У Беларусі — Дзень бацькі: пяць гісторый пра шматдзетных бацькоў-палітвязняў
Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень бацькі. У гэты час у зняволенні па ўсёй краіне ўтрымліваецца амаль 30 палітвязняў-шматдзетных татаў.
Пакуль яны чакаюць следства і адбываюць тэрміны паводле палітычных матываў, іх дзеці растуць без бацькоў: часта маці вымушаныя эміграваць з імі, каб унікнуць палітычнага пераследу. Сёння «Вясна» распавядае некалькі гісторый такіх сямей.
Уладзь Лабковіч, праваабаронца, бацька траіх дзетак
Уладзімір Лабковіч — юрыст «Вясны», каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Далучыўся да працы праваабарончага цэнтра ў 1998 годзе як валанцёр, пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2001-м стаў паўнавартасным сябрам «Вясны».
За час зняволення ва Уладзя значна пагоршылася здароўе. Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бяссонне.
Ва Уладзя і ягонай жонкі Ніны трое дзяцей: старэйшая дзяўчынка Адэля, а таксама два хлопчыкі-блізнюкі — Адам і Ян. Уладзь пісаў дзецям казку ў якасці падарунка на Дзень народзінаў. Ніна Лабковіч распавядала, якія кранальныя лісты Уладзь піша дачцы — «ягонай прынцэсе».
Андрэй Любецкі, лекар, бацька чатырох дзяцей
Андрэй Любецкі — лекар, 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні №4 у Мінску сківічным хірургам. Быў валанцёрам каля ізалятара на Акрэсціна. Мае чатырох дзяцей. Старэйшай дачцэ 13 год, двайнятам (хлопчыку і дзяўчынцы) — па 10, малодшай дачцэ — 7. Усе займаюцца таэквандо.
Жонка Андрэя Наталля Любецкая была вымушана разам з дзецьмі з'ехаць з краіны. Яна фігуравала ў «расследаванні» беларускага дзяржканала: жанчыну абвінавацілі ў перадачы падстаўных «сакрэтных дакументаў» экс-алмазаўцу Ігару Макару. Мужчыну асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Зміцер Дашкевіч, актывіст, вернік, бацька чацвярых дзетак
Зміцер Дашкевіч — актывіст, былы старшыня «Маладога фронту». Удзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці з 2001 года, у апошнія гады шмат часу прысвячаў абароне Курапатаў.
Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала палітвязня і ягоную жонку, якая нядаўна нарадзіла чацвёртае дзіця, вінаватымі і прызначыла Змітру паўтара года калоніі, а Насце — тры гады «хатняй хіміі».
У сям'і Дашкевічаў нарадзілася дзіцё, калі Зміцер ужо тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА.
— Сёння ў 6.50 раніцы ў нас нарадзіўся сын. Поўнае імя яго будзе — Данііл. Як хацеў тата. А скарочанае — Ніл. Як хацела мама. Малыш крыху паспяшаўся з’явіцца на свет, і зараз ім нейкі час будуць апекавацца дактары. А я прыходжу ў сябе пасля аперацыі. Але ўсе жывы і здаровы, то слава Богу! — напісала Наста.
Гэта чацвёртае дзіцё ў сям'і: у Дашкевічаў яшчэ дзве дачкі Мара і Магдалена, і сын Давід. Пасля Змітра судзілі яшчэ некалькі разоў, у выніку яго тэрмін склаў тры гады дзевяць месяцаў калоніі.
Мікалай Рой — інжынер, бацька чатырох дзетак
Мікалай Рой скончыў БДУІР, інжынер-сістэматэхнік. Доўгі час працаваў у РУП «Белтэлекам» па спецыяльнасці. Мае чатырох дзяцей. Апошнім часам пражываў у Брэсце. Яго асудзілі паводле «справы Гайдукевіча» да 12 гадоў калоніі.
Сяргей Волкаў — актор, бацька траіх дзетак
Сяргей Волкаў — актор Палесскага драмтэатру, валанцёр.
Яго ведаюць у Пінску як арганізатара культурніцкіх мерапрыемстваў і валанцёра гарадской бальніцы; ён выхоўвае дзіця з інваліднасцю (ДЦП) — сына Віктара. Агулам у яго трое дзетак.
Сяргею прад'явілі абвінавачванне па справе аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу), узбуджанай па падзеях у Пінску ў ноч пасля выбараў 9 жніўня і асудзілі да чатырох гадоў зняволення.
Пакуль бацька быў яшчэ ў СІЗА, сыну патрабавалася лячэнне (рэабілітацыя, санаторыі, якая падтрымлівае тэрапія), яны сплочвалі крэдыт. Малодшы Міраслаў вучыцца ў школе. Тата быў ідэйным натхняльнікам для сыноў, не кажучы аб тым, што вельмі дапамагаў Віктару перасоўвацца, купацца і гэтак далей.
Читайте еще
Избранное