Филин

Яна Сакалова

Баркоўскі: «У Беларусі пераходзяць ад сістэмы аўтарытарнага кіравання да таталітарнага кантролю за ўсімі бакамі жыцця грамадства»

Да якіх наступстваў прывядзе закрыццё прыватных ВНУ — абмеркавалі з былым выкладчыкам БДУ Паўлам Баркоўскім.

Дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы ў чэрвені паведамілі аб спыненні працы: «БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій» зачыняецца 30 жніўня (у ВНУ паведамілі, што «гэта рашэнне заснавальнікаў»); Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці з 1 верасня спыняе адукацыйную ліцэнзаваную дзейнасць (паводле рашэння заснавальніка і кіраўніцтва ўстановы).

Таксама стала вядома, што Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва не будзе набіраць першакурснікаў, астатнія студэнты працягнуць вучобу.

Такім чынам, у Беларусі застаецца дзве дзейных прыватных ВНУ — Інстытут сучасных ведаў імя Шырокава і Міжнародны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва.

Да якіх наступстваў прывядзе закрыццё прыватных ВНУ і які лёс чакае тыя ўстановы, якія працягваюць працу — пра гэта Филин пагутарыў з намеснікам прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па пытаннях адукацыі, спікерам кампаніі «Рэфармуем сістэму адукацыі разам», былым выкладчыкам факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, які звольніўся ў 2020 годзе, Паўлам Баркоўскім.

Павел Баркоўскі

— Відавочна, які рэй узяла дзяржава ў барацьбе з прыватнай адукацыяй. Калі паглядзець на праекты новых законаў, якія рэгламентуюць гэтую сферу, то там цалкам вынішчаная магчымасць для прыватных прадпрымальнікаў кіраваць прыватнымі садкамі ці цэнтрамі развіцця.

Мы бачым, як згарнулі амаль цалкам сферу сярэдняй адукацыі — усе прыватныя школы і праекты, акрамя некалькіх, цесна звязаных з беларускімі ўладамі.

Тое ж самае адбываецца на вышэйшым узроўні з універсітэтамі, таму мяркую, што і тыя нешматлікія недзяржаўныя ўніверсітэты, якіх у Беларусі было вельмі мала, таксама будуць усе ліквідаваныя, проста таму што гэта агульны трэнд, і яго трэба вельмі выразна разумець.

Зараз у Беларусі пераходзяць ад сістэмы аўтарытарнага кіравання да таталітарнага кантролю за ўсімі бакамі жыцця грамадства.

Адукацыя — гэта самая відавочная сфера, дзе хочацца ўсё кантраляваць. І там любыя прыватныя ўстановы, дзе немагчымы шчыльны кантроль з боку дзяржавы, ліквідуюцца, каб не мець такіх лазеек, шчылін для людзей, каб яны ўсе былі цалкам пад татальным дзяржаўным кантролем.

— Студэнты, якія вучыліся ў прыватных ВНУ, па сканчэнні яго маглі пазбегнуць размеркавання.

— Такая ж магчымасць была і ў студэнтаў дзяржаўных універсітэтаў, калі гаворка ідзе пра платнае навучанне. А ўсе недзяржаўныя ВНУ па змаўчанні былі платныя, бо немагчыма было ўтрымліваць не на камерцыйнай аснове недзяржаўную навучальную ўстанову.

Таму ў гэтым сэнсе нічога асабліва не памяняецца для студэнтаў — яны як плацілі за адукацыю, так і працягнуць за яе плаціць. Як не падлягалі абавязковаму размеркаванню, так і, хутчэй за ўсё, не будуць падлягаць у бліжэйшы час.

Хаця размовы ідуць на вышэйшым узроўні, каб нават платнікаў падпісаць пад размеркаванне, з любімай мантрай кіраўніцтва пра тое, як насельніцтва ў чарговы раз не даплочвае за адукацыю, якая каштуе насамрэч вельмі дорага, даражэй, чым любыя аплаты.

— Можа быць, ліквідуючы прыватныя ВНУ, дзяржава імкнецца кампенсаваць дэфіцыт выкладчыкаў у дзяржаўных ВНУ пасля палітычных чыстак за кошт тых, хто застанецца без працы пасля закрыцця недзяржаўных устаноў?

— Для дзяржавы гэта хутчэй прыемны бонус, які яна сабе хоча зрабіць, ліквідаваўшы прыватныя ўстановы. Улады ліквідуюць апошнія магчымасці для не зусім лаяльных выкладчыкаў дзесьці працаўладкавацца, бо ўсё адно ў прыватную ўстанову было лягчэй уладкавацца, чым у дзяржаўную.

Па-другое, сапраўды, тыя, хто застаецца дадстаткова лаяльнымі да сістэмы, усё адно вымушаныя будуць шукаць новую працу. Ну і так, за кошт гэтых устаноў можна будзе даўкамплектаваць неўкамплектаваныя навуковыя і навучальныя адзінкі беларускіх універсітэтаў.

Можна прыгадаць дадзеныя, якія нядаўна апублічылі «Кіберпартызаны», наколькі скараціўся выкладчыцкі склад БДУ за апошнія некалькі гадоў, калі проста цэлымі кафедрамі, цэлымі накірункамі пазнішчалі частку навукова-даследчыцкага і выкладчыцкага персаналу.

— Можаце падсумаваць, агулам да чаго прывядзе знішчэнне ўсіх прыватных ВНУ?

— Гэта прывядзе да таго, што ўся адукацыйная палітыка будзе цалкам сканцэнтраваная ў руках дзяржаўных навучальных устаноў. Яны будуць яшчэ больш заідэалагізаваныя і мілітарызаваныя. Там яшчэ больш пагоршыцца якасць навучання, таму што проста не будзе нават натуральнай канкурэнцыі ў гэтай сферы.

Адпаведна з гэтым мы можам чакаць толькі аднаго: наша адукацыйная прастора стане яшчэ менш канкурэтаздольнай, чым была. Яшчэ больш студэнтаў будуць імкнуцца атрымаць адукацыю ў іншых краінах, за мяжой, чым карыстацца не лепшай якасці адукацыйным прадуктам у межах краіны. І гэта яшчэ больш узмацніць такім чынам ціск на міграцыю з Беларусі.

У дадзенай сітуацыі беларусы таксама павінны ўмець разважаць і разумець, што ўсе тыя рэчы, якія робяцца зараз на дзяржаўным узроўні, — гэта фактычна павольная дэградацыя той сістэмы адукацыі, якой калісьці мы маглі яшчэ пахваліцца.

І на сённяшні дзень, калі хтосьці яшчэ думае пра будучыню сваіх дзяцей, трэба разумець, якія перспектывы — жыццёвыя і асабістыя — будзе мець малады чалавек, які захоча заставацца ў беларускай сістэме адукацыі і карыстацца ўсімі яе магчымасцямі і прапанаванымі ёй бонусамі ў выглядзе ідэалогіі, татальнага кантролю, абавязковага размеркавання і гэтак далей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(11)