Каб было больш наглядна, параўнаем: $35 мільёнаў, заробленыя Шэйманам за год на адным тэрмінале — гэта прыкладна 2 тысячы апаратаў для вентыляцыі лёгкіх, якімі можна было б забяспечыць беларускія шпіталі. Альбо пабудаваць 10 дзіцячых садкоў. Альбо вось Лукашэнка апошнім часам лаяўся наконт запазычанасцяў сялянам і фермерам, казаў «знайсці, дзе хочаце гэтыя грошы і заплаціце» — у Беларусі чвэрць мільёна работнікаў сельскай гаспадаркі, і кожнаму з іх можна было б заплаціць $140 прэміі.
«Схемы робяцца ўсё больш бессаромнымі»
Заснавальнік і кіраўнік «Беларускага расследвальніцкага цэнтра» Станіслаў Івашкевіч распавёў, хто грэе рукі на экспарце ўгнаенняў. І гэта зусім не кіраўніцтва «Беларуськалія».
— За адзін толькі год на адным толькі тэрмінале, праз які экспартуецца беларускі калій, каманда Віктара Шэймана скрала $35 мільёнаў, прычым самым прымітыўным і нахабным чынам, — расказаў Івашкевіч у інтэрв’ю Обычному утру.
— Усё вельмі проста. Яны бяруць порт і пытаюцца: «За колькі пераваліш 3 мільёны тон?» — «$35 мільёнаў». — «Добра, заплацім 70». Толькі не наўпрост, а праз фірму-пракладку, тую самую кіпрскую Dimicandum, якая таксама замяшаная ў перагонцы люксавых аўто і чые сляды вядуць да шэйманаўскай кампаніі.
Гаворка ідзе пра порт у Санкт-Пецярбургу, дадае журналіст. Але ж нядаўна была навіна, што перавалка беларускіх мінеральных угнаенняў там прыпыненая, бо бакі не сышліся ў цане.
— Насамрэч гэты порт гіганцкі, і там ёсць чатыры незалежныя адзін ад аднаго тэрміналы, якія належаць розным уласнікам, — тлумачыць Івашкевіч. — Канкрэтны тэрмінал, пра які мы гаворым, называецца «Балтыйскі судамеханічны завод», там насамрэч раней быў завод, але адмыслова пад беларускі калій яго рэканструявалі ў 2022-2023 гадах, і ён стаў адным з чатырох партоў, якія перавальваюць беларускі калій.
І вось што адбываецца: порт бярэ за свае паслугі $35 мільёнаў, а «Беларуськалій» плаціць $70 млн, з якіх шэйманаўская фірма-пракладка палову пакідае сабе. Гэта вельмі прымітыўна, але працуе.
Тое, што БСМЗ прыпыніў перавалку ўгнаенняў, для «Беларуськалія» абсалютна не праблема, таму што з чатырох тэрміналаў гэта найгоршы — ён самы плыткі, і грузавыя судны з яго даводзіцца выводзіць на рэйд, а там перагружаць на больш буйныя танкеры. А порт за гэта бярэ дадатковыя грошы.
Канфлікт жа ў іх пачаўся менавіта на гэтай базе — дадатковая аплата, няякасная пагрузка, было аднойчы, што калій падмок. Яны пачалі сварыцца, гэта выйшла на паверхню, і справай заняўся Камітэт дзяржкантролю — і, што цікава, там ва ўпор не бачаць шэйманаўскай фірмы-пракладкі.
І гэтая схема, якую мы выкрылі — толькі адзін выпадак. Але нават у ёй шмат паказальнага. Прыкладам, што для гэтага выкарыстоўваюць еўрапейскую фірму, якая знаходзіцца ў ЕЗ, але вядзе справы з падсанкцыйным «Беларуськаліем». Атрымліваецца, як і ў Расіі: чыноўнікі лаюцца на Захад, які ён кепскі, і што «пусці гэтых дэмакратаў сюды, яны ўсё раскрадуць» — а самі якраз раскрадаюць і выводзяць грошы на Захад велізарнымі тэмпамі.
З 2018 года мы бачым, што гэтыя схемы робяцца ўсё больш бессаромнымі, мы нават кожны раз у шоку, што так можна. Раней хоць былі нейкія прэферэнцыі, прыкрываліся тэндэрнымі маніпуляцыямі, а цяпер проста ўдвая завышаецца кошт — трымайце, загадваем «Беларуськалію» заплаціць у асабістую кішэню Шэйману.
І зразумела, што Лукашэнка і ягоны пасол у Расіі гэта робяць не дзеля Шэймана, не таму, што так любяць менавіта яго, і зразумела, чаму КДК працягвае «не бачыць» двайнога завышэння коштаў.
Зрэшты, пакуль у Беларусі працуе прынцып «не да законаў», на Кіпры, дадае журналіст, пракуратура распачала расследаванне супраць проксі-кампаніі — і ёсць вялікія шансы, што справа дойдзе да суда.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное