Інаўгурацыі не было, а ўрад ужо прызначаны — гэта парушэнне рэгламенту, працэдуры і логікі.
Карбалевіч: «Самой працэдурай прызначэння Лукашэнка змяншае палітычную і адміністратыўную ролю прэм’ер-міністра»
Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч у каментары Филину — пра дзіўную сітуацыю з фармаваннем новага-старога беларускага ўрада.
Больш за месяц спатрэбілася Аляксандру Лукашэнку, каб абнавіць беларускі ўрад, а галоўнае — вызначыцца з яго кіраўніком. Крэсла прэм’ер-міністра цяпер займае «правераны кадр» рэжыму Аляксандр Турчын, Рамана Галоўчанку адправілі кіраваць Нацбанкам Беларусі.
Лукашэнка абвясціў, што цяпер, «як і было абяцана, новае пакаленне кіруе краінай». Амаладжэнне, зрэшты, вельмі ўмоўнае: Галоўчанка ўсяго на пару год старэйшы за свайго пераемніка, а большасць віцэ-прэм’ераў старэйшыя за 50 год. А галоўнае, што новы прэм’ер ужо абвясціў: ніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курсу чакаць не варта.
Тады навошта было гарадзіць агарод і цягнуць час з кадравымі прызначэннямі ва ўрадзе?
— Я сказаў бы, што наадварот, з прызначэннем ураду паспяшаліся, — зазначае ў экспрэс-каментары Филину палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч. — Бо паводле Канстытуцыі і ўвогуле нармальнай логікі, зноў выбраны прэзідэнт прызначае ўрад пасля ўступлення на сваю пасаду, а мяжой уступлення становіцца інаўгурацыя.
Ці, наадварот, «затармазілі» з інаўгурацыяй — незразумела, навошта. Але ж маем менавіта такую сітуацыю.
Яшчэ адна беларуская адметнасць, спецыфіка, на якую звяртае ўвагу Валер Карбалевіч, — у большасці дэмакратычных краін свету менавіта кіраўнік ураду фарміруе сам урад, падбірае людзей у сваю каманду, пад свой палітычны стыль і ідэі, каб яму было камфортна і зручна з гэтымі людзьмі працаваць.
У Беларусі ж адбылося роўна наадварот: быў прызначаны ўрад, і толькі потым да яго «прычапілі» галаву — прэм’ер-міністра. А той мусіць кіраваць людзьмі, якіх ён не набіраў і не прызначаў.
— Гэта вельмі шмат што кажа пра статус ураду, — гаворыць палітычны аглядальнік, — і сам Лукашэнка падкрэслівае, што «не павінны быць дыктатуры прэм’ера», што ў віцэ-прэм’ераў павінны быць вялікія паўнамоцтвы, і не трэба на іх ціснуць.
Але тады што такое прэм’ер-міністр — чалавек, які проста кіруе паседжаннямі ўрада, прычым, не ім прызначанага?
То бок, самой працэдурай прызначэння Лукашэнка аб’ектыўна змяншае палітычную і адміністратыўную ролю прэм’ер-міністра. Гэта азначае, што ўрад у Беларусі, хутчэй, тэхнічны: ён не вызначае эканамічную палітыку, яе вызначае Лукашэнка. А ўрад толькі кіруе ў межах вызначанай лініі.
— Ці варта рабіць далёка ідучыя высновы са словаў пра «прэзідэнцкія схільнасці» Турчына, ці гэта было сказана, каб запусціць новы этап канспіралагічных гульняў у пераемніка?
— Я думаю, што гэтыя словы проста вырваныя з кантэксту. Лукашэнка, кажучы пра прэзідэнцкую схільнасць, хацеў сказаць, што Турчын — чалавек, які любіць уладу і ўмее ёй карыстацца. То пра яго ўладалюбства, наяўнасць пэўнай палітычнай волі, характару — але на тым і ўсё.
Таму рабіць нейкія высновы з гэтых словаў я б не стаў. Гэта, быць можа, не вельмі ўдала сфармуляваны тэзіс, які выклікаў вялізны рэзананс.
— Яшчэ адно наступства гэтай ракіроўкі — непрафесіянал на чале Нацбанку. Мінулым разам для Беларусі гэта быў вельмі складаны этап. Ці выпадае цяпер чакаць істотных змен у фінансавай палітыцы?
— Цяжка сказаць. Перспектывы залежаць ад шмат якіх чыннікаў, якія сёння цяжка прагназаваць. Што будзе з расійскай эканомікай, да якой прывязаная беларуская, што будзе з вайной ва Украіне, з санкцыямі адносна Расіі і Беларусі — усе гэтыя чыннікі даволі моцна будуць уплываць на эканоміку Беларусі.
Тое, што Галоўчанка непрафесійны фінансіст — мусіць, мінус. Але гэта не абавязкова прывядзе да разбурэння фінансавай сістэмы, як тое было пры Пракаповічу.
Усё ж такі Галоўчанка доўгі час быў на пасадзе прэм’ера і іншых пасадах, і ў агульных рысах ён разумее рызыкі бескантрольнага друкавання «пустых» грошай.
Таму я б не рабіў паспешлівых прагнозаў на гэты конт, а паглядзеў, што будзе адбывацца на практыцы. Прынамсі, у Нацбанку даволі добрая каманда прафесіяналаў, якая ў любы момант можа падказаць тое, чаго новы кіраўнік не ведае.
Читайте еще
Избранное