Астапеня: «Прыхільнікі Лукашэнкі таксама хочуць адлігі»

Кіраўнік Беларускай ініцыятывы брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня падзяліўся вынікамі новага апытання. 

— Адлігі, зразумела, што хочуць палова беларусаў. Але цікава, што яе хочуць і прыхільнікі Лукашэнкі, — падзяліўся сваім меркаваннем Рыгор Астапеня на канале Гадзіннічак цікае.

Рыгор Астапеня

Па яго словах, гэта вынікае з новага апытання, якое будзе апублікаванае неўзабаве.

— Палова з іх кажа, што хочацца і вызвалення палітвязняў, і дамоўленасці з Захадам. Гэта выразна відаць, што ў іх сфармаванавая значная група, якая хацела б адлігі.

Астапеня ўдакладняе, што гаворка ідзе пра апытанне шараговых прыхільнікаў Лукашэнкі, прыблізна палова з якіх выказвае такія пажаданні.

Што датычыць вызвалення палітвязняў, то большасць апытаных выступаюць за працяг іх вызвалення. Больш за тое, глыбінныя інтэрв’ю сведчаць пра тое, што ў лагеры шараговых лукашыстаў існуе меркаванне пра празмерную жосткасць у дачыненні да рэпрэсаваных.

Пры гэтым удзельнікі апытання Chatham House не вераць у магчымасць хуткай адлігі, падкрэсліў Рыгор Астапеня. Хоць пэўныя зрухі ў паводзінах рэжыму заўважныя ўжо зараз. Напрыклад, у чарговыя хвалі вызвалення пачалі трапляць вязні з «тэрарыстычнага» спісу, людзі, чые тэрміны зняволення сягаюць 5-7 гадоў, чаго дагэтуль амаль не назіралася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)