Скандалы

Арыштаваны дырэктар Палаца Рэспублікі, адзін з арганізатараў Марафона адзінства

Максім Прыхадоўскі ганарыўся быць ябацькам і лукашыстам. Цяпер мужчына — а ён яшчэ і дэпутат Мінгарсавета — знік з усіх працоўных месцаў. Як стала вядома Нашай ніве, Максіма Прыхадоўскага арыштавалі за карупцыю. Хутчэй за ўсё, ён быў затрыманы 12 жніўня.

Максім Прыхадоўскі. Фота: з асабістай старонкі ў фэйсбуку

Першы намеснік кіраўніка Палаца Рэспублікі Юрый Навумовіч пацвердзіў «Нашай Ніве», што цяпер ён выконвае абавязкі дырэктара. Такая патрэба, па яго словах, з’явілася, таму што Прыхадоўскі «ў адпачынку». Праўда, калі ён вернецца на працу, намеснік падказаць не змог.

Пры гэтым яшчэ адзін супрацоўнік Палаца Рэспублікі — намеснік па тэхнічных пытаннях — меў ужо іншую версію адсутнасці Прыхадоўскага. «Ён на бальнічным — выйдзе ў панядзелак», — паабяцаў Андрэй Лебедзеў, праз пару секунд засумняваўшыся, што, «можа, Максім Анатольевіч і не выйдзе».

Прыхадоўскі таксама з’яўляецца дэпутатам Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, але па тэлефонах, па якіх звычайна да яго можна было запісацца на прыём, ніхто не адказвае.

Яшчэ 11 жніўня мужчына быў у эфіры дзяржаўнага «Радыё Мінск».

Прыхадоўскі нарадзіўся ў 1980-м у Бярозе ў сям’і дактароў. Пасля школы спрабаваў паступіць у вучэльню і інстытут, але не прайшоў. Балаў хапіла на дашкольны факультэт у Брэсцкім педагагічным універсітэце, дзе ён атрымаў дыплом метадыста і дзіцячага псіхолага.

Пасля гэтага працаваў ліфцёрам у бальніцы, потым — канцэртным дырэктарам шансанье-артыста. Дырэктарам Палаца Рэспублікі Прыхадоўскі стаў у 2020 годзе, да гэтага адпрацаваўшы шмат гадоў спецыялістам канцэртнага аддзела.

У сценах Палаца Рэспублікі нарадзіўся «Марафон адзінства», які курыравала нявестка Лукашэнкі Ганна Сялук.

— Палац Рэспублікі быў адным з арганізатараў «Марафона адзінства». «Марафон адзінства» — гэта ўвогуле асаблівая гісторыя ў жыцці нашай краіны. А для Палаца Рэспублікі гэта асаблівая гісторыя ўдвая. Тая вялікая творчая праца, якая была зроблена сумесна з вялікай колькасцю людзей.

Вядома ж, мы разам з Ганнай Сяргееўнай Лукашэнкай прарабілі велізарную працу. Яна была кіраўніком працоўнай групы. Мы ад'ездзілі ўсе гарады з вялікай колькасцю канцэртаў. Паказалі ў разрэзе ўсіх слаёў насельніцтва — ад дзяцей да людзей пажылога ўзросту — наколькі адзіная наша краіна, — расказваў Прыхадоўскі.

За «Марафон» Лукашэнка ўзнагародзіў дырэктара Палаца Рэспублікі медалём «За працоўныя заслугі».

Прыхадоўскі заяўляў у свой час, што ганарыцца быць «ябацькам» і «лукашыстам».

Фота: БЕЛТА

Дома ў арыштаванага дырэктара засталіся жонка і пяцігадовая дачка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(14)