«Рэжым даўно зрабіўся сэрыйным забойцам, і кожнае новае забойства пазнаецца па почырку»
Рэакцыя на смерць палітзняволенага Ігара Ледніка.
20 лютага стала вядома пра смерць у зняволенні вязня сумлення Ігара Ледніка. Яму прысудзілі тры гады калоніі за артыкул у часопісе. Ігар Леднік меў інваліднасць. Гэта пятая смерць палітзняволенага ў Беларусі.
Літаратар Андрэй Хадановіч:
— Рэжым даўно зрабіўся сэрыйным забойцам, і кожнае новае забойства пазнаецца па почырку…
Ігар Леднік, палітвязень, асуджаны па КК 347, на тры гады, з інваліднасьцю, меў 63 гады, не перажыў адсутнасьці сваечасовай мэдычнай дапамогі.
Сьветлая памяць...
Праваабаронца Андрэй Стрыжак:
— Ігар трапіў у турму за тое, што хацеў лепшага жыцця для сваёй краіны. Ігар быў прынцыповым і паслядоўным у сваіх поглядах.
Не заўсёды я пагаджаўся з тым, што ён кажа, але Ігар ставіў пытанні, на якія нам усім шукаць адказаў — якой будзе нашая будучыня. У якой шмат што будзе, але дакладна ня будзе Ігара.
Журналістка Любоў Лунёва
— Ігар Леднік… Мы павінны перажыць і гэта, але як з гэтым жыць. Людзі так пакутуюць, што паміраюць. І як гэта спыніць?..
Ніхто нам не дапаможа пакуль не скончыцца праклятая вайна. А яна усё ніяк не скончыцца…
Актрыса Света Бень:
— Вечная памяць і спачуванні родным. Страшна ўсведамляць, што нас ужо даўно не здзіўляе адсутнасць масавай увагі да непрымальных умоў і катаванняў у беларускіх турмах.
Здзіўляе толькі гэтая бязмежная ненажэрнасць зла і тое, колькі болю можа вытрымаць чалавек.
Читайте еще
Избранное