Наша Ніва: Пасол Сідарэнка пакончыў з сабой, не вытрымаў допытаў КДБ
Трагедыя адбылася ў нядзелю, 23 чэрвеня.
МЗС пра смерць Сідарэнкі паведаміла толькі 26 чэрвеня. Прычым гэта было зроблена без дэталяў, сцісла, пасля таго як інфармацыя прайшла ў незалежных СМІ.
Як стала вядома Нашай Ніве, былы пасол у Германіі Дзяніс Сідарэнка скончыў жыццё самагубствам — скокнуў са шматпавярховіка.
Сідарэнка быў амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне надзвычай доўга — з 2016 да 2024 года. Яго вызвалілі ад гэтай пасады ўказам Аляксандра Лукашэнкі 11 сакавіка гэтага года.
Як расказалі «Нашай Ніве» крыніцы, па вяртанні са сваёй пасольскай камандзіроўкі з Германіі, Сідарэнка стаў аб'ектам увагі Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
«Не вылазіў з паліграфаў і допытаў», — расказалі «Нашай Ніве» інфармаваныя суразмоўцы.
Новай пасады ў Міністэрстве замежных спраў Сідарэнка не атрымаў. Хаця работа паслом у Германіі — найбольшай дзяржаве Еўрасаюза, — гэта пасольская пасада вышэйшай лігі.
«Відаць, не вытрымаў таго, што адбываецца», — дадаў іншы інфармаваны суразмоўца.
У Сідарэнкі засталіся дзве дачкі.
У Мінску гавораць, што ўсе кар'ерныя дыпламаты, якія вяртаюцца з ЕС, цяпер становяцца аб'ектамі пільнага аператыўнага вывучэння спецслужбамі.
Раней у лістападзе 2022 памёр 64-гадовы міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Некалькі крыніц таксама назвалі прычынай ягонай смерці самагубства. Пазней, як можна меркаваць, самагубствам скончыў жыццё і 46-гадовы міністр транспарту Аляксей Аўраменка.
Читайте еще
Избранное