Общество

Кацярына Батлейка

Медык: «Калі палітзняволеныя пазбаўляюцца права на закуп прадуктаў, пасылак і перадач, доўгі час знаходзяцца ў ШЫЗА і ПКТ, не здзіўляюць праявы цынгі»

Урач і праваабаронца — пра цынгу як хваробу і чаму, акрамя лячэння, у турме трэба змяняць сістэму абмежаванняў.

15 лютага стала вядома, што ў палітзняволенага Сцяпана Латыпава, які знаходзіцца ў Магілёўскай турме №4, пачалася цынга.

Пра гэта паведаміў Позірк, абапіраючыся на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй. Палітзняволены скардзіцца, што яму не аказваюць медыцынскай дапамогі, не перадаюць лекі.

Сцяпан Латыпаў

Як праяўляецца цынга, і ці страшна захварэць на яе ў турэмных умовах, «Салідарнасць» распытала лекара і праваабаронцу, экс-кіраўніка медслужбы Дэпартаменту выканання пакаранняў Васіля Завадскага.

— Я не буду казаць канкрэтна пра Сцяпана Латыпава, бо нічога невядома, а медычны падыход прынамсі прадугледжвае індывідуальны падыход. Цынга — гэта праява хваробы, якая грунтуецца на недахопе ў арганізме аскарбінавай кіслаты, — тлумачыць Васіль Завадскі.

Васіль Завадскі

— Калі перайсці да ўмоў зняволення, то цалкам згаджуся, што для некаторых катэгорый зняволеных недахоп вітаміну С у арганізме можа быць характэрны. Ці можна ў такіх выпадках паставіць дыягназ цынгі?

Я, напрыклад, доўгі час працаваў у пенітэнцыярнай сістэме (пачынаў у канцы 80-ых гадоў, калі нормы харчавання былі непараўнальна горшыя за цяперашнія), такога дыягназу не ставілі.

Гэта не значыць, што недахопу аскарбінавай кіслаты не было, як і іншых вітамінаў. Адно пытанне — наяўнасць недахопу, другое — пастаноўка дыягназу. За маю практыку ў амаль 40 гадоў у якасці лекара я не сутыкаўся, каб быў выстаўлены дыягназ цынгі проста таму, што пры жаданні гэта праблема даволі лёгка вырашаецца.

Па словах медыка, недахоп аскарбінавай кіслаты з’яўляецца найчасцей з-за таго, што ў рацыёне не хапае гародніны і садавіны — прадуктаў, у якіх прысутнічае аскарбінавая кіслата.

— Гэта даўняя праблема не толькі пенітэнцыярнай сістэмы, а ўвогуле арганізаваных калектываў людзей, дзе харчаванне арганізуецца не самімі людзьмі ці ёсць нейкія іншыя акалічнасці накшталт тых, якія мы ўсе ведаем з літаратуры.

Найперш цынга з’яўлялася раней ў вельмі доўгіх марскіх паходах, калі бралі на карабель ежу, а садавіна і гародніна, зразумела, не магла так доўга захоўвацца. Ці, напрыклад, ва ўмовах вайны.

Сёння я з трывогай магу сказаць, што ў практыцы, пра якую мы чуем, калі палітзняволеныя пазбаўляюцца спатканняў, права на закуп прадуктаў, прымання пасылак і перадач, доўгі час знаходзяцца ў штрафных ізалятарах, памяшканнях камернага тыпу, не здзіўляюць недахоп аскарбінавай кіслаты і праявы цынгі.

Иллюстрация Майкл Скарн / Медиазона

Завадскі адзначае, што цынга мае тры стадыі. Першае, што чалавек можа сам у сябе заўважыць — гэта кроватачывасць дзяснаў. Потым — ломкасць капіляраў. Далей могуць хістацца зубы, а пры запушчанай стадыі лёгка вымацца ці вывальвацца.

— Унутры гэта можа праяўляцца капілярным крывацёкам ў нейкай поласці. Калі не прымаць мер і не лячыць, ідзе негатыўнае развіццё.

Запушчаная цынга можа прывесці да смерці — але гэта з медыцынскай тэорыі, на практыцы найчасцей сутыкаюцца з субклінічнымі ці лёгкімі клінічнымі праявамі.

Калі ўжо ёсць праявы, то метады лячэння — гэта аскарбінавая кіслата ў дражэ ці таблетках, змены ў харчаванні. Пры нармальных акалічнасцях гэта дазваляе прывесці ў норму арганізм.

Як гэта будзе ў пенітэнцыярнай сістэме, цяжка сказаць. Падкрэслю, што гэтыя праблемы са здароўем проста так не мінаюць ні для чалавека, ні для грамадства ў цэлым. Так ці інакш чалавека прыйдзецца лячыць, і калі шмат людзей церпяць на нейкую хваробу, гэта кладзецца і на бюджэт дзяржавы, то бок даводзіць да такога стану проста нельга.

Медык адзначае, што рацыён вязняў не прадугледжвае дастатковай колькасці прадуктаў, дзе шмат аскарбінавай кіслаты.

— У турэмных рамках можна было набыць гэтыя прадукты тым, каму гэта дазволена. На жаль, беларускі закон зараз прадугледжвае абмежаванне права закупляць прадукты харчавання ці атрымліваць іх у пасылках і перадачах. З чалавечага і фармальнага пункту гледжання гэта вялікая памылка.

Па словах праваабаронцы, яму складана ўявіць, што ў сённяшняй беларускай турме ці іншых месцах зняволення могуць здарыцца складаныя праявы цынгі. Іншая справа, калі чалавек знаходзіцца ў штрафным ізалятары ці памяшканні камернага тыпу. Хаця і ў гэтым выпадку прызначыць зняволенаму вітаміны нішто не перашкаджае.

— Іншая справа, што проста прызначыць аскарбінку — гэта нядрэнна, але ўсё ж такі гэта штучны шлях. Нескладана таксама і даць людзям атрымліваць прадукты харчавання з вітамінамі С, Д.

Займацца гэтым павінен не лекар, калі мы кажам пра змены ў нарматыўных дакументах, якія даюць магчымасць забараняць пасылкі і набыццё прадуктаў харчавання.

Лекары павінны пра гэта даносіць, нават калі абстрагавацца ад палітычных аспектаў, чалавечнасці і гуманнасці, а проста з пункту гледжання ўрону для фінансавага стану дзяржаўнага бюджэту.

Лекар падкрэслівае, што прывесці ў норму стан арганізма пры недахопе вітамінаў лёгка і дзеля гэтага трэба прымаць дастаткова простыя меры.

Але неабходна, каб нехта ўзяў на сябе смеласць зрабіць іх. Ёсць прыклады, калі ў час распаўсюджання прастудных хвароб, кавіду дазвалялася зняволеным атрымліваць дадатковыя перадачы з садавінай і гароднінай. Гэта тая практыка, якую можна ўхваляць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(8)