«Амаль уся Беларусь размаўляе па-расейску не таму, што яна так вырашыла. Гэта вырашылі за іх у Маскве»

Дзмітры Гурневіч адказвае Рыгору Астапеню.

Дзмітрый Гурневіч

Журналіст Дзмітрый Гурневіч адрэагаваў на словы дырэктара «Беларускай ініцыятвы» Chatham House Рыгора Астапеня пра стан і перспектывы беларускай мовы ў Беларусі.

— Са здзіўленнем слухаў словы Рыгора Астапені ў «ТОКу» аб тым, што яму не вельмі падабаюцца спробы неяк уплываць на беларусаў у плане беларусізацыі, — піша Гурневіч. — Наколькі я зразумеў, Рыгору не падабаецца ўплыў зверху, неяк арганізавана.

Маўляў, усё вырашыцца неяк само, калі будуць роўныя ўмовы. Сказаў ён літаральна наступнае:

— Беларусы нармальныя. Не трэба з беларусамі рабіць нейкія працэсы, адраджаць, перавучваць. Працэс развіцця — гэта і ёсць працэс нацыябудаўніцтва. Трэба даць людзям свабоду, магчымаць зарабляць грошы. Гэта тое, пра што казаў Бабарыка.

А свядомасць сфармуецца сама. Яна і зараз фармуецца. Калі будуць створаныя адпаведныя ўмовы, калі беларуская мова будзе адкрыта канкураваць з расейскай, тады і з’явіцца больш беларускамоўных прадуктаў. Мы ўжо перараслі той момант, калі думалі, што Беларусь будзе беларускамоўнай. Я думаю, што ўжо досыць відавочна, што не.

Так кажа Рыгор, якога я вельмі шаную, але з якім тут не згодны. Я не веру, што свядомасць фармуецца сама. Гэта заўсёды адбываецца ў кантэксце, які фармуецца ўладамі, СМІ, элітамі, абставінамі або выпадковасцямі. Але часцей акурат арганізавана, дзяржавай.

Гэта садкі, школа, універсітэт. І калі нашым бацькам талдычылі, што яны савецкія людзі, то многія ў гэта паверылі і прынялі такую свядомасць. Яны ж не самі яе абралі, хаця некаторыя могуць так думаць.

Расійскамоўныя шыльды у радзівілаўскім Нясвіжы

Калі сёння большасць беларусаў лічаць асноўным сябрам Расею, то гэта не таму, што яны дайшлі да гэтага глыбокім аналізам, а таму, што інфармацыйны ўплыў самой Расеі і прапаганды Лукашэнкі прывялі іх да такой высновы.

Амаль уся Беларусь размаўляе па-расейску не таму, што яна так вырашыла. Гэта вырашылі за іх у Маскве, а мясцовыя рэнегаты зрабілі ўсё, каб іх перавучыць.

Падыход, што «рынак усё адрэгулюе», або што сітуацыя свабоднага выбару ўсё вырашыць, на маю думку, заганны. Бо гэты вакуум, які ўтворыцца, імгненна запоўняць больш падрыхтаваныя цэнтры ўплыву.

Калі няма моцнай эліты, якая спрабуе ўплываць на сваё грамадства, улады, якая імкнецца да таго, каб свядомасць гэтага народу захавалася, то і свабода нічога не дасць.

Тая ж Расея або яе «агенты ўплыву» будуць у гэтай свабодзе рэалізоўваць свае інтарэсы. І я перакананы, што ў іх атрымаецца лепш. Менавіта таму ў будучыні трэба проста адключыць расейскія каналы. Калі няма літоўскіх, ці польскіх, то не павінна быць і расейскіх.

Калі б ніхто на беларускіх землях не займаўся адраджэннем у пачатку XX стагоддзя (па-сутнасці стварэннем), то не было б праз 20 год ніякіх беларускіх партый, арганізацый, суполак і ў выніку дзяржавы.

Хай сабе васальнай, але арганізаванай адзінкі пад назвай Беларусь. Як казаў святы Тамаш Аквінскі, калі нешта круціцца, то значыць, што нехта гэта крутанаў.

Падазраю, што беларускамоўная Беларусь — гэта ілюзія, прынамсі пры нашым жыцці. Але, каб беларусам не знікнуць, мэту трэба ставіць менавіта такую. Немагчыма з калыскі стаць за плуг.

Так, гэта працэс, як кажа Рыгор. Але важна, хто на яго ўплывае. Калі пусціць справы на самацёк, то гарантую, што гэтым працэсам будзе кіраваць нехта іншы. Як казаў Адам Глобус, гэта як бокс на рынгу. Або ты, або цябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(20)