Перапахаванне Каліноўскага і паўстанцаў. Як гэта было

22 лістапада ў сталіцы Літвы развіталіся з дваццацю ўдзельнiкамі паўстання 1863-1864 гадоў. Сярод іх – Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Серакоўскі.

Перапахаванне Каліноўскага. Фотарэпартаж «Салідарнасці»

17.32. Пасля імшы ў віленскім катэдральным касцёле Святога Станіслава выступіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

У сваёй прамове ён нагадаў, што паўстанцы былі пахаваныя без дамавінаў, са зьвязанымі ззаду рукамі, і засыпаныя вапнай у магільных ямах.

​— Мы добра ведаем гэты характэрны барбарскі звычай, які працягваўся «ад белага да чырвонага царызму», — цытуе прэзідэнта Польшчы Радыё Свабода. — У нашых краінах мы ўсё яшчэ знаходзім безыменныя сьмяротныя ямы з трупамі ахвяраў — салдатаў антысавецкай партызанкі, забітых чырвоным рэжымам. Мы таксама помнім пра іх, пра польскіх «праклятых-нязломных салдатаў», пра літоўскіх «лясных братоў» і пра іншых.

Таму што ўсе яны — як тыя 150 гадоў таму, так і тыя 70 гадоў таму — героі для нашых народаў. Усіх іх павінен быў напаткаць такі самы лёс: асуджэньне, зганьбаваньне, пагібель, забыцьцё. Але мы тут, у Цэнтральнай Эўропе, ніколі з гэтым не пагадзіліся. Мы пеставалі памяць пра іх насупроць змоўчваньню, ушаноўвалі іх подзьвігі патаемна, у дамах і на могілках. А сёньня мы робім гэта ўрачыста, разам, бо мы зноў сталі свабоднымі людзьмі, грамадзянамі ўласных сувэрэнных дзяржаваў.

17.10. На могілках у Росах адбылося супольнае набажэнства.

17.00. Польскія і літоўскія жаўнеры перадалі прэзыдэнтам сваіх краін сцягі з гербам Рэчы Паспалітай. Труны паўстанцаў пачалі хаваць у сцяну капліцы.

16.25. Удзельнікі шэсця прыйшлі на віленскія могілкі Росы, дзе адбудзецца пахаванне парэштак паўстанцаў.

16.00. Калона падыйшла да Вострай Брамы, дзе запланаваны прыпынак.

15.45. Калона ідзе па вуліцах горада ў суправаджэнні вайскоўцаў.

15.25. Труны з парэшткамі паўстанцаў вынеслі з сабора. Парэшткі Каліноўскага і Серакоўскага павязуць на могілкі на лафеце асобна ад астатніх — як кіраўнікоў паўстання. Такім чынам ім аддаецца асаблівая пашана. Парэшткі іншых паўстанцаў адвязуць у катафалках. Калону суправаджае ганаровая вайсковая варта.

У бок могілак утвараецца калона з людзей, якія пройдуць шэсцем да Росаў.

14.55. Афіцыйная частка у саборы скончылася, на плошчы рыхтуюцца рушыць на могілкі. Беларусы скандуюць «Жыве Беларусь!»

Карэспандэнты Радыё Свабода перадаюць пра выступ Ігара Петрышэнкі. Чыноўнік прамаўляў па-беларуску, з яго выступу вынікала, што асоба Каліноўскага ўладам не чужая.

У чаканні шэсця

14.20. З прамовы прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды: «Сёння мы сустракаемся тут — палякі, літоўцы, беларусы, латышы, украінцы. Як вольныя людзі, прадстаўнікі вольных народаў, якія з’яўляюцца гаспадарамі сваіх суверэнных дзяржаваў. Тое, пра што марылі нашы продкі. Тое, за што змагаліся са зброяй у руках. Усё гэта мы, сучасныя пакаленні, маем».

З прамовы прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы: «Паўстанцы ішлі на змаганне, бо не бачылі іншага выбару — гэта была не прагматычная палітыка, а барацьба за ідэалы». Па яго словах, у паўстанні ўдзельнічалі літоўцы, беларусы, палякі, украінцы. 

14.10. Тэлеканал АНТ адзін з нямногіх дзяржаўных СМІ паведамляе пра перапахаванне паўстанцаў Каліноўскага: «Гістарычнай падзеяй сёння жыве Вільнюс. Сёння там пройдзе цырымонія перапахавання парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863 года, у тым ліку і нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага».

Тым часам на плошчы каля сабора рыхтуюцца да шэсця на могiлкi Росы.

 

12.35. Прыбываюць афіцыйныя дэлегацыі, уваход у сабор абмежавалі. Да месца развітання з паўстанцамі прыехаў афіцыйны прадстаўнік Беларусі, віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.

Па назіраннях карэспандэнта «Салідарнасці», на плошчы знаходзяцца некалькі соцен чалавек, людзі ўвесь час змяняюцца: частка ідзе грэцца ў памяшканні. Людзі прыехалі ў Вільню з усёй Беларусі: Магілёў, Бабруйск, Гродна, Навгрудак, Маладзечна. Мядзел, Мінск.

12.15. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў каментары Радыё Свабода патлумачыла, што прыехала б у Вільню і без афіцыйнага запрашэння: «Каліноўскі — адзін з нашых найбольшых герояў».

У Вільню прыляцелі журналіст і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык (злева) і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

12.00. Публіцыст Сяргей Дубавец у каментары Радыё Свабода выказаў думку, што сёння на плошчу ў Вільні прыйшлі пераважна беларусы, бо ні для літоўцаў, ні для палякаў ён не з’яўляецца нацыянальным героем. «Каліноўскі — гэта сэрца беларусаў. Таму мы сёння тут бачым розныя партыі, суполкі», — зазначыў Дубавец. На яго думку, апошні раз Вільня бачыла такі дэсант беларусаў-незалежнікаў у 1989-м на першым з’ездзе БНФ: «Тады таксама поўныя цягнікі сюды ехалі».

Фота delfi.lt

11.40. Як паведамляе карэспандэнт «Салідарнасці», які прыехаў у Вільню сёння раніцай, у цягніку было шмат беларусаў з бел-чырвона-белай сімволікай. На вуліцах Вільні заторы з-за таго, што месца правядзенняў урачыстасцяў перакрылі для прыёму афіцыйных дэлегацый. Да плошчы ідуць групы беларусаў са сцягамі на плячах.

11.30. У кафедральным саборы можна пабачыць першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча.

Як паведамляе Радыё Свабода, у Вільню прыляцела старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла. Яна атрымала афіцыйнае запрашэнне ад літоўскіх уладаў, як і Аляксандр Лукашэнка. У адрозненне ад Сурвілы кіраўнік краіны выбраў Віцебск, дзе сёння ён праводзіць нараду па развіцці АПК вобласці.

Фота «Наша Ніва»

11.10. Кафедральны сабор і пляц пакуль свабодныя для доступу наведнікаў. У 12 гадзін у саборы пачнецца ўрачыстая імша, на якой будуць прысутнічаць прэзідэнты Літвы і Польшчы, прадстаўнік Беларусі, а таксама дэлегацыі Латвіі і Украіны. На гэты час мерапрыемства ў саборы будзе закрытым. Убачыць імшу можна будзе на вялікіх экранах.

На грамадскім развітанні прысутнічаюць літаратары Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, палітыкі Рыгор Кастусёў, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, праваабаронца Алесь Бяляцкі і многія іншыя.

Уладзімір Арлоў у прамым эфіры Радыё Свабода зачытаў імёны тых, каго сёння пахаваюць на Росах.

Фота «Наша Ніва»

10.30. Як адзначаюць карэспандэнты Радыё Свабода, нягледзячы на сціплае афіцыйнае прадстаўніцтва Беларусі на мерапрыемствах у Вільні, шараговых беларусаў пакуль што заўважна больш на Кафедральнай плошчы. Частка іх прыехала арганізавана, многія едуць самастойна і плануюць далучыцца да шэсця на могілкі Росы.

У пераносе трунаў з парэшткамі былі задзейнічаныя літоўскія і польскія вайскоўцы, беларускіх вайскоўцаў у Вільні сёння няма.

Фота Вольгі Шукайла, TUT.BY

10.20. На перапахаванне паўстанцаў прыехалі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і шэраг міністраў. Літву прадставіў прэзідэнт Гітанас Наўседа, Беларусь — віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.

На Кафедральную плошчу прыйшла пешая калона з трунамі паўстанцаў. Сюды арганізавана сцякаюцца групы беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Сярод іх палітыкі, грамадскія дзеячы, мастакі і журналісты. 

Калона з трунамі

* * *

22 лістапада ў Вільні адбылося ўрачыстае перапахаванне удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, у тым ліку ягоных лідараў — Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.

Відэатрансляцыя Радыё Свабода:

Труны з парэшткамі паўстанцаў прывезлі ў Кафедральны сабор для цырымоніі грамадскага развітання. У ёй прынялі удзел афіцыйныя асобы і замежныя дэлегацыі.

Пасля супольнай імшы з удзелам беларускіх, літоўскіх і польскіх біскупаў жалобная працэсія прайшла да могілак Росы, дзе паўстанцаў пахавалі.

Відэатрансляцыя тэлеканала «Белсат»:

Наступныя два дні ў Вільні адбудуцца мемарыяльныя мерапрыемствы — набажэнствы, канцэрты і экскурсіі.

Месца пахавання пакараных смерцю паўстанцаў было выпадкова знойзена на гары Гедзіміна ў 2017-м. Гэтаму папярэднічалі апоўзні на гары, у часе аварыйных прац і была адшуканая магіла з парэшткамі дваццаці аднаго чалавека. Дваццаць з іх былі ідэнтыфікаваныя, сярод іх — Кастусь Каліноўскі.

У верасні шэраг беларускіх інтэлектуалаў ініцыявалі перанос парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусь. Але літоўскі бок не адрэагаваў на просьбу, не атрымаўшы афіцыйага запыту ад беларускіх уладаў.