Филин

Міхаіл Мішкін

Тышкевіч: «Гэта не эскалацыя, а спроба Пуціна зрабіць хоць нешта»

Аналітык — пра новую старую тактыку расійскай арміі і логіку масіраванага ракетнага ўдару па цывільных аб’ектах.

Выбух на Крымскім мосце, што адбыўся 8 кастрычніка, Уладзімір Пуцін назваў тэрактам, і пасля выходных Расія зрабіла крок у адказ — у выглядзе аднаго з найбольш масіраваных ракетных абстрэлаў па ўсёй тэрыторыі Украіны. Удары са шматлікімі ахвярамі былі зафіксаваныя ў Кіеве, Львове, Жытоміры, Дняпры, Адэсе і іншых рэгіёнах. Па стане на 12 гадзін дня, паведаміла Мінабароны Украіны, былі выпушчаныя 83 ракеты, 43 з якіх атрымалася збіць.

Ці значыць гэта, што Крэмль гатовы «не аддаць Крым» любой цаной, і якія вынікі, хутчэй за ўсё, прынясе такая тактыка, Филин абмеркаваў з аналітыкам Украінскага інстытута будучыні Ігарам Тышкевічам.

Ігар Тышкевіч

— Нельга казаць пра эскалацыю, калі актыўная фаза вайны ідзе ўжо больш за паўгады, — мяркуе эксперт. — Таму гэта не эскалацыя, а спроба Пуціна зрабіць хоць нешта.

Былі паспяховыя наступы Украіны, якім Расія не магла даць рады. Генштаб РФ спрабаваў паступова падаваць гэта як «перадыслакацыю», «адвод войск», заяўляліся новыя межы абароны, якія правальваліся. На гэтым фоне Пуціна пачалі крытыкаваць ягоныя ўласныя радыкалы, якія зараз узмацняюцца, і гэта для яго небяспечна.

Наступным крокам Пуцін пайшоў у палітычную сферу: анэксія тэрыторыі, абвяшчэнне мабілізацыі. Тут прапаганда перанесла крытыку на фармат «цар харошы, баяры дрэнныя» — мы бачылі перастаноўкі ў Міністэрстве абароны і г.д.

Сітуацыя як быццам стабілізавалася — і тут такі ляпсус, «прылёт» у Крымскі мост, які нібыта быў абаронены з усіх бакоў, і абяцалі, маўляў, як толькі крануцца, будзе для Украіны Армагедон…

Пасля выбуху на Крымскім мосце, мяркуе палітычны аналітык, у Крамля было некалькі варыянтаў паводзін. Першы — стандартны: прыхаваць тое, што адбылося, пад выглядам «няшчаснага выпадку». І ў гэта, магчыма, нават паверылі б — але не пасля папярэдніх «перадыслакацый» і «адвядзення на новыя рубяжы абароны».

— Гэты варыянт прывёў бы да крытыкі самога Пуціна, што для яго небяспечна. Адсутнасць рэакцыі ў аўтакратычнай сістэме азначае, што важак стаі ўжо стары, у маразме, і яго трэба мяняць, — зазначае Ігар Тышкевіч. — Можна было сказаць, што адбыўся прылёт украінскай ракеты, але, улічваючы вал крытыкі на Мінабароны, гэта дадатковы ўдар па ягоным іміджу, што падчас мабілізацыі, мякка кажучы, не надта карысна.

Таму абралі трэці варыянт: гэта тэракт. Назвалі вінаватых, прычым у якасці казлоў адпушчэння абралі звычайную паліцыю і службу забеспячэння дарог, а не спецслужбы, аддалі быццам бы мост пад ахову ФСБ. Але, нават нейтралізаваўшы пагрозу, трэба неяк адрэагаваць — калі ты пагражаў ударам у адказ, і яго не будзе, ты дэманструеш сваю слабасць. Адпаведна, Пуцін вымушаны адрэагаваць, а адрэагаваць на фронце няма як.

Ідэя тактычнага ядзернага ўдару, гаворыць аналітык, разглядалася ў Крамлі, але тут паўстае пытанне рэакцыі — як краін НАТО, так і Кітая, і наступствы падобнага кроку могуць быць непрадбачанымі. Таму абралі масіраваны ракетны ўдар па розных цэлях — прычым не выпадковых і, безумоўна, не па «цэнтрах прыняцця рашэнняў», як тое сцвярджае сама РФ:

— Гэта не вайсковыя аб’екты. РФ мэтанакіравана спрабуе пацэліць у аб’екты цывільнай інфраструктуры: гэта энергазабеспячэнне і забеспчэнне цяплом, ТЭЦ — у Кіеве, Жытоміры, Роўна, — каб на зіму людзі засталіся без цяпла.

І другая частка — удар каля жоўтага корпусу ўніверсітэта імя Шаўчэнкі раніцай, у гадзіну пік на адной з самых загружаных магістраляў, калі студэнты ідуць на заняткі, людзі едуць на працу — гэта аўтаматычна вялікая колькасць цывільных ахвяраў, бо паблізу ад гэтай тэрыторыі вайсковых аб’ектаў няма ад слова зусім. Тое ж самае і ў Харкаве, Запарожжы, Жытоміры.

Разлікі тут два, мяркуе эксперт: з аднаго боку, вклікаць паніку — «але гэта было б магчыма, калі б такі масіраваны ўдар быў нанесены ў сакавіку», з другога — як раней выпрабоўвалі на Харкаве, паспрабаваць знішчыць цывільную інфраструктуру краіны перад зімой. У той жа самай логіцы падобныя атакі будуць працягвацца і ў бліжэйшы час.

Фактычна, Расія праламіла сістэму супрацьпаветранай абароны Украіны пэўнай колькасцю ракет. І рэсурсы на некалькі такіх удараў яшчэ ёсць.

— А потым? Бо відавочна, што напалохаць нікога не атрымалася, а вось раз’ятрыць — так. Дык на што разлічвае расійскае камандаванне?

— У тым і справа, што гэта чарговая памылка Пуціна ў ацэнцы рэакцый. У расійскіх палітычных канструкцыях ёсць ключавая памылка, якая вельмі часта грае на руку апанентам РФ. Расійскія палітыкі мераюць рэакцыю насельніцтва паводле магчымай рэакцыі расійскіх грамадзян: ударылі — усе пабеглі, цар сказаў — усе зрабілі.

А тут адбываецца наадварот. Гэтаксама раней яны пралічыліся, думаючы, што іх будуць сустракаць з кветкамі, што Украіна хутка капітулюе, што Кіеў адразу пачне перамовы, калі Расія заявіла пра рэферэндумы, што Украіна спыніцца, калі Расія анэксуе гэтыя тэрыторыі, і не будзе іх адваёўваць.

Так, зараз ёсць пэўны элемент страху за блізкіх і знаёмых — у чатах ідзе пераклічка, што ўсе жывыя, ці ўсё нармальна. Але далей — злосць і раздратаванне, а вось страху перад нейкай там Расіяй — няма.

— Што да «фактару Лукашэнкі» — з ім пралічыліся? Альбо яму ўдаецца адцягваць на сябе частку ўвагі?

— Лукашэнка максімальна пятляе. А Расія максімальна цісне. Тут пытанне не толькі і не столькі ўцягвання ў вайну беларускай арміі, колькі, скажам так, задача зрабіць Лукашэнку максімальна  таксічным, пазбавіць яго манеўра.

Таму, на жаль, уцягванне ў вайну, перакідванне войск на тэрыторыю Беларусі, нанясенне ўдараў з тэрыторыі Беларусі — усё гэта магчыма, каб Лукашэнка не меў магчымасці пачаць сепаратныя перамовы за спінай Пуціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(15)