Яшчэ раз: Расея атрымлівае ад продажы ўглевадародаў мільярд даляраў у дзень. Значная частка ідзе транзытам праз Украіну.
Навумчык: «Адна фраза Зяленскага — і Пуцін страціць сотні мільёнаў за дзень»
Аргумент на папрок беларусам ад украінцаў.
— Дарагія беларусы! Калі ўкраінскі сябра чарговы раз папракне, што беларусам не ўдалося спыніць праз сваю тэрыторыю расейскія танкі, ракетныя ўстаноўкі і самалёты — не нагадвайце яму, што спрабуюць спыніць, што атрымліваюць за гэта кулі ў калені і суды з пагрозай сьмяротнага пакараньня, — піша палітычны аналітык Сяргей Навумчык.
Пагроза сьмерці ў дні вайны — не аргумэнт.
А проста спытайце, чаму да гэтага часу праз тэрыторыю Украіны няспыннай плыняй імчыць па трубах на Захад расейскі газ. За які Крэмль атрымлівае па амаль мільярду еўра ў дзень. І за які фінансуе вайну з Ўкраінай.
Уявіце, што ў 1942-м, калі ідзе бітва за Сталінград, СССР прадастаўляе сваю тэрыторыю для транзыту Трэцяму Рэйху. І Масква дае ўказаньне Заслонаву забясьпечыць бесперашкодны праход нямецкіх паравозаў праз аршанскі чыгуначны вузел. Каб там ніякім мясцовым не прыйшло ў галаву нямецкія цягнікі пад адхон пускаць. Вайна - вайной, а бізнэс - бізнэсам.
Адрозна ад простага беларуса, пану Зяленскаму ня трэба класьціся на рэйкі і рызыкаваць жыцьцём — дастаткова аддаць каманду і спыніць транзыт праз кіруемую ім тэрыторыю. Адзін тэлефонны званок. 30 секунд. Дзясятак слоў.
Адна фраза Зяленскага — І Пуцін страціць сотні мільёнаў за дзень — тых мільёнаў, якія сёньня ідуць на зьнішчэньне Ўкраіны.
«Дык хіба вы не разумееце, што ўсё вельмі няпроста…» — пачне ўкраінскі сябра.
Разумеем. Ня проста.
Але тады ня трэба патрабаваць ад звычайнага беларуса ахвяраваць жыцьцём там, дзе ўкраінскі прэзыдэнт можа зрабіць адным тэлефонным званком.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное