Перапахаванне Каліноўскага і паўстанцаў. Як гэта было
22 лістапада ў сталіцы Літвы развіталіся з дваццацю ўдзельнiкамі паўстання 1863-1864 гадоў. Сярод іх – Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Серакоўскі.
Перапахаванне Каліноўскага. Фотарэпартаж «Салідарнасці»
17.32. Пасля імшы ў віленскім катэдральным касцёле Святога Станіслава выступіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
У сваёй прамове ён нагадаў, што паўстанцы былі пахаваныя без дамавінаў, са зьвязанымі ззаду рукамі, і засыпаныя вапнай у магільных ямах.
— Мы добра ведаем гэты характэрны барбарскі звычай, які працягваўся «ад белага да чырвонага царызму», — цытуе прэзідэнта Польшчы Радыё Свабода. — У нашых краінах мы ўсё яшчэ знаходзім безыменныя сьмяротныя ямы з трупамі ахвяраў — салдатаў антысавецкай партызанкі, забітых чырвоным рэжымам. Мы таксама помнім пра іх, пра польскіх «праклятых-нязломных салдатаў», пра літоўскіх «лясных братоў» і пра іншых.
Таму што ўсе яны — як тыя 150 гадоў таму, так і тыя 70 гадоў таму — героі для нашых народаў. Усіх іх павінен быў напаткаць такі самы лёс: асуджэньне, зганьбаваньне, пагібель, забыцьцё. Але мы тут, у Цэнтральнай Эўропе, ніколі з гэтым не пагадзіліся. Мы пеставалі памяць пра іх насупроць змоўчваньню, ушаноўвалі іх подзьвігі патаемна, у дамах і на могілках. А сёньня мы робім гэта ўрачыста, разам, бо мы зноў сталі свабоднымі людзьмі, грамадзянамі ўласных сувэрэнных дзяржаваў.
17.10. На могілках у Росах адбылося супольнае набажэнства.
17.00. Польскія і літоўскія жаўнеры перадалі прэзыдэнтам сваіх краін сцягі з гербам Рэчы Паспалітай. Труны паўстанцаў пачалі хаваць у сцяну капліцы.
16.25. Удзельнікі шэсця прыйшлі на віленскія могілкі Росы, дзе адбудзецца пахаванне парэштак паўстанцаў.
16.00. Калона падыйшла да Вострай Брамы, дзе запланаваны прыпынак.
15.45. Калона ідзе па вуліцах горада ў суправаджэнні вайскоўцаў.
15.25. Труны з парэшткамі паўстанцаў вынеслі з сабора. Парэшткі Каліноўскага і Серакоўскага павязуць на могілкі на лафеце асобна ад астатніх — як кіраўнікоў паўстання. Такім чынам ім аддаецца асаблівая пашана. Парэшткі іншых паўстанцаў адвязуць у катафалках. Калону суправаджае ганаровая вайсковая варта.
У бок могілак утвараецца калона з людзей, якія пройдуць шэсцем да Росаў.
14.55. Афіцыйная частка у саборы скончылася, на плошчы рыхтуюцца рушыць на могілкі. Беларусы скандуюць «Жыве Беларусь!»
Карэспандэнты Радыё Свабода перадаюць пра выступ Ігара Петрышэнкі. Чыноўнік прамаўляў па-беларуску, з яго выступу вынікала, што асоба Каліноўскага ўладам не чужая.
У чаканні шэсця
14.20. З прамовы прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды: «Сёння мы сустракаемся тут — палякі, літоўцы, беларусы, латышы, украінцы. Як вольныя людзі, прадстаўнікі вольных народаў, якія з’яўляюцца гаспадарамі сваіх суверэнных дзяржаваў. Тое, пра што марылі нашы продкі. Тое, за што змагаліся са зброяй у руках. Усё гэта мы, сучасныя пакаленні, маем».
З прамовы прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы: «Паўстанцы ішлі на змаганне, бо не бачылі іншага выбару — гэта была не прагматычная палітыка, а барацьба за ідэалы». Па яго словах, у паўстанні ўдзельнічалі літоўцы, беларусы, палякі, украінцы.
14.10. Тэлеканал АНТ адзін з нямногіх дзяржаўных СМІ паведамляе пра перапахаванне паўстанцаў Каліноўскага: «Гістарычнай падзеяй сёння жыве Вільнюс. Сёння там пройдзе цырымонія перапахавання парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863 года, у тым ліку і нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага».
Тым часам на плошчы каля сабора рыхтуюцца да шэсця на могiлкi Росы.
12.35. Прыбываюць афіцыйныя дэлегацыі, уваход у сабор абмежавалі. Да месца развітання з паўстанцамі прыехаў афіцыйны прадстаўнік Беларусі, віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.
Па назіраннях карэспандэнта «Салідарнасці», на плошчы знаходзяцца некалькі соцен чалавек, людзі ўвесь час змяняюцца: частка ідзе грэцца ў памяшканні. Людзі прыехалі ў Вільню з усёй Беларусі: Магілёў, Бабруйск, Гродна, Навгрудак, Маладзечна. Мядзел, Мінск.
12.15. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў каментары Радыё Свабода патлумачыла, што прыехала б у Вільню і без афіцыйнага запрашэння: «Каліноўскі — адзін з нашых найбольшых герояў».
У Вільню прыляцелі журналіст і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык (злева) і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла
12.00. Публіцыст Сяргей Дубавец у каментары Радыё Свабода выказаў думку, што сёння на плошчу ў Вільні прыйшлі пераважна беларусы, бо ні для літоўцаў, ні для палякаў ён не з’яўляецца нацыянальным героем. «Каліноўскі — гэта сэрца беларусаў. Таму мы сёння тут бачым розныя партыі, суполкі», — зазначыў Дубавец. На яго думку, апошні раз Вільня бачыла такі дэсант беларусаў-незалежнікаў у 1989-м на першым з’ездзе БНФ: «Тады таксама поўныя цягнікі сюды ехалі».
Фота delfi.lt
11.40. Як паведамляе карэспандэнт «Салідарнасці», які прыехаў у Вільню сёння раніцай, у цягніку было шмат беларусаў з бел-чырвона-белай сімволікай. На вуліцах Вільні заторы з-за таго, што месца правядзенняў урачыстасцяў перакрылі для прыёму афіцыйных дэлегацый. Да плошчы ідуць групы беларусаў са сцягамі на плячах.
11.30. У кафедральным саборы можна пабачыць першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча.
Як паведамляе Радыё Свабода, у Вільню прыляцела старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла. Яна атрымала афіцыйнае запрашэнне ад літоўскіх уладаў, як і Аляксандр Лукашэнка. У адрозненне ад Сурвілы кіраўнік краіны выбраў Віцебск, дзе сёння ён праводзіць нараду па развіцці АПК вобласці.
Фота «Наша Ніва»
11.10. Кафедральны сабор і пляц пакуль свабодныя для доступу наведнікаў. У 12 гадзін у саборы пачнецца ўрачыстая імша, на якой будуць прысутнічаць прэзідэнты Літвы і Польшчы, прадстаўнік Беларусі, а таксама дэлегацыі Латвіі і Украіны. На гэты час мерапрыемства ў саборы будзе закрытым. Убачыць імшу можна будзе на вялікіх экранах.
На грамадскім развітанні прысутнічаюць літаратары Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, палітыкі Рыгор Кастусёў, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, праваабаронца Алесь Бяляцкі і многія іншыя.
Уладзімір Арлоў у прамым эфіры Радыё Свабода зачытаў імёны тых, каго сёння пахаваюць на Росах.
Фота «Наша Ніва»
10.30. Як адзначаюць карэспандэнты Радыё Свабода, нягледзячы на сціплае афіцыйнае прадстаўніцтва Беларусі на мерапрыемствах у Вільні, шараговых беларусаў пакуль што заўважна больш на Кафедральнай плошчы. Частка іх прыехала арганізавана, многія едуць самастойна і плануюць далучыцца да шэсця на могілкі Росы.
У пераносе трунаў з парэшткамі былі задзейнічаныя літоўскія і польскія вайскоўцы, беларускіх вайскоўцаў у Вільні сёння няма.
Фота Вольгі Шукайла, TUT.BY
10.20. На перапахаванне паўстанцаў прыехалі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і шэраг міністраў. Літву прадставіў прэзідэнт Гітанас Наўседа, Беларусь — віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.
На Кафедральную плошчу прыйшла пешая калона з трунамі паўстанцаў. Сюды арганізавана сцякаюцца групы беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі.
Сярод іх палітыкі, грамадскія дзеячы, мастакі і журналісты.
Калона з трунамі
* * *
22 лістапада ў Вільні адбылося ўрачыстае перапахаванне удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, у тым ліку ягоных лідараў — Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
Відэатрансляцыя Радыё Свабода:
Труны з парэшткамі паўстанцаў прывезлі ў Кафедральны сабор для цырымоніі грамадскага развітання. У ёй прынялі удзел афіцыйныя асобы і замежныя дэлегацыі.
Пасля супольнай імшы з удзелам беларускіх, літоўскіх і польскіх біскупаў жалобная працэсія прайшла да могілак Росы, дзе паўстанцаў пахавалі.
Відэатрансляцыя тэлеканала «Белсат»:
Наступныя два дні ў Вільні адбудуцца мемарыяльныя мерапрыемствы — набажэнствы, канцэрты і экскурсіі.
Месца пахавання пакараных смерцю паўстанцаў было выпадкова знойзена на гары Гедзіміна ў 2017-м. Гэтаму папярэднічалі апоўзні на гары, у часе аварыйных прац і была адшуканая магіла з парэшткамі дваццаці аднаго чалавека. Дваццаць з іх былі ідэнтыфікаваныя, сярод іх — Кастусь Каліноўскі.
У верасні шэраг беларускіх інтэлектуалаў ініцыявалі перанос парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусь. Але літоўскі бок не адрэагаваў на просьбу, не атрымаўшы афіцыйага запыту ад беларускіх уладаў.
Читайте также
-
Дзе і як будуць хаваць Каліноўскага ў Вільні. Праграма мерапрыемстваў
-
Гісторыя аднаго фота: «Там, дзе было цела Каліноўскага. Усе пра тое ведалі»
-
«Горшае, што можа адбыцца – калі тэма пахаваньня Каліноўскага расколе сьвядомую частку грамадзтва»
-
Люди, эмоции, символы. Как белорусы провожали Калиновского по улицам Вильни
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное