Вольскі: «Я ня быў гатовы — ды чаго там! — зусім не хацеў ваяваць з НАТА за Лукашэнку»

Вядомы беларускі музыка Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра тое, якімі сродкамі сёння ў Беларусі вядзецца дзяржаўная праца па заблытванні і дызарыентацыі народа.

Лявон Вольскі

Для любой дзяржавы найлепшая сытуацыя, калі народ нічога не разумее. Калі ён дызарыентаваны, разгублены, заблытаны, зьнявераны. Тады яго можна накіраваць у патрэбны бок. Праз прапаганду, школьную адукацыю, рэлігію, якая, на жаль, рэдка калі існуе асобна ад дзяржавы.

Навошта вяртаюць спарахнелыя камуністычныя міты

Рэспубліка Беларусь на парозе вайны, ды не — што я кажу? — ужо ўдзельнічае ў вайне. Вырабляе дэталі для захопніцкай зброі, дае сваю тэрыторыю для захопніцкіх атакаў, лекуе параненых захопнікаў...

Калі людзі пачнуць масава гэта асэнсоўваць, можа здарыцца бяда для, здавалася б, вечнае ўлады. Таму народ трэба максымальна заблытаць. Перавесьці ўвагу. Напрыклад, зь цяперашняе вайны на мінулую.

І таму зноў дастаюцца з пыльнага савецкага гарышча піянэры-героі, бездакорныя высакародныя партызаны і рахманы савецкі жаўнер-вызвольнік. Вяртаюць назад усе гэтыя, здавалася б, спарахнелыя й зьняпраўджаныя камуністычныя міты і легенды, пра якія напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя ўсё пераканаўча распавяла яшчэ савецкая, але ўжо ня сьціснутая сталёвымі абцугамі ЦК прэса.

Зноў у школах вучням распавядаюць пра «подзьвігі герояў» (хаця направер шмат хто з гэтых «герояў» ня тое што ня меў дачыненьня да гераізму, а добра, калі ня быў злачынцам ды катам), пра зьверствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў — маўляў, ніколі не забудзем...

Каго вы хочаце выхаваць?

Але чаму ніхто ні слова ня скажа пра зьверствы расейскіх жаўнераў ва Украіне, пра Бучу, пра Марыупаль, пра бамбаваньні жылых кварталаў і гібель тысячаў людзей? Хаця гэта адбываецца проста цяпер. Наўпрост зараз, магчыма, у гэтую самую хвіліну, цынічныя азызлыя расейскія афіцэры аддаюць загад, і на Адэсу ці Харкаў абрынаецца вогненнае пекла, гінуць людзі...

Пра гэта вам нічога ня скажа дзяржаўная прэса. Не выкажацца школьны настаўнік. А бацюшка ў царкве дык наогул прапануе ўславіць «сілу рускага штыха», які змагаецца з «басурманамі». Як ні дзіўна, бацюшку яшчэ можна зразумець, бо ён працуе на маскоўскі патрыярхат, а вось беларускіх (ну, добра, не беларускіх, Рбшных) журналістаў ці выкладчыкаў? Каго вы хочаце выхаваць?

Прабачце, дурацкае пытаньне. «Хочаце выхаваць» у гэтым кантэксьце не пасуе. Нікога яны ня хочуць выхаваць, папросту ім скамандавалі, што і як казаць, якую інфармацыю зь якога боку падаваць. І яны выконваюць загад. Бо прызвычаіліся. Бо ўсе так робяць.

Заняткі ў гуртку «Юный защитник Отечества» ў адной з мінскіх школ. Фота: minsknews.by

Усе так робяць, і мы мусім у выніку мець маладых людзей, якія не арыентуюцца ў тым, што адбываецца (і адбывалася) у сьвеце, якія інтуітыўна адчуваюць, што нешта тут ня тое, але паслухмяна выконваюць загады.

Якія лічаць, што нельга парушаць закон, і не разумеюць, што гэты «закон» увесь час перапісваецца так, як зручна ўладзе на дадзены момант. То-бок, гэта й законам нельга назваць — так, набор правілаў для жыцьця на пэўнай тэрыторыі ў пэўны час. Зьмены ў якім пажадана адсочваць, каб ня сесьці ў турму за лайк ці перапост.

Пакаленьне, для якога мінуўшчына пачынаецца зь «Вялікага Кастрычніка»

Мінуўшчына для гэтых людзей новай фармацыі пачынаецца з «Вялікага Кастрычніка», які сьвяткуецца штогод і які нібыта даў Беларусі дзяржаўнасьць. Да гэтага былі ўсялякія княствы — Полацкае, Тураўскае, Вялікае Літоўскае... Але княствы мы ў сваё мінулае не залічваем — усе гэтыя князі-фэадалы, тым болей літоўскія, да нас ня мусяць мець аніякага дачыненьня.

Мы ж людзі простыя. Таму пачынаем з Кастрычніка, а потым адразу — Вялікая Айчынная. І ў ёй не было СМЕРШаў, загранатрадаў, масавае здачы ў палон напачатку, бяздумных загадаў камандзіраў-самадураў, амэрыканскае дапамогі, лэндлізу, гвалту, марадзёрства. Не было кантэйнэраў, якія з Захаду савецкія афіцэры адпраўлялі дадому — з трафэямі — мэбляй, дыванамі, сэрвізамі і карцінамі... Быў адно подзьвіг савецкага народу.

Што будзе рабіць паслухмяны беларускі рэзэрвіст

Зробім невялічкае лірычнае адступленьне. Калі ў краіне атабарылася цяперашняя тады яшчэ маладая ўлада, я выдатна разумеў, што становішча небясьпечнае, і можа быць вайна. Ня трэба скептычна ўсьміхацца, я слухаў парадаксальныя выказваньні народнага лідара і разумеў, што ўсё можа ўрэшце выбухнуць.

Малюнак Лявона Вольскага

Я маю надта запатрабаваную вайсковую спэцыяльнасьць, і таму плян быў такі: пры ўзьнікненьні міжнароднае напружанасьці ў нашым рэгіёне, як толькі прыносяць позву з ваенкамату, перасоўвацца ў лясы на літоўскую мяжу. І там у вёсках хавацца па знаёмых (шмат у каго бацькі там пакуплялі хаты яшчэ ў 1980-я), і пры зручным моманце спрабаваць гэтую мяжу перайсьці.

Сьмешнаваты, наіўны «плян Б», але, прынамсі, у мяне і ў думках не было «прыбыць на зборны пункт для далейшага разьмеркаваньня», бо я ня быў гатовы — ды чаго там! — зусім не хацеў ваяваць з НАТА за Лукашэнку.

А цяперашнія рэзэрвісты, атрымаўшы позву сёньня позна ўвечары, сьпяшаюцца, каб пасьпець даехаць у Горадню заўтра а 10-й раніцы, бо так прадпісана ў афіцыйнай паперцы...

Дзяржаўная праца ў галіне заблытваньня, дызарыентацыі і разгубленасьці народу вядзецца штодня. Такім народам лягчэй кіраваць. Яшчэ лепей, калі падлучыць бездакорнае стэрылізаванае гераічнае мінулае з трафарэтнымі штампамі тыпу «Дзяды ваявалі».

І што будзе рабіць паслухмяны рэзэрвіст, якому дадуць у рукі разьдзяўбаны АКМ і загадаюць браць вышыню, якая знаходзіцца на тэрыторыі суседняй дзяржавы? Ці адмовіцца выконваць загад?

Як вы думаеце?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(56)