Адкуль у Заслаўі тры помнікі князю Ізяславу
«Салiдарнасць» прыгадвае старонкі найноўшай гісторыі аднаго з найстарэйшых гарадоў Беларусі.

Для тых, хто ўпершыню патрапіць у Заслаўе на экскурсію, напэўна, будзе сюрпрызам існаванне ў горадзе адразу трох помнікаў князю Ізяславу, у гонар якога паселішча і адтрымала сваю назву больш за тысячу гадоў таму.
Сюрпрыз гэты не толькі ў іх колькасці, але і ў якасці аднаго з іх. Але пра гэта трошкі пазней. Для пачатку некалькі словаў пра полацкую князёўну Рагнеду і яе сына Ізяслава.
Паводле аднаго з найбольш ранніх летапісных збораў Русі — «Аповесці мінулых часоў» — пасля няўдалага замаху на мужа, кіеўскага князя Уладзіміра, Рагнеда разам з сынам Ізяславам была адпраўленая ў горад Ізяслаўль.
Нібыта князь Уладзімір загадаў збудаваць яго для былой ужо жонкі і сына. Лічыцца, што той горад месціўся на месцы, вядомым нам, як заслаўскае гарадзішча Замэчак.

Паводле летапісаў, Рагнеда мусіла стаць жонкай князя Яраполка, брата Уладзіміра. І калі ў Полацку з’явіліся сваты ад Уладзіміра, яна адмовіла ім.
Тады Уладзімір пайшоў на Полацк войскам. Бацька Рагнеды, князь Рагвалод, не здолеў спыніць жаніха. Ён захапіў горад, згвалтаваў Рагнеду на вачах у бацькоў і братоў, а потым забіў усю яе сям’ю.
Вось што летапісы кажуць пра няўдалы замах. Уладзімір нібыта цудам прачнуўся, калі Рагнеда паспрабавала забіць яго. Ён не стаў забіваць яе ў адказ, бо за маці заступіўся іхні сын Ізяслаў.
Зрэшты, ёсць і альтэрнатыўны погляд на апісаныя ў летапісах падзеі. Пра яго «Салідарнасць» падрабязна пісала некалькі гадоў таму.
Мы ж вернемся ў нашы дні, каб расказаць пра заслаўскія помнікі Ізяславу і Рагнедзе.

Першы помнік, прысвечаны Рагнедзе і яе сыну, быў усталяваны ў 1993 годзе каля мясцовага Дома культуры. Тады гэта быў фактычна ўскраек Заслаўя, які да нашых дзён значна забудавалі.
Помнік адлюстроўвае вядомую нам з летапісаў сцэну — маленькі сын бароніць непакорлівую маці-князёўну.
Аўтарам помніка з’яўляецца скульптар Анатоль Арцімовіч.

Сімвалічна, што аўтарам другога помніка Ізяславу ў Заслаўі стаў вучань Арцімовіча скульптар Аляксандр Прохараў. Ягоны помнік урачыста адкрылі падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў верасні 2014-га.

Тут ужо мы бачым дарослага Ізяслава з кнігай у адной руцэ і з мячом у другой. Кніга нагадвае пра тое, што Ізяслаў адным з першых увёў у Полацкім княстве навучанне пісьму. Яго ці не першым з князёў Рурыкавічаў праз гэта назвалі «кніжнікам».
А вось трэці помнік Ізяславу, калі яго так можна назваць, нагадвае стары савецкі анекдот: «Экскурсавод дэманструе наведнікам шкілет героя грамадзянскай вайны Чапаева. Хтосьці з турыстаў пытае: «А што гэта за маленькі шкілецік побач?» Гід адказвае: «Гэта Чапаеў у дзяцістве».
У нашым выпадку атрымалася наадварот. У 2017-м на ўскрайку горада побач з АЗС «Беларуснафты» з’явілася скульптура Ізяслава. Фактычна, гэта фантазія на тэму, як князь мог бы выглядаць у сталым веку. Нагадаем, што паводле летапісных звестак князь памёр у 1001 годзе ў 21 год.

Трэці скульптурны Ізяслаў атрымаўся каржакаватым, моцна збітым. Сваім выглядам, кальчугай і зброяй ён больш нагадвае герояў Толкіна, чым гістарычнага персанажа. У выніку яго так і празвалі ў сацсетках — «баявы заслаўскі гном».
Зрэшты, усе працы скульптара Уладзіміра Каноніка, а менавіта ён аўтар трэцяй скульптуры, падкрэслена фэнтэзійныя. І многія з іх усталяваныя побач з АЗС на замову «Беларуснафты».
Хтосьці можа запярэчыць, што прыжыццёвай выявы князя Ізяслава не захавалася. Адпаведна, сёння ніхто не можа ведаць, як ён выглядаў хоць бы прыблізна. А таму ўсе спробы ўвасобіць ягоны вобраз у карцінах ці скульптурах будуць чыстай фантазіяй.
Гэта слушная заўвага. Але ці варта пускацца ажно ў такія смелыя эксперыменты, вынікам якіх робіцца суседства і блізка не падобных скульптурных вобразаў —пытанне дыскусійнае.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное