памятаць, што іншы сусед хаваў у сябе людзей.
Трэба верыць, што вы не адны, што вельмі шмат людзей з падобнымі думкамі, берагчы сябе і ведаць, што ў 2020 годзе натоўп нам не прысніўся, а мільёны людзей нікуды не зніклі. Іх зараз не чуваць, бо тыя, каго менш, грамчэй крычаць. Вялікая колькасць людзей, нягледзячы на нейкія расчараванні, застаюцца адданымі беларускай справе.
Читайте еще
Избранное