«Вось такія прыгоды – у 37 здаваць экзамен за сярэднюю адукацыю ды на партугальскай»

Пра выбары ў Бразіліі, прадказанне мясцовага ілюстратара, як будзе выглядаць дыктатар у Беларусі, і прамовы Вольгі Брыцікавай, «Салідарнасці» распавяла культуралагіня Вольга Ермалаева Франко з Наваполацку.

Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці». Фота: Pedro Fratino

Воля трапіла ў Бразілію, закахаўшыся ў мясцовага хлопца. Аднак сонечнае, насычанае, пазітыўнае жыццё ў гэтай краіне не прымусіла забыцца пра Бацькаўшчыну. Разам з іншымі беларусамі Вольга стварыла тут Народную амбасаду Беларусі.

— Я пераехала ў Бразілію ў 2011-м, у 2012-м мы з Патэрсанам пабраліся шлюбам. Муж вывучыў беларускую мову, абараніў магістарскую і доктарскую дысертацыі па беларускай тэматыцы.

Я не з тых, хто не ведалі адно аднаго да лета 2020-га (усміхаецца). Не з абуджаных у 2020-м, без прэтэнзій да гэтых людзей.

Для мяне даўно было зразумела, што ў Беларусі дыктатура, што гэта не жартачкі, а вельмі сур’ёзная праблема.

«Патэрсан мяне заўсёды пытаў: «Чаму вы не пратэстуеце да выбараў? Вы ж ведаеце, што іх сфальсіфікуюць»

У 2006-м непаўнагадовая тады Воля з жахам назірала, як саджалі яе аднакурсніц. Неўзабаве яе адлічылі з журфака БДУ, за супрацоўніцтва з незалежнымі медыя.

— У 2010-м я жыла ўжо не ў Беларусі, але вельмі перажывала. Памятаю, як знік Някляеў. Памятаю ганебныя словы дыктатара: «Думаеце, мы яго недзе забілі? Больш такога не дачакаецеся!»

Але тады невялікая частка грамадства была гатова да супраціву. Мы спачатку чакалі выбары і, калі іх сфальсіфікуюць, – тады ўжо можна пратэставаць. Патэрсан мяне заўсёды пытаў: «Чаму вы не пратэстуеце да выбараў? Вы ж ведаеце, што іх сфальсіфікуюць». Але ж мы па правілах, мы ж толькі на зялёнае святло пераходзім дарогу.

У 2020-м спачатку нават не верылася, што будзе нешта іншае за 2015-ы, калі пратэст быў мінімальны. Калі пайшоў пратэстны рух у Беларусі, наша дыяспара таксама падключылася.

Народныя амбасады, якія ўзніклі ў Бразіліі і ў дзясятках іншых краін па свеце, — гэта таксама пра яднанне. Пра неабходнасць прадстаўніцтва беларускай дыяспары ў свеце, якое не было б звязана з рэжымнымі структурамі.

У 2020-м стала зразумела, што дыяспара беларусаў па ўсім свеце — гэта таксама частка беларускага народа, дзе б ён ні знаходзіўся. Адчуванне адзінага непадзельнага арганізма. Як бы нас ні намагаліся ўвесь час раздзяліць: на сваіх і чужых, на з’ехаўшых — не з’ехаўшых.

Народная амбасада — нефармальнае ўтварэнне, збольшага гэта культурная дыпламатыя і камунікацыя з мясцовымі медыя, дзе мы можам расказваць што адбываецца ў Беларусі. Даносіць нейкую інфармацыю ад імя народу, а не ад імя рэжыму.

«Цяпер пра гэта ўсё менш гавораць, а жахі робяцца ўсё большыя»

— У вашым родным Наваполацку пратэст у 2020-м і пасля быў вельмі моцны. Перадусім узгадваю лідэрку незалежнага прафсаюза «Нафтана» палітзняволеную Вольгу Брыцікаву, якая і цяпер у турме. Якія былі пачуцці?

— Апошні раз у Беларусі я была ў 2018-м. Шмат хто згадвае той час як «вегетарыянскі», калі «ўсё было супер». Але я памятаю свае ўражанні ад той вандроўкі.

Сустракала людзей, якія казалі, як стала свабодна, як усё змянілася за апошнія 6 гадоў. Казалі пра лагодную беларусізацыю, пра тое, што з’явіліся новыя цікавыя арт-прасторы – Корпус, Годна, Сядзіба, Symbal.by – фестывалі ды творчыя пляцоўкі.

Я вельмі скептычна ставілася да гэтых натхнёных заяваў, бо ўвесь час лунала ў паветры даўно забытае адчуванне каўпака КДБ. Нейкае напружанне ў паветры, адчуванне «асцярожна, не ляпні чаго». Нейкія позіркі сяброў: маўляў, што ты такое кажаш, давай цішэй. Разумела, што ў нас розныя ўяўленні пра адлігу і мяккую беларусізацыю.

Забытае адчуванне прысутнай у паветры дыктатуры ў 2018-м у мяне вельмі моцна абвастрылася. Было нейкае прадчуванне бяды. І яно вельмі хутка апраўдалася.

Мне расказвалі, якія ў нас крутыя фестывалі, а на другі дзень прышлі «маскі-шоу» у БелаПАН і на TUT.BY. Так званы белтаўскі працэс, поўны цырк, калі суды яшчэ былі адкрытыя. Тады і не засталося сумневу, што ўсе размовы мінулага дня – такія сабе ілюзіі.

Сябры, у якіх я спынялася ў 2018-м, калі прыязджала ў Менск, цяпер у турме як палітзняволеныя. Сядзяць за салідарнасць і з вялікімі тэрмінамі.

У 2020-м сачыла за навінамі 24/7, захаплялася прамовамі Вольгі Брыцікавай на «Нафтане». Я была вельмі ўражаная, што у Наваполацку людзі выйшлі. Што моцны прафсаюзны рух. Бо, шчыра, я не вельмі чакала ад Наваполацка такой актыўнасці. Думаю, і самі беларусы ў рэгіёнах не чакалі ад сябе такога.

Я ганарылася што родны Наваполацк са мной на адным баку. Ганарылася, што я з Наваполацку. З іншага боку, было жахліва даведвацца пра рэпрэсіі, якія працягваюцца.

Кашмарна і тое, што цяпер пра гэта ўсё менш і менш гавораць, а жахі робяцца ўсё большыя і большыя. Затрымліваюць усё больш людзей, у тым ліку і ў Наваполацку. Часам даведваемся, што чалавек ужо год як сядзіць, а сваякі маўчаць. І пра такога свайго аднакласніка даведваешся толькі з сайта «Вясны». Гэта страшна. 

«Перамога Украіны — наша агульная справа»

— Мы займаемся культурнымі мерапрыемствамі, звязанымі з выставамі, літаратурнымі праектамі, перакладамі і сувязямі з медыя. Каб распаўсюджваць інфармацыю пра Беларусь, пра рэпрэсіі, дыктатарскі рэжым і пра супрацьстаянне яму.

Гэта вырасла ў такія праекты як «Вершы з-за кратаў», створаны Народнай амбасадай разам з ініцыятывай «Вольныя паштоўкі» — сайт, дзе публікуюцца вершы нашых палітзняволеных і некаторыя іх пераклады, у тым ліку на партугальскую мову.

На пратэсце супраць вайны ва Ўкраіне са спадарыняй Даротай Астроўскай-Кобас, кіраўніцай палітычнага аддзела Дэлегацыі Еўрапейскага саюза ў Бразіліі, 22 лютага 2026, Сан-Паўлу. Фота: Pedro Fratino

У Бразіліі таксама ёсць досвед дыктатуры, з 1964 па 1986. Дагэтуль за тагачасныя злачынствы ніхто не пакараны, і гэта мяне вельмі засмучае. Бо ёсць даказаныя выпадкі гвалту, катаванняў. У тым ліку катаванняў людзей, якія цяпер прыйшлі да ўлады, а тады былі рэпрэсаванымі. Як нашая былая прэзідэнтка Дылма Вана Русеф. Вядома, хто яе катаваў, але нават гэты чалавек не пакараны. 

Дарэчы, пра бразільскі досвед дыктатуры ёсць цудоўная дзіцячая кніжка Аны Марыі Машаду Жыў-быў Тыран, якая выйшла ў маім перакладзе на беларускую папяровай кнігай ў выдавецтве «Słowianka» і ў аўдыяверсіі на «Кніжным возе». Яна насамрэч вельмі пра Беларусь і пра нашыя мірныя пратэсты 2020-га.

А яшчэ адметнасць кнігі ў тым, што ілюстратар Габар Гэсьці нейкім невядомым чынам яшчэ ў 1982 годзе прадказаў, як будзе выглядаць дыктатар у Беларусі.

— Вы актыўна падтрымліваеце і Украіну. Нават калі б не ведала, што вы з Наваполацка, вырашыла б, што з Украіны. Наколькі больш у Бразіліі ведаюць пра Украіну і вайну ў параўнанні з падзеямі ў Беларусі?

Акцыя «Станчым самбу на тварах тыранаў» на карнавале ў Саўвадоры, 24 лютага 2025

— У 2022-м у Бразіліі Украіна была ўвесь час у тэлевізары і ў навінах. І дагэтуль сюды прызджаюць людзі, што ўцякаюць ад вайны. Было шмат гуманітарных праграм, з пачатку вайны тут для ўкраінцаў зрабілі гуманітарную візу, спрошчаную легалізацыю, якая працавала да гэтага году.

У Бразіліі быў пэўны ўсплеск міграцыйнай хвалі, і беларуская дыяспара таксама ўключылася. Я таксама дапамагала украінцам і з перакладамі, і з дакументамі, і з вывучэннем партугальскай. Перамога Украіны — наша агульная справа, за нашу і вашу свабоду.

Таксама пачала перакладаць не толькі беларускую, але і украінскую паэзію на партугальскую мову. Займаюся і тым, што спрабую данесці да бразільцаў украінскі дыскурс праз літаратуру. Летась мы з мужам пераклалі на партугальскую, апублікавалі і зрабілі прэзентацыі ў сямі гарадах зборніка загінулага ва Украіне Максыма Крыўцова Вершы з байніцы.

Гэта быў наш першы досвед перакладу кнігі з украінскай на партугальскую. А сёлета выйшла першая кніга, якую пераклала з украінскай на беларускую — Крык на тэрыконе, гэта таксама вершы Максыма Крыўцова.

Таксама я праілюстравала новую кнігу вершаў Ганны Янкуты Надзейны сродак ад прывідаў. Такі ў мяне перыяд дэбютаў. І я вельмі шчаслівая, што гэта адбываецца ў маім жыцці, хоць і не ўсё так лёгка.

Здаецца, гэта ўжо лад жыцця, бо я не магу гэтага не рабіць. Зразумела, жыць з гэтага складаней, бо шмат валанцёрскай працы. Зарабляю рознымі перакладамі: і вуснымі, і тэхнічнымі. Выкладаю мовы, беларускую і партугальскую.

У мужа больш стабільнае становшча, ён таксама займаецца перакладамі, але і выкладае ва ўніверсітэце ангельскую мову. Ён доктар лінгвістыкі і прафесар у Федэральным універсітэце штата Баія.

— Вы даўно ў эміграцыі, хай і не вымушанай да пэўнага моманту. Што было самае цяжкае?

— У мяне бразільскае грамадзянства, гэта безумоўны і агромністы плюс. Але неяк так выйшла, што праз 14 гадоў жыцця тут зразумела: ў мяне няма дакумента, які б пацвярджаў маю адукацыю.

Здавалася — на халеру мне такі дакумент? Напрыклад, каб уладкавацца ў дзяржструктуру ці прайсці нейкі дзяржаўны конкурс. Напрыклад, на пасаду судовага перакладчыка.

За прызнанне дыплома змагаюся ўжо гадоў восем, і канца гэтаму не бачна. Я скончыла магістратуру ў Бразіліі. Але пры гэтым неяк так вось выйшла, што магістратуру скончыць можна, а конкурс прайсці нельга. Зараз збіраюся на экзамен пацверджання сярэдняй адукацыі.

У Бразілі дагэтуль існуе праблема непісьменнасці дарослага насельніцтва. І часам яны пасля працы ходзяць давучвацца. А таксама ёсць магчымасць здаць экзамен без даведкі аб наведванні школы. І гэта цудоўна — бо я таксама магу яго здаць. Без усялякіх даведак з апастылямі. Каб пацвердзіць, што я калісьці вучылася ў школе.

Вось такія прыгоды — пайсці здаваць экзамен за сярэднюю адукацыю ў 37 гадоў ды на партугальскай.

«У Бразіліі сапраўды выбары не фальсіфікуюць. Гэта быў мой культурны шок»

— У 2018-м, калі я апошні раз наведвала Беларусь, адбыліся і вельмі трагічныя эпізоды: смерці Алеся Ліпая, стваральніка БелаПАН, і Аляксандра Кулінковіча, лідара Нейра Дзюбеля. Вялікая страта для Беларусі і моцны ўдар. Трагічныя падзеі і трывожныя знакі.

Было прадчуванне вялікай бяды, бо здавалася, што ўсе гэтыя лагодныя беларусізацыі вельмі ненадоўга. І зараз як прыцісне, то будзе абы што. І будзе трагічна. Недарма так здавалася. Хаця ў 2020-м мы і перажылі масавы ўздым эйфарыі, яднання. І гэта было важна і варта. І ўжо немагчыма выкрасліць.   

У 2020-м я не галасавала. Увогуле за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі ў Бразіліі не адкрывалі ўчасткі для галасавання.

Але ў 2020-м я ўпершыню галасавала на бразільскіх выбарах. Абіралі прэфектаў і гарадскіх дэпутатаў. А ў 2022-м — прэзідэнта, сенатара, губернатара і дэпутатаў.

І як толькі ў мяне з’явілася магчымасць галасаваць, я ўдзельнічала ў выбарах, а таксама ўжо двойчы была ў выбарчай камісіі.

У Бразіліі сапраўды выбары не фальсіфікуюць. Вядома, што так і павінна быць у дэмакратыі, але мне як беларусцы было сапраўды дзіўна пабачыць такое.

Памятаю выбары 2012-га, быў другі тур, але да апошняга ніхто не ведаў, хто ж пераможа. Вось гэта быў мой культурны шок.

Было адчуванне, што ўсе згаварыліся, і мне проста не кажуць праўду. Бо як гэта (смяецца)? Ужо вечар выбараў, а ніхто не ведае, хто пераможа. Ну, блін!

У Беларусі мы дату яшчэ не ведаем, а ўжо ведаем, хто пераможа. Не трэба нават ведаць імёны кандыдатаў, каб ведаць каго аб’явяць пераможцам. Таму для мяне гэта было вельмі дзіўна.

У беларускіх выбарах мне не давялося паўдзельнічаць ніколі ў жыцці насамрэч. А ў бразільскіх — чацвёрты раз будзе сёлета.

Вельмі класна быць сябрам выбарчай камісіі, калі глядзіш, як прыходзіць увесь раён, правяраеш дакументы, выдаеш квіточкі. Бо з 18 да 70 гадоў у Бразіліі галасаванне абавязковае (інакш выпісваюць невялічкі штраф). І вельмі радасна глядзець, як мясцовае насельніцтва, маладыя і сталага ўзросту, ідуць рабіць тое, на што сапраўды могуць паўплываць.

Інтэрв’ю з выдаўцом Зьмітром Строцавым пачалося з яго верша: «Я хочу быть хорошим, очень хорошим. Лучше всех. Но я в небо подброшен, кем-то подброшен, жопой вверх». Ці быў у вас такі перыяд, і што дапамагае?

Цыркавы спектакль на палотнах «Брэменскія музыкі»

— Вельмі адгукаецца гэты верш, сапраўды, ёсць такое адчуванне. Што ты ўсё намагаешся-намагаешся, а цябе нібыта падкінулі і круціся як хочаш. І на якія лапы прызямляцца, калі ты не котка? (усміхаецца).

Але гэта не адмяняе прыгажосці палёту. І спадзеву на нейкае прызямленне ды настрой рабіць далей. Бо здавацца таксама не варыянт.

І вось тут важна ўзбадзёрыцца, сказаць сабе ды іншым: «Давайце мы перастанем ужо ныць, што мы гаротныя-бядотныя!» Бо наша сітуацыя не найгоршая ў свеце.

Мы і наша дзяржава насамрэч афіцыйна існуем. І наша беларуская літаратура — чытаць-не перачытаць. І наогул шмат чаго ёсць. Беларуская музыка – асобны феномен. Мой муж калісьці захапіўся слуханнем беларускай музыкі і праз яе, праз нашу мову, пазнаваў Беларусь.

З уласнаручна створанай гравюрай «Плошча Перамен»

Мы заўсёды параўноўваем сябе з тымі, у каго выходзіць лепей. Але мы таксама не мусім сябе абясцэньваць і неяк прыніжаць. 2020-ы акурат і паказаў нам, што мы класныя. І ў нас усё яшчэ можа атрымацца.