23 чэрвеня Мінскі гарадскі суд плануе разглядзець апеляцыйную скаргу Андрэя Дзмітрыева на рашэнне суда Маскоўскага раёна, паведаміла Народнай Волі паплечніца палітыка Таццяна Караткевіч.
– У СІЗА Андрэй трымаецца, наколькі гэта магчыма, а далей усё будзе залежыць ад таго, у якое месца яго накіруюць для адбыцця пакарання, – сказала Караткевіч.
3 мая ў Андрэя Дзмітрыева памерла маці, але на пахаванне ён не патрапіў.
— Цяжка, безумоўна, калі не можаш правесці ў апошні шлях самага блізкага табе чалавека. Гэта балюча, Андрэй з гэтай нагоды вельмі перажываў. Ён ведаў, што мама хварэе, і, упэўнена, што быў бы з ёй побач у апошнія хвіліны жыцця. Ён не забываўся пра маці ніколі, наведваў яе рэгулярна, нягледзячы на тое, што яна жыла ў Расіі.
Але ў апошніх лістах ад Андрэя не толькі сум і роспач, але гучаць і пазітыўныя ноткі. Часам падаецца, што ў тых, хто за кратамі, нават больш пазітыва, чым у некаторых людзей, якія знаходзяцца на волі. Спадзяюся, што такі настрой у Андрэя Дзмітрыева застанецца і ў калоніі, – распавяла Караткевіч.
Яна дадала:
– У Андрэя трое сыноў, двое з іх – яшчэ школьнікі. Таму жонцы Андрэя даводзіцца зараз адной і працаваць, і дзяцей даглядаць. Гэта няпроста.
Нагардаем, суд Маскоўскага раёна Мінска прызначыў палітыку паўтара года зняволення ў калоніі, але да разгляду апеляцыі Андрэй Дзмітрыеў знаходзіцца ў СІЗА.