Общество

«Апублікаваў на эмоцыях пост, па мяне прыйшлі». Сын актывісткі Тацяны Канеўскай пра зьняволеньне і эміграцыю

Чаму пасьля вызваленьня многія палітвязьні вымушаныя эміграваць зь Беларусі, зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца за мяжой, як нядобрасумленныя працадаўцы іх падманваюць на грошы. Радыё Свабода пагаварыла з сынам Тацяны Канеўскай, заснавальніцы ініцыятывы «Матчын рух 328» Дзьмітрыем.

Дзьмітры Канеўскі разам з маці Тацянай Канеўскай, архіўнае фота

Дзьмітры Канеўскі — былы палітвязень, які аседзеў 3 гады за адзін камэнтар у тэлеграм-чаце «Гомель Советский 97%». Там ён эмацыйна напісаў, што ягонага лідзкага сябра забілі АМАПаўцы, і заклікаў да гвалту ў дачыненьні да міліцыянтаў.

Тэрмін Дзьмітры адбываў у івацэвіцкай калёніі № 22 «Ваўчыныя норы». Пасьля вызваленьня вярнуўся дадому ў Гомель, але сілавікі стварылі невыносныя ўмовы — мусіў эміграваць, ад сьнежня 2024 году жыве ў Варшаве.

«Мая мама — чалавек, які можа горы зьвярнуць»

Дзьмітры — адзін з чатырох сыноў вядомай гомельскай грамадзкай актывісткі Тацяны Канеўскай, якая стала ў 2017 годзе сузаснавальніцай інцыятывы «Маці 328». Ініцыятыва аб’яднала родзічаў асуджаных за нарказлачынствы — яны змагалася за зьмякчэньне антынаркатычнага заканадаўства.

У 2020 годзе Канеўская стала даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай ў Гомлі.

«Мая мама — чалавек, які можа горы зьвярнуць. Яна працавала ў каледжы народных мастацкіх промыслаў, яшчэ раней пэдагогам-арганізатарам у школе № 47, і ўсюды яе вельмі паважалі. Яна прынцыповая, мэтанакіраваная. Мама часта гаварыла такую фразу:

„Мужчына — галава, а жанчына — шыя. Куды шыя паверне, туды галава і глядзіць“. У нашай сям’і маміна шыя вельмі магутная. Калі яна ўвашла ў каманду Сьвятланы Ціханоўскай, я як сын быў заўсёды побач, стаў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах», — цёпла ўзгадвае сваю маці Дзьмітры.

«Мы з маці былі на адным паверсе СІЗА»

Тацяну Канеўскую затрымалі яшчэ перад выбарамі — 6 жніўня 2020 году. 10 жніўня адбыўся суд у адміністрацыйнай справе, сыны былі на паседжаньні.

«З залі суду маму выпусьцілі, мы разам выйшлі з будынку. Яна кажа: „Забяру ў канваіра свае рэчы“. Зайшла і больш не вярнулася. Пытаемся, дзе яна — ніхто нічога ня ведае. Чалавек зьнік у будынку суду! Едзем у РУУС Савецкага раёну, кажам, што хочам напісаць заяву пра зьнікненьне чалавека. Мы не назвалі нават прозьвішча, а супрацоўнік кажа, што ня трэба нічога пісаць, наша маці тут. З таго часу мы яе больш ня бачылі», — узгадвае сярэдні сын.

Калі Тацяну затрымалі, яе малодшы сын Георгі быў непаўналетнім, вучыўся ў 7 клясе. Яму давялося раптоўна пасталець, бо ўвосень 2020-га то аднаго старэйшага брата, Аляксандра, то другога, Аляксея, саджалі на 15 дзён, потым тэрмін працягвалі.

«Георгі гатаваў сьняданкі і абеды на ўсіх нас, мыў посуд, прыбіраў, бо бацька і браты працавалі. Цяпер яму 17 гадоў, ростам каля 190 см, вагой пад 90 кг — вялікі, сур’ёзны, самастойны хлопец. Ён вучыцца ў каледжы рачнога флёту на электрагазазварніка, нядаўна праходзіў практыку. Зарабляе грошы, робіць рамонт у сваім пакоі. Ён — маё злучво з маці: перапісвае мае лісты, шле ёй у калёнію, зачытвае, калі яна тэлефануе», — кажа старэйшы брат.

Тацяне Канеўскай у жніўні 2020 году інкрымінавалі частку другую 293 артыкулу — «удзел у масавых беспарадках» і артыкул 292 — «захоп будынкаў». У траўні 2021 году ёй прысудзілі 6 гадоў калёніі. Аб прысудзе маці Дзьмітры даведаўся ў гомельскім СІЗА (яго затрымалі 16 студзеня 2021 году).

«Выявілася, што мы з маці былі на адным паверсе СІЗА. Я быў у шоку, калі даведаўся пра тэрмін. Калі сядзеў у ізалятары, атрымаў ліст ад адной жанчыны, якая даслала мне малюнак — твар мамы ў профіль. Празь нейкі час я зразумеў, адкуль яна змалявала гэты партрэт: у газэце „СБ — Беларусь сегодня“ быў здымак мамы ў судзе за кратамі. Пазьней я убачыў гэтую газэту. Тут ужо эмоцыяў было не стрымаць, і я трапіў на 20 дзён у штрафны ізалятар», — кажа Дзьмітры.

«На эмоцыях я апублікаваў допіс, вельмі рэзкі і нецэнзурны»

Што да свайго затрыманьня, тут сышлося шмат неспрыяльных фактараў, хоць Дзьмітры сьцьвярджае, што ён вельмі спакойны, цярплівы, памяркоўны чалавек. Але 2020 год аказаўся для маладога чалавека вельмі цяжкім.

«У чэрвені мы разышліся з маёй грамадзянскай жонкай. Ёй не падабалася, што я шмат часу надаю маці, грамадзкай працы — яна забрала сына і зьехала. Натуральна, у мяне быў стрэс. Далей перадвыбарчая кампанія, выбары — я быў незалежным назіральнікам, канфлікты зь міліцыяй. Потым затрымліваюць маці, я шукаю адваката, зьбіраю ёй перадачы — навалілася ўсё адразу», — узгадвае Канеўскі.

Да таго ж Дзьмітры ніяк ня мог дазваніцца да свайго найлепшага сябра, які жыў у Лідзе, — хацеў павіншаваць з днём нараджэньня, а той не адказваў. Знайшоў у інстаграме ягоную дзяўчыну, запытаўся, чаму не адказвае. А яна адказвае, што сябра больш няма.

«У Лідзе былі пратэсты, майго сябра Антона М. АМАПаўцы паранілі гумавай куляй, ён ня выжыў. Гэта стала для мяне апошняй кропляй. На эмоцыях я апублікаваў допіс, што я думаю пра АМАПаўцаў, вельмі рэзкі і нецэнзурны. Гэта было ў сьнежні 2020-га. А ў студзені па мяне прыйшлі». (РС спрабавала праверыць гэты факт, але не знайшла пацьверджаньня, Дзьмітры пра яго казаў на паседжаньні суду.)

Дзьмітрыю інкрымінавалі 130 артыкул — «распальваньне сацыяльнай варажнечы». У жніўні 2021 году асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі.

«Хто тут саўдзельнік Ціханоўскай?»

Дзьмітры Канеўскі трапіў у івацэвіцкую калёнію № 22 «Ваўчыныя норы».

«У першы ж дзень да мяне ў карантын прыйшоў начальнік рэжымнага аддзелу калёніі Юры Мікалаевіч Молаш і пытаецца: „Хто тут саўдзельнік Ціханоўскай?“ І на 20 дзён мяне адправілі ў ШЫЗА.

У „Ваўчыных норах“ шмат палітзьняволеных і тых, хто сядзяць за „наркатычны“ 328-ы артыкул. Чуткі пра тое, што на зону прыехаў сын Тацяны Канеўскай, разьляцеліся імгненна. І людзі, асуджаныя паводле 328-га, дзякавалі маёй маці, некаторыя пісалі ёй лісты яшчэ ў 2018–19 гадах. Карацей, мне адразу стала лягчэй», — прызнаецца былы палітвязень.

На ўмовы ўтрыманьня ў калёніі Дзьмітры не наракае, а вось ежа, на яго думку, была жудасная. Палітзьняволеныя «жоўтабірачнікі» не маглі займацца спортам.

Адносіны супрацоўнікаў да вязьняў былі дрэнныя: яны пастаянна ладзілі правакацыі, ператрусы па вечарах, усімі спосабамі спрабавалі пасадзіць палітычных у штрафны ізалятар, нават перад самым сканчэньнем тэрміну Дзьмітры трапіў у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) і вызваляўся ужо адтуль. Але паміж зьняволенымі стасункі былі нармальныя, усе разумелі адзін аднаго.

«Мне сказалі, што магу і вярнуцца на зону. Але ўжо на строгі рэжым»

Пасьля адбыцьця тэрміну ў кастрычніку 2024 году Дзьмітры Канеўскі вярнуўся ў Гомель. Яму прызначылі прафіляктычны нагляд на 2 гады, кожную нядзелю ён мусіў адзначацца ў пастарунку. Плюс лекцыі, прапагандысцкія фільмы. Час ад часу маглі выклікаць у РУУС і ў іншыя дні — трэба прыходзіць на «мерапрыемствы».

«Часьцей за ўсё табе даюць венік і палку зь цьвіком — „бычкі“ зьбіраць і падмятаць. Я хадзіў пастаянна, дакладна, калі выклікалі. Аднойчы ў нядзелю прыходжу на чарговае адзначэньне, а мая „куратарка“ кажа, што ў мяне ўжо 25 пропускаў. Я зьдзівіўся, кажу: „Я на волі яшчэ столькі дзён не знаходжуся!“ Карацей, яна склала пратакол і зьбіралася перадаць маю справу пракурору...

Мне дасьведчаныя людзі сказалі, што паколькі ў мяне прэвэнтыўны нагляд, я магу і вярнуцца на зону. Але ўжо на строгі рэжым», — узгадвае Дзьмітры.

Ён зразумеў, што трэба зьяжджаць. У сьнежні апынуўся ў Польшчы. Цяпер чакае рашэньня аб міжнароднай абароне.

«На жаль, ня ўсе працадаўцы аказваюцца сумленнымі»

Дзьмітры Канеўскі прызнаецца, што спачатку было вельмі цяжка. Калі падаеш дакумэнты на міжнародную абарону, афіцыйна да атрыманьня карты побыту (дазволу на жыхарства) працаваць нельга. Чакаць карту можа да 15 месяцаў. На дапамогу ў 750 злотых у месяц у Польшчы ні арандаваць жытло, ні пражыць немагчыма. Два месяцы можна жыць у прытулку.

«Даводзіцца шукаць працу неафіцыйную, без дамовы. Прыкладам, працаваць, як я — „на цяпліцах“. Я так працаваў на клубніцах, малінах, а апошнім часам — у прыватніка ў Лодзі на памідорах. Але, на жаль, ня ўсе працадаўцы аказваюцца сумленнымі», — кажа хлопец.

Калі ўвесну Дзьмітры прыйшоў уладкоўвацца да прыватніка, там працавалі яшчэ 4 чалавекі.

«У выніку застаўся я адзін. А шэф (гаспадар цяпліц) зьехаў разам з жонкай на некалькі тыдняў у адпачынак і пакінуў на мяне ўсю гаспадарку, пачынаючы ад збору памідораў да узважваньня, праверкі паліву, узроўню вады, зьмешваньня ўгнаеньняў, загрузкі машын. Стаўку (25 злотых у гадзіну) — пакінуў бязь зьменаў. Калі я сказаў, што гэтага мала, бо ад пачатку працаўнікоў было 5, а ў выніку я застаўся адзін — хаця б 40 злотых у гадзіну хацеў бы атрымліваць. Яму гэта не спадабалася», — узгадвае Дзьмітры.

А праз гадзіну прыйшла маці гаспадара, загадала аддаць ключы ад пакою, дзе ён жыў. Параіла ў сераду, калі прыедзе яе сын, прыйсьці па разьлік. Дзякуй Богу, сябры дапамаглі зьняць гостэл.

«Калі я прыйшоў у сераду па разьлік, гаспадар мяне «кінуў»: сказаў, што мяне ня ведае і я ў яго не працаваў, — кажа Дзьмітры.

Спачатку вельмі засмуціўся, апынуўшыся без жытла і працы. Знайшоў новую працу дзякуючы допісу, які яго знаёмая апублікавала ў сацыяльных сетках.

«Са мной зьвязаўся генэральны дырэктар кампаніі, узяў мяне на працу, я зараз часова жыву ў яго дома. Мы падпісалі дамову падраду — пасьля 6 месяцаў чаканьня міжнароднай абароны я ўжо маю дазвол на працу ў Польшчы. Праца зьвязаная з камандзіроўкамі. Так што жыцьцё паціху наладжваецца», — кажа Дзьмітры Канеўскі.