«Расейцы, з якімі выступіць Вольскі, — супраць Пуціна, падтрымалі Ўкраіну. Што вы яшчэ ад іх хочаце?»

Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч — пра ўдзел беларускіх музыкаў (Лявон Вольскі і J:МОРС) у фестывалі Outloud Festival, дзе выступяць і расейскія гурты.

– На Лявона Вольскага абрынуліся маланкі, бо ў чэрвені ён выступіць на варшаўскім фэсце побач з расейскімі выканаўцамі, – піша Гурневіч. – Там будуць Борис Гребенщиков, Monetochka, Машина Времени, Noize MC. Як гэта, беларус на сцэне разам з «хорошими русскими»? Разумею эмоцыі, але не падзяляю.

Найперш – база: Лявон Вольскі не мусіць нікому нічога даказваць і ні ў чым пераконваць. Яго ўласная беларускасць – недасягальны пункт для многіх абураных, асабліва для тых, хто піша свае гнеўныя каментары па-расейску.

Пра жыццёвы шлях Вольскага пісаў (бо ўсё пасуе) больш як сто гадоў таму Антон Луцкевіч:

«Дарога гэта — спакойная творчая праца над стварэньнем сваёй нацыянальнай культуры на чыста дэмакратычным фундамэнце, — значыць без найменшых знакаў нацыянальнага шавінізму і нянавісьці да чужых нацый».

Дзмітрый Гурневіч

Луцкевіч, натуральна, пісаў гэтыя словы для будучых пакаленняў, даваў парады, што нам рабіць: «Варункі, пры якіх беларусы нацыянальна прабудзіліся, назначылі наперад дарогу па каторай павінна пайсьці далейшае нацыянальнае адраджэньне беларускага народу».

Ён казаў пра спакойную стваральную працу, штодзённыя намаганні. І калі мы канцэтруемся на нелюбові да кагосьці, мы збочваем, мы непатрэбна губляем нашу энэргію і час.

Расейцы, з якімі выступіць Вольскі, гэта найперш сумленныя і адважныя людзі. Яны выступілі супраць Пуціна, падтрымалі Ўкраіну, дапамагаюць збіраць грошы для ўкраінцаў. Што вы яшчэ ад іх хочаце? Каб яны займаліся на сцэне публічным самабічаваннем?

Многія з нас гадамі задавалі пытанне, а дзе ж тыя наармальныя расейцы, чаму там навокал імперцы і шавіністы? Ну вось, перад вамі людзі, якіх вы шукалі. Манетачка насуперак большасці ашалелых ад прапаганды расейцаў топіць за Украіну. Не, не тое.

Былая прапагандыстка «1 каналу» з’яўляецца ў кадры з антываенным плакатам? Не, яна агентура ФСБ.

Ніхто не прымушае любіць гэтых людзей ці хадзіць на іх канцэрты, але навошта іх цкаваць і прыніжаць, калі іх дзейнасць ідзе на нашу карысць?

Каб проста адчуць сябе вышэй за іх у чарговы раз парагатаўшы над «харошими русскми»? Хоботов, это мелко (с) Як вы хочаце, каб іх краіна змянілася? Што нехта проста махне чароўнай палачкай і настане «прекрасная Россия будущего»? Што NATO іх захопіць і правядзе дэнацыфікацыю як немцаў пасля 1945?

Што Расея разваліцца і паўжывыя народы РФ створаць там магутныя альтэрнатыўныя цэнтры? Усе гэтыя ілюзіі вельмі шкодныя, бо яны прымушаць сядзець, склаўшы рукі і шукаць навокал ворагаў, пастаянныя прычыны незадаволенасці.

Нават калі Расея распадзецца, больш за 100 мільёнаў расейцаў нікуды не знікнуць. Не існуе ніякага іншага механізму змены думкі, свядомасці, пазіцыі, пераканання кагосці да сваёй оптыкі, апрача размовы, дыялогу, асветы. Не будуць расейцы ўспрымаць беларусаў як асобны народ, са сваёй гісторыяй, культурай, мовай і правам жыць асобна, пакуль нехта ім гэтага не раскажа, пакуль у галовах не пераключыцца тумблер.

І Вольскі на гэтым фестывалі – адзін з такіх імпульсаў. Няўжо кепска, што адукаваныя расейцы, якія ведаюць пра Беларусь роўна нічога, пачуюць як гучыць беларуская мова і даведаюцца, што беларускія музыкі – гэта не толькі Наталля Падольская ці Юрый Антонаў (сумнеўна, што і пра гэта ў Расеі ведаюць многія)?

Усіх мы ніколі не пераканаем і не дакажам нічога. Але працаваць з грамадскай думкай, элітамі, самай разумнай часткай расейцаў – проста неабходна.

Я не бегаю да расейцаў, не шукаю іх з лучынай, каб акучваць беларускай праўдай. Але калі ёсць нейкая нагода, сустрэча, мерапрыемства, я не страчваю такую магчымасць і заўсёды нешта ляпну пра Беларусь, каб у іх памяці гэта засталося. Іншага механізма проста не існуе.

Менавіта так рабілі сучаснікі Луцкевіча. Штодзённая, спакойная, стваральная беларуская праца. Менавіта так дзеячы БНР і БССР наводзілі шухер, каб іх убачылі. Яны фізічна абівалі парогі: у Берліне, Варшаве, Маскве і чорт дзе ведае яшчэ. Яны ведалі, што ніхто іх не ўратуе.

Беларусы стварылі сваю дзяржаўнасць не войскам, як некаторыя суседзі, а размовамі. Гучыць неверагодна, але гэта менавіта так. І важна, што яны не зацыкліваліся на нянавісці, а накіроўвалі энэргію на тое, што любяць.