«Забярыце – гэта – ваша»

У Вільнюсе прайшла акцыя супраць гібрыдных атакаў рэжыму Лукашэнкі.

У нядзелю днём каля Амбасады Беларусі ў Літве прайшла акцыя супраць гібрыдных атакаў рэжыму. Удзельнікі, сярод якіх былі прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, былыя палітзняволеныя і проста неабыякавыя, падкрэслілі: «Агрэсіўная палітыка Лукашэнкі не адлюстроўвае пазіцыю беларускага народа».

Прадстаўнікі Офіса лідаркі дэмсілаў Беларусі ўсталявалі каля плоту амбасады невялікую інсталяцыю: да скрынак прымацавалі геліевыя шары з надпісам «Забярыце – гэта – ваша». Так яны сімвалічна «вярнулі» рэжыму яго ўласныя гібрыдныя атакі і падкрэслілі, што беларускае грамадства не падзяляе такіх дзеянняў.

– Гэта – не кантрабанда. Гэта – пагроза бяспецы палётаў і частка вялікай гібрыднай вайны, якую Расія разам з рэжымам Лукашэнкі вядзе супраць Еўропы, – агучыла Ганна Красуліна, паведамляе прэс-служба Святаланы Ціханоўскай. – Мы павінны супрацьпаставіць гэтаму нашае адзінства – не сварыцца, а дзейнічаць разам, выпрацоўваць сумесныя адказы агрэсарам.

Станіслава Гліннік дадала: «Я сёння тут, таму што мне важна сказаць: я беларуска, і я супраць таго, каб з тэрыторыі маёй краіны атакавалі Літву. Я салідарная з народам Літвы і хачу, каб усе ведалі, што большасць беларусаў не падтрымліваюць агрэсію рэжыму Лукашэнкі супраць суседзяў».

Ганна Златкоўская пракаментавала: «Быць беларусам сёння цяжка – кожны раз даводзіцца даказваць, што дзеянні рэжыму ідуць у разрэз з асабістымі маральнымі прынцыпамі. Асабліва цяжка, калі жывеш у іншай краіне, а дыктатура працягвае свае атакі нават тут, дзе ўпершыню за шмат гадоў адчуў дыханне свабоды. Таму так важна паказаць Літве і літоўцам, што нам, беларусам, ненавісна ўсё, што выходзіць ад лукашэнкаўскай сістэмы».

Выказалася супраць гібрыдных атак і Святлана Ціханоўская. Яе відэазварот быў зроблены на англійскай і літоўскай мовах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(12)