Астапеня: «Вобраз вайны, які навязаў рэжым, – фальшывы, і людзі гэта адчуваюць»

Кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» Chatham House Рыгор Астапеня — пра тое, калі варта адзначаць Дзень незалежнасці.

— Вобраз вайны, які навязаў беларускі рэжым, – крыху фальшывы, і людзі гэта адчуваюць, — кажа Рыгор Астапеня на канале Гадзіннік цікае. — Шмат за што, калі пацягнуць, разумееш, што гэта нейкая выдумка.

І калі пачынаеш разважаць, паўстаюць вялікія пытанні адносна ўсяго вобраза, які нам прапаноўваюць. Той жа парад у 1939 годзе ці дата 3 ліпеня, якую сёння адзначаюць як Дзень незалежнасці, хаця ў гэты дзень толькі Мінск вызвалілі ад фашыстаў.

Так, Лукашэнка ўдала пабудаваў для сябе гэты наратыў, што вось ён — працяг гэтай вайны, мы разам ваявалі, гэта калабаранты-фашысты і г.д. Менавіта для сябе ён досыць лагічна разыграў гэтую партыю.

Рыгор Астапеня

Але з часам гэтая тэма, як і ўсе астатнія, сыходзіць. Напрыклад, нядаўна было стагоддзе Першай сусветнай вайны, якая для Еўропы была вялікай падзеяй. Але мы бачым, што зараз тэма амаль знікла, яна больш не выклікае той зацікаўленасці, як раней.

У гэтым годзе 80-годдзе вызвалення Мінску — і таксама амаль нічога.

Таму я не бачу, як можна працягнуць тэму вайны яшчэ на 20 гадоў. Так, была вайна, але, камон, амаль сто гадоў прайшло. І вяртацца туды, каб там натхняцца, ужо досыць цяжка.

Каментуючы значнасць дат у беларускай гісторыі, Астапеня аддае перавагу 25 сакавіка (Дню Волі — С.).

— Я лічу, што гэта сапраўднае свята для беларусаў. Нават не 27 ліпеня (Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ці Дзень Рэспублікі з 1991 па 1996 гады — С.) і не 25 жніўня (Беларусь абвясціла сваю незалежнасць — С.).

Можна было б сказаць, каму як больш пасуе, ёсць і ваенная тэма, і тэма распаду Саюза. Але мне 25 сакавіка падабаецца больш, таму што яно было у тым ліку прычынай стварэння БССР.

Наогул, думаю, без БНР, без абвяшчэння незалежнасці не існавалі б пасля ніякія беларускія ўтварэнні. Таму, нягледзячы на тое, што БНР знікла зусім хутка, усё ж такі без яе мы бы ніколі не былі самастойнымі.

Пагаджуся з тым, што 25 сакавіка ў нашай гісторыі асацыюецца і з паразамі, праваламі, бедамі. Але нават у гэтым сэнсе ў гэтай падзеі ёсць будучыня, як напамін пра тое, якім цяжкім быў шлях беларусаў да незалежнасці, — выказаў думку Астапеня.