Словы Ціханоўскай, якія ў Боне віталі стоячы

Прамова нацыянальнай лідаркі падчас атрымання Міжнароднай прэміі за дэмакратыю і вяршэнства права.

Цырымонія ўручэння міжнароднай прэміі Bonn International Prize for Democracy and the Rule of Law прайшла 7 снежня ў Боне.

Падчас уручэння прэміі Bonn International Prize for Democracy and the Rule of Law. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

У сваёй прамове Ціханоўская падкрэсліла, што прэмія належыць усім беларусам, якія працягваюць змагацца за свабоду, справядлівасць і мір, а таксама заклікала ўдзельнікаў падтрымаць беларускіх палітвязняў і Украіну.

— Я ўдзячная арганізатарам Бонскай міжнароднай прэміі за дэмакратыю за іх рашэнне ўручыць яе беларусам. Яна не мне — а ўсім тым, хто змагаецца за свабоду, у тым ліку нашым палітычным зняволеным, такім як Марыя Калеснікава ці Алесь Бяляцкі.

Мы, беларусы, глыбока ўдзячныя нямецкаму народу за вашую салідарнасць і падтрымку — не толькі свабоднай Беларусі, але і Украіне.

Сёння я хачу папрасіць вас падтрымаць Беларусь, нашых палітычных зняволеных. Але таксама — падтрымаць Украіну. Таму што сёння Украіна змагаецца за ўсю Еўропу. Лёсы нашых краінаў пераплеценыя. Калі Украіна будзе моцнай, а Расія слабой, гэта адкрые акно магчымасцяў і для Беларусі.

Дыктатары могуць здавацца непераможнымі, так, пакуль раптам не абрынуцца. Як гэта адбылося з Берлінскай сцяной, з Савецкім Саюзам ці нядаўна з Сірыяй. Мы не ведаем, калі і як гэта адбудзецца, але гэта адбудзецца. І мы павінны быць да гэтага гатовыя, — адзначыла Ціханоўская.

Яе словы прысутныя віталі стоячы.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Пасля цырымоніі ўзнагароджання адбылася панэльная дыскусія, падчас якой Святлана Ціханоўская разам з Міністрам па федэральных, еўрапейскіх і міжнародных справах зямлі Паўночны Рэйн‑Вестфалія, Натаэлем Ліміньскім, абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, актуальны фокус дзейнасці дэмакратычных сілаў і магчымасці Германіі для падтрымкі беларусаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)