«Беларусь павінна быць самастойнай, мірнай і вольнай ад чужой зброі ды чужых войнаў»

27 ліпеня прадэмакратычная частка беларусаў адзначае Дзень незалежнасці. Публікуем віншаванні, якімі дзеляцца лідары думак і беларускія супольнасці.

Мінск, Купалаўскі сквер, 27 ліпеня 1995 года, фота Уладзіміра Сапагова, vytoki.net

«Мае права існаваць Беларусь, і не як дадатак да чужой імперыі, а як дом для свайго народа»

Святлана Ціханоўская — да дня прыняцця дэкларацыі аб суверэнітэце:

— 27 ліпеня 1990 года Беларусь зрабіла вельмі важны крок да сваёй незалежнасці — прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце.

Для кагосьці гэта можа гучаць як сухая гістарычная дата з падручніка. Але насамрэч за ёй стаяць людзі, якія хацелі, каб Беларусь нарэшце сама вырашала свой лёс. Каб у нас былі свае законы, свая палітыка, свая будучыня. Каб ніхто звонку не распараджаўся нашай зямлёй.

Гэта быў вынік прабуджэння. Пасля Чарнобыля, пасля адкрыцця праўды пра Курапаты, пасля рухаў за свабоду ў суседніх краінах усё больш беларусы адчувалі: мы маем права быць асобнай краінай.

Мае права існаваць Беларусь, і не як дадатак да чужой імперыі, а як дом для свайго народа.

Незалежнасць не з’явілася сама па сабе — за яе змагаліся, яе выбіралі і адстойвалі.

Нават тыя, хто пазней пачаў разбураць беларускую дзяржаўнасць, тады галасавалі за суверэнітэт, нейтралітэт і бяз’ядзерны статус.

Сённяшняя дата не пра мінулае. Яна пра сучаснае. Бо Беларусь павінна быць самастойнай, мірнай і вольнай ад чужой зброі ды чужых войнаў.

Лагвінец: «За 36 гадоў мы не страцілі суверэнітэт канчаткова, бо незалежнасць жыве дагэтуль у саміх беларусах»

— Беларусь мела ўсе палітычныя правы на сваю незалежнасць, якія былі падрыхтаваныя папярэднімі пакаленням, — кажа палітолаг Алесь Лагвінец у інтэрв’ю Беларускай службе Польскага радыё. — У дэкларыцыі, прынятай 27 ліпеня 1990 года ёсць тры важныя моманты.

Першы — гэта тое, што носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай улады з’яўляецца народ. Але мы ведаем, што сёння гэтага права ў беларускага народу няма, яго адабраў Лукашэнка і яго атачэнне.

Другі важны момант акрэслены артыкулам 3, дзе гаворыцца, што суверэнітэт мае вышэйшую мэту — свабоднае развіццё дабрабыту і годнага жыцця кожнага грамадзяніна краіны на падставе забеспячэння правоў асобы. Але сёння ў Беларусі ёсць суверэнітэт толькі ў дыктатара, які прысабечыў краіну.

І трэці важны момант — у артыкуле 10 Беларусь ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю без’ядзернай зонай, а краіну нейтральнай дзяржавай. Як мы бачым, Беларусь сёння адмовілася нават фармальна ад таго, каб быць без’ядзернай.

То бок суверэнітэт шмат у чым у нас фармальны. У нас ёсць усе рэчы для функцыянавання дзяржавы. Але суверэнітэт гэта не аднаразовы акт, а працэс. Беларусь шмат якія элементы свайго суверэнітэту размяняла на тое, каб Лукашэнка, яго сям’я і хаўруснікі адчувалі сябе камфортна.

Патэнцыял нацыі вымываецца кіроўнай вярхушкай. Беларусь магла значна шырэй выкарыстаць гэты патэнцыял, але Лукашэнку гэта не трэба.

Можна сказаць, што з палітычнага гледзішча і з вайсковага, па сутнасці ад нашага суверэнітэту нічога не засталося.

Але гэта не значыць, што мы ўсё згубілі. У нас ёсць патэнцыял, і гэта яскрава прадэманстраваў 2020 год, і мы можам скарыстацца вакном магчымасцяў.

Верагодна, што новае вакно магчымасцяў, якое, як мы ведаем па гісторыі, будзе адкрыта для беларусаў, прывядзе да пазітыўных зменаў і да таго, што мы перастанем задавацца пытаннем: страчваем мы канчаткова наш суверэнітэт ці не.

Замест гэтага будзем задавацца іншым пытаннем: што мы можам зрабіць для ўмацавання, росквіту нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту і пабудовы дэмакратычнага грамадства, якое бароніць інтарэсы сваіх грамадзян.

Любыя змены ў рэгіёне (і ў Расіі) адкрыюць акно для перазагрузкі беларускай дзяржаўнасці. Галоўнае — быць гатовымі (мець структуру, бачанне, план рэформаў).

За 36 гадоў мы не страцілі суверэнітэт канчаткова, бо незалежнасць жыве дагэтуль у саміх беларусах.

Латушка: «Мэта нашай барацьбы — вярнуць Беларусь беларусам »

— 27 ліпеня — найважнейшая дата для сучаснай беларускай дзяржаўнасці, — піша Павел Латушка. — Менавіта 27 ліпеня 1990 года была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Гэта дата — нараджэнне нашай сучаснай дзяржавы, кульмінацыя змагання, якое беларусы вялі супраць імперскай савецкай машыны. Гэта супольная перамога беларускага народа. Гэта галоўнае дзяржаўнае свята ў перыяд з 1991 па 1996 год.

Сёння гэта яшчэ і сімвал скрадзенай незалежнасці — калі Лукашэнка перанёс Дзень Незалежнасці на іншую дату, намагаючыся перапісаць нашу гісторыю.

27 ліпеня застаецца нашым арыенцірам у барацьбе за свабоду, якую мы мусім весці зноў. І гэта мэта нашай барацьбы — вярнуць Беларусь беларусам.

Каб нашы дзяржаўныя святы былі адлюстраваннем гісторыі беларускага народа, а не вынікам рашэнняў аднаго чалавека. Чалавека, які па нейкай прычыне лічыць, што ён і ёсць Беларусь, хаця, як мы ўсе добра ведаем, з самага пачатку быў супраць незалежнасці нашай краіны.

Незалежнасць не з’явілася сама па сабе тады і не адновіцца сама па сабе зараз. За ёй стаяць людзі — шмат людзей розных перакананняў і палітычных поглядаў, але аб’яднаных адной мэтай.

Нам усім важна пра гэта памятаць. Асабліва тым, хто зараз працуе ў сістэме: памятайце, што сапраўдны вораг беларускай дзяржаўнасці — гэта Лукашэнка і тыя, каму ён служыць. А служыць ён дакладна не беларускаму народу.

27 ліпеня — сапраўдны Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. І калі мы зноў зможам свабодна адзначаць свята нашай дзяржавы, гэта будзе значыць адно: Беларусь вярнулася да нармальнасці, а цёмная старонка нашай гісторыі скончана.