Общество

У Беларусі пачалі ўзнікаць праблемы з інтэрнэтам

Карыстальнікі ў розных сацыяльных сетках пішуць, што штовечар значна падае якасць інтэрнэта, прычым ва ўсіх аператараў — як у Белтэлекама, гэтак і ў A1 ды МТС. Праблема доўжыцца дзесяць дзён. Што адбываецца, высвятляла Наша ніва.

Не ва ўсіх гэта хуткасць уласна спампоўвання, а праблемы са стратай пакетаў (Packet Loss). Гэта значыць, што частка інфармацыі не даходзіць да атрымальніка — як калі б замест цэлага ліста вы атрымлівалі яго кавалкамі і гублялі частку інфармацыі.

Нават страта адносна невялікага адсотку пакетаў можа значна ўплываць на якасць сувязі. Праз гэта, напрыклад, людзі не могуць глядзець патокавае відэа, рабіць відэазванкі ці гуляць у анлайн-гульні.

У чым можа быць прычына?

На сайце Белтэлекама размешчана аб'ява пра тое, што 29 кастрычніка адбылася DDoS-атака. А1 і Cosmos пісалі, што магчымы тэхнічныя праблемы ў вышэйстаячых правайдараў. А1 пісаў пра 30 кастрычніка, у Cosmos паведамленні пра DDoS былі 28, 29 і 30 кастрычніка.

Але гэта не тлумачыць праблемаў, якія доўжацца 10 дзён. 

Праблемы з інтэрнэтам па вечарах пачалі заўважаць з 20-х чыслаў кастрычніка, яшчэ да назначэння даты выбараў. Па словах людзей, у тэхнічнай падтрымцы аператараў дапамагчы не могуць.

Ці можа гэта быць падрыхтоўкай да выбараў? Цяжка сказаць напэўна. Тэарэтычна, спецслужбы сапраўды могуць тэсціраваць ці адладжваць нейкую тэхналогію фільтрацыі трафіку, напрыклад, каб адключаць інтэрнэт у крызісных сітуацыях не цалкам, а «кавалкамі».

Але прычына можа быць і банальнай — недахоп фінансавання нейкага кавалка інфраструктуры Белтэлекама ці замена абсталявання на новае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(11)