Филин

Юлія Кот

Рудкоўскі: «Рэжым Лукашэнкі, як і Крэмль, не маглі б прапусціць нагоды, каб выкарыстаць Шмідта ў прапагандысцкіх мэтах»

Доктар філасофіі, палітолаг Пётр Рудкоўскі — пра тое, хто выйграе ў справе экс-суддзі Шмідта.

Иллюстрация Петр Саруханов, Новая газета

Беларуская прапаганда старанна раскручвае гісторыю з польскім суддзём Томашам Шмідтам, які вырашыў папрасіць палітычнага прытулку ў Беларусі.

Не змог застацца ў баку і Аляксандр Лукашэнка — правіцель не толькі паабяцаў разгледзець заяву аб палітычным прытулку, але і даручыў забяспечыць спецахову збеглага суддзі, нібыта каб таго «не забілі гэтыя мярзотнікі», як польскага салдата Эміля Чэчку.

Нагадаем, дэзерціра Чэчку, які перайшоў на беларускі бок і расказваў нічым не пацверджаныя гісторыі пра масавыя забойствы мігрантаў у Польшчы, знайшлі павешаным у сакавіку 2022 года. Тады ўлады абвясцілі гэта самагубствам — а цяпер сцвярджаюць, што было забойства, здзейсненае, як не надта тонка намякае Лукашэнка, польскімі спецслужбамі.

І тут узнікае адразу некалькі пытанняў. Па-першае, ці будзе пасля гэтых словаў Томаш Шмідт спакойна спаць у мірнай і квітнеючай Беларусі, ведаючы пра лёс свайго папярэдніка-перабежчыка? Дый пра «гарантыі» Лукашэнкі Яўгену Прыгожыну і як яму гэта не дапамагло, таксама не прыгадаў толькі лянівы.

А па-другое, ці ёсць поспехам тое, што беларуская прапаганда імкнецца ім прадставіць? Бо і ў тым, і ў другім выпадку прытулку на беларускім баку папрасілі фігуранты скандалаў, якія на радзіме мелі ніякі не палітычны, а самы звычайны крымінальны пераслед: Чэчку прысудзілі 6 месяцаў турмы за здзекі з маці, Шмідт жа яшчэ ў 2019-м трапіў у скандал за ананімную кампанію распальвання нянавісці супраць суддзяў-апазіцыянераў, а днямі польскі суд дазволіў арыштаваць экс-суддзю і прыцягнуць да адказнасці.

Досыць цяжка запэўніць грамадскасць у тым, што такі каламутны персанаж — «нармальны патрыятычны паляк» і добры здабытак для Беларусі, але ж прапаганда відавочна будзе працягваць гэта рабіць. Наколькі ў яе гэта атрымаецца, Филин абмеркаваў з палітолагам Пятром Рудкоўскім.

Пётр Рудкоўскі

— У выпадку з Чэчкам рэжыму патрэбен быў толькі прапагандысцкі эфект, і ён у нейкай ступені быў дасягнуты. У выпадку са Шмідтам усё нашмат сур’ёзней, — зазначае аналітык, — гэты чалавек, хутчэй за ўсё, прывёз у Беларусь шмат каштоўнай інфармацыі пра закуліссе польскага палітычнага жыцця і дзейнасць польскіх спецслужбаў.

— Хто арганізаваў гэты ягоны пераезд, і хто з’яўляецца асноўным бенефіцыярам гэтай інфармацыі — сам беларускі рэжым ці ўсё ж Крэмль — адкрытае пытанне.

Ну, але рэжым Лукашэнкі, як і Крэмль, не маглі б прапусціць нагоды, каб выкарыстаць таксама і Шмідта ў прапагандысцкіх мэтах. Што яны і робяць — бесперапынна і з асалодай.

— На вашу думку, наколькі прапагандзе яшчэ ўдасца раскруціць тэму: глядзіце, грамадзяне Польшчы «бягуць» у Беларусь, калі бягуць, скажам шчыра, такія сумнеўныя персанажы, якім пагражае крымінальны пераслед на радзіме?

І ці не будуць словы Лукашэнкі пра забойства Чэчкі мець адваротны эфект — калі аднаго перабежчыка беларускія спецслужба не збераглі, то і другому час напружыцца?

— Што тычыцца таго, што «бягуць сумнеўныя людзі» або што Лукашэнка заявіў, што ягоныя службы «лахануліся» — для прапаганды мала істотна, наколькі сумнеўнымі або злачыннымі з’яўляюцца іхныя героі ў рэальнасці.

Прапаганда бярэ іх і стварае ўласную рэальнасць, паводле якой гэта ахвяры польскіх уладаў, гэта тыя, хто з’яўляецца жывым доказам перавагі і прывабнасці беларускай або расійскай палітычнай сістэмы.

Заява, што службы лахануліся — яна паклікана надаць драматызму гісторыі аб «ахвяры польскага рэжыму», які схаваўся ў Беларусі, але да якога доўгія рукі гэтага рэжыму, маўляў, дацягнуліся. Аднак цяпер, маўляў, мы будзем больш пільнымі.