Выборы-2020

Айцішніца, якая плакала ад адчаю пасля выбараў-2019: «Мне больш сімпатычная пазіцыя Ціханоўскага»

30-гадовая Ганна Толчыкава перакананая, што ўлада зменіцца.

Ганна стала знакамітай мінулай восенню: дзяўчына пайшла ў назіральнікі на парламенцкіх выбарах і працавала на ўчастку, дзе дэпутатам зрабілі Генадзя Давыдзьку. Але сутыкненне з цынічнай рэальнасцю беларускай палітыкі шакавала дзяўчыну. Убачыўшы на ўласныя вочы, як робяцца выбары, Ганна проста расплакалася ад адчаю.

Але ж гэта, пiша Наша Нiва, толькі загартавала дзяўчыну. Сёлета яна з галавою акунулася ў прэзідэнцкую выбарчую кампанію. Толчыкава збірала подпісы ў ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай і зноў плануе стаць назіральніцай.

– Я запісалася да каго магла, у чатыры ініцыятыўныя групы: Бабарыкі, Цапкалы, Ціханоўскай і Губарэвіча. Але мне больш за ўсё сімпатычная пазіцыя Ціханоўскага. У тых, хто гуртуецца вакол Бабарыкі і Цапкалы, іншы падыход, яны думаюць, што дэмакратычным шляхам можна дамагчыся пераменаў: прыгожа ў белых кашулях падамо подпісы…

Я гэта перарасла і разумею, што нам патрэбен пратэстны патэнцыял. На гэтай, наступнай прыступцы і стаіць Ціханоўскі, які актывізаваў людзей на адсутнасць страху, на выхад на вуліцу і актыўныя дзеянні. Гэта мне блізка.

І ў Ціханоўскай было мала людзей. Можа, некаторыя баяліся, што будзе горача. Але я была гатовая, таму збірала подпісы ў яе ініцыятыўнай групе.