Беларус з Кембрыджа: «Не бачу нічога, што мне перашкодзіць стаць міністрам у новай Беларусі»
Ці памятаеце студэнта Гарвардскага ўніверсітэту, якому адмовілі ў праве стаць сябрам выбарчай камісіі падчас кампаніі 2020-га? Даведаліся, як ён жыве і аб чым марыць.
Максім Багдановіч — мянчук, які здолеў паступіць у адну з самых прэстыжных ВНУсвету. Ён той самы студэнт Гарвардскага ўніверсітэту, які спрабаваў летам 2020 года стаць сябрам выбарчай камісіі.
— Гэта быў круты час, адчувалася быццам нешта адбываецца, нешта можа змяніцца, і я хацеў паўдзельнічаць ва ўсім гэтым. Было крута скарыстацца дазволенымі спосабамі на гэта паўплываць, — успамінае Максім.
Ён распавёў «Салідарнасці» пра свой удзел у падзеях гарачага лета 2020 года, пра тое, як сутыкнуўся з дзяржаўнай сістэмай, як трапіў у Кембрыдж і як вучацца ў самым вядомым універсітэце свету.
«Адна з любімых настаўніц выклікала АМАП»
Перад тым, як мы нагадалі знаёмыя падзеі-2020, юнак расказаў, як падчас навучання ў менскай гімназіі №4 яму давялося назіраць за тым, як сістэма падмінала пад сябе настаўнікаў.
— Толькі напрыканцы навучання я даведаўся, што быў чальцом БРСМ, куды ў свой час адмовіўся ўступаць, — кажа суразмоўца. — Да нас у гімназію прыйшла зусім маладая сацыяльны педагог, якая ўзначаліла ячэйку БРСМ.
Трэба сказаць, што наогул тых, хто хацеў туды ўступіць, не было. Былі тыя, хто адмаўляліся, і тыя, каму было ўсё роўна. І вось напрыканцы вучобы гэта настаўніца сама мне расказала, што падрабіла мой подпіс.
Я сказаў ёй тады, што насамрэч падробка дакументаў — гэта крымінальная справа, яна вельмі напужалася. Мне нават стала яе шкада. Бо я так разумею, яе прымусілі зрабіць нейкі паказчык.
Гэта такая сістэма. А яна зусім маладая, толькі выйшла з універсітэту, была прымушана адразу прагібацца пад рэжым і пасля іншых вучыць так рабіць, каб прасунуцца па кар’ернай лесвіцы.
Ужо пасля выбараў Максім з расчараваннем назіраў яшчэ горшыя вынікі працы дзяржаўных жорнаў.
— Тая дзяўчына была не адна такая. Пазней я ўбачыў яшчэ больш пераканаўчыя і жудасныя сведчанні таго, што сістэма робіць з людзьмі. Памятаеце, тады ў верасні ў маёй гімназіі старэйшыя вучні выходзілі на перапынках з белымі лістамі паперы?
Гэта было захапляльна. Гэтыя дзеці паказвалі, што яны не сталі бяздушнымі вінцікамі, яны даказвалі, што ў нас ёсць будучыня. Адзін з бацькоў прыйшоў да школы з плакатам «Дзеці — вы неверагодныя», каб іх падтрымаць. І адна з маіх любімых настаўніц выклікала на яго АМАП!
Але гэта яшчэ не ўвесь жах. Як я даведаўся, напярэдадні яе сваяка схапілі і моцна збілі. То бок яна добра ведала, каго выклікае. І ў мяне гэта не ўкладваецца ў галаве.
Гэта ўсё адна сістэма — тая дзяўчынка, якая толькі пачала свой працоўны шлях, і яе адразу прымусілі падрабляць подпісы. А праз гады менавіта гэта прыводзіць да таго, што вашага блізкага чалавека збіваюць і кідаюць на Акрэсціна, а вы працягваеце рабіць злачынствы, — аналізуе суразмоўца «Салiдарнасцi».
«Камісію чамусьці вельмі рассмяшыла тое, што я быў студэнтам Гарварда»
У 2020 годзе з-за ковіду і пераводу заняткаў у онлайн малады чалавек змог вярнуцца ў Беларусь. Ён адразу захапіўся падзеямі, якія адбываліся ў краіне.
— Я падаўся ў Фрунзенскую раённую адміністрацыю, каб стаць чальцом камісіі. Напісаў заяву, папрасіў рэкамендацыю ў аднаго свайго прафесара, які родам з Савецкага саюзу і ведае, як гэта рэкамендацыя павінна выглядаць.
Як і належала, я сабраў 10 подпісаў ад суседзяў, напісаў сабе аўтабіяграфію, дзе было нават пазначана, што я быў у тым БРСМ. Камісія павінна была разглядаць заявы прэтэндэнтаў анлайн, яны самі вызначылі такую форму, прыкрыўшыся ковідам.
Я прынёс дакументы сакратарцы і спытаў, як мне даведацца аб выніках. Яна паглядзела на мяне з такім здзіўленнем, што я адразу зразумеў, якім будзе той адказ.
Па закону я павінен быў мець магчымасць аргументаваць свой кейс, чаму менавіта мяне трэба прыняць. Але ж камісія забараніла прыходзіць кандыдатам. І ўсё ж лёс згуляў з імі злы жарт.
Гэтыя дрэнна падрыхтаваныя людзі забыліся выключыць трансляцыю падчас сваіх абмеркаванняў, і ўся краіна чула, як яны дамаўляліся, колькі за каго трэба пакінуць галасоў «за», каб ніхто не прайшоў. Ну і яшчэ іх чамусьці вельмі рассмяшыла тое, што я быў студэнтам Гарварда. Сапраўдны цырк, – успамінае Максім.
Атрымаўшы адказ ён не спыніўся, спрабаваў яшчэ стаць незалежным назіральнікам. Калі не атрымалася, сабраў аднадумцаў, каб вырашыць, як лічыць галасы.
— Мы арганізавалі хакатон, на якім былі розныя каманды актывістаў. Шукалі спосабы сумленна падлічыць галасы. Але за некалькі дзён да выбараў мне прыйшлося з’ехаць з краіны. Лукашэнка звярнуў увагу на такія ініцыятывы і даў параду пракурору.
9 жніўня Максім апынуўся ў Кіеве, але прагаласаваць так і не змог.
— Чарга ў амбасаду была вельмі доўгая. Я стаяў некалькі гадзін і як яшчэ шмат хто не паспеў нават прыблізіцца да ўваходу. Чарга зусім не рухалася.
Канешне, я сачыў за ўсімі падзеямі, сэрца аблівалася крывею. У тыя першыя дні я знайшоў іншых беларусаў, якія вучыліся за мяжой — у Калумбійскім універсітэце ў Нью-Ёрку, Лонданскай школе эканомікi — і мы спрабавалі пісаць артыкулы аб тым, што адбываецца на Радзіме, у амерыканскія газеты. Нешта нават выйшла.
Апошні год з захапленнем чытаю ўсе лісты Максіма Знака, якія публікуюць, абавязкова бяру кнігі са спіскаў, якія ён складае, мне падабаюцца яго рэвю. Гэты моцны чалавек мяне вельмі натхняе, як і ўсе нашыя палітвязні. Некаторым пішу лісты, але не ведаю, ці дайшоў хоць адзін, — кажа суразмоўца.
За агульны экзамен з 1600 набраў 1540 балаў
Максім — адзін з нямногіх беларусаў, якія трапілі ў Кембрыдж. Зараз там вучацца чатыры нашых земляка. Даведаліся ў яго, як праходзіць навучанне.
— Мне заўсёды хацелася атрымаць добрую адукацыю. Канешне, я ведаў пра Гарвард, але ніколі не думаў, што ёсць магчымасць туды паступіць. Мае бацькі хацелі, каб я пайшоў у наш медуніверсітэт, і я добрасумленна вывучаў біялогію, удзельнічаў у алімпіядах, добра вучыўся, дарэчы быў даволі актыўны, займаўся фехтаваннем.
Я вельмі ўдзячны свайму стрыечнаму брату, які аднойчы сказаў мне штосьці накшталт: «Калі хочаш большага — спрабуй, не атрымаецца, дык не атрымаецца, але раптам штосьці адбудзецца». І я пачаў шукаць, як падаюць дакументы ў замежныя ВНУ.
Аказалася, што гэта трэба рабіць яшчэ да пачатку апошняга года навучання, да верасня. Я спазніўся і ўсё рабіў у кастрычніку і лістападзе, — дзеліцца мянчук.
Ён расказвае, што іспыты ў Гарвард і некаторыя іншыя амерыканскія ВНУ (дарэчы, Максім спрабаваў паступіць адразу ў 11 устаноў) уключаюць не толькі экзамены па прадметах, але і напісанне эсэ. Зразумела, што ўсё цалкам праходзіць на англійскай мове.
— Раней магчымасць здаць іспыты ў ВНУ ЗША была нават у Беларусі на базе адной з прыватных школ па франшызе. Зараз не ведаю.
Сам экзамен не быў для мяне цяжкім. Я рыхтаваўся на бясплатнай пляцоўцы Khan Academy. Англійскай мове нас добра вучылі ў гімназіі, дзе я ўдзельнічаў нават у алімпіядах. Да таго ж браў адзін семестр прыватных курсаў пры падрыхтоўцы да TOEFL. Таксама я ўзяў чатыры заняткі з рэпетытарам, каб падрыхтавацца да эсэ, бо наогул ніколі такога не рабіў. У нашых школах вучні не пішуць эсэ.
Экзамен быў агульны па англійскай мове і матэматыцы. Тэст па мове звычайна ўключае ўрыўкі з тэкстаў розных стыляў. Можа быць кавалак перапіскі Вашынгтона з Джэферсанам, навуковы артыкул пра тое, як расцяць нейкія клеткі ў прабірках, літаратурны — пра прыгожы лістапад у Францыі, яшчэ нешта.
Заданні па матэматыцы былі прыкладна ўзроўню нашага 9-10 класаў. З той падрыхтоўкай, якую я атрымаў у сваёй гімназіі, іх магчыма было зрабіць.
Горш за ўсё я здаў эсэ. За яго з 16 балаў я набраў палову. За агульны экзамен па мове і матэматыцы максімум можна было набраць 1600 балаў. І я набраў 1540.
— Выдатны вынік! Наколькі вы былі ўпэўненыя ў сваіх сілах, калі ішлі на гэтыя іспыты?
— Напачатку я ні на што не разлічваў. Гэта было як цікавы чэлендж. Пасля экзаменаў больш за месяц трэба чакаць адказ. Калі ўбачыў сваю выніковую лічбу, быў вельмі здзіўлены і задаволены.
Бацькі таксама мною вельмі ганарыліся, але як усе асцярожныя беларусы настаялі, каб я на ўсялякі выпадак здаў ЦТ. ЦТ я здаў кепска (смяецца). Дарэчы, яшчэ на пачатку года, калі я толькі разважаў, паступаць мне ў Амерыку ці не, пачаў да яго рыхтавацца.
Помню, дайшоў да пытання па біялогіі: «Як называецца плаўнік, які знаходзіцца ля ануса ласося?». Тады я і адчуў, што мне шкада траціць свой час на такое, і цалкам пераключыўся на падрыхтоўку ў Гарвард. І гэты працэс быў захапляльны.
— Як вы дабраліся ў ЗША, ці дапамагалі бацькі?
— Канешне дапамагалі. Няшмат, бо яны працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах. Яны мне аплацілі візу, набылі квіткі і тэлефон.
Але я ім вельмі ўдзячны за маральную падтрымку, за тое, што заўсёды давалі мне свабоду выбару, ніколі не прымушалі, прадставілі ўсе ўмовы, каб займаўся дадаткова, чым хацеў, а гэта былі і заняткі музыкай, і мовамі, і спортам. Без іх падтрымкі я б не паступіў.
Што тычыцца матэрыяльная старонкі, то мне пашанцавала. З усіх ВНУ, куды я падаваў дакументы, мяне залічыў толькі Гарвард, які меў усталяваную праграму поўнай фінансавай дапамогі для міжнародных студэнтаў.
«Настаўнікам нецікава правяраць тое, што вы можаце загугліць»
— У якіх умовах вы жывяце, ці хапае грошай?
— Я жыву ў Кембрыджы на кампусе. Можаце ўбачыць мой пакой у інтэрнаце, — уключае відэа Максім. — У гэтым невялічкім пакойчыку, які нагадвае міні-кватэру, я жыву адзін. Дарэчы, чым ты старэйшы, тым лепш у цябе жытло. Я правучыўся ўжо 2,5 гады.
Акрамя жылля, ежы, аплаты за вучобу, універсітэт прадстаўляе медыцынскую страхоўку, грошы на пералёт дамоў. Астатак застаецца на стыпендыю. Гэта няшмат.
Таму я нейкі час працаваў памочнікам настаўніка па матэматыцы ў малодшых курсаў, правяраў іх працы і чытаў некаторыя лекцыі. Ёсць і іншыя варыянты працаваць у вольны час.
— Вы вучыцеся на спецыяльнасці «Прыкладная матэматыка і эканоміка» і таксама вывучаеце знешнюю палітыку?
— Так. Свае непасрэдныя прадметы я амаль скончыў вывучаць, таму што мы самі можам уплываць на працэс навучання і здаваць за семестр столькі прадметаў, колькі хочам. У мяне з’явіўся час і я выбраў сабе яшчэ дадатковы курс у Школе дзяржаўнага кіравання імя Кенэдзі.
Гэта вельмі цікавы курс, ён складаецца з вырашэння розных кейсаў. Часцей гэта нейкія сітуацыі, набліжаныя да рэальных міжнародных крызісаў.
Напрыклад, на днях мне трэба было падрыхтаваць прапановы на выпадак, калі Кітай раптам зробіць блакаду Тайваню. Пры падрыхтоўцы мы пастаўлены ў пазіцыю дарадцы ўрада ці прэзідэнта.
Цi заданне, якое тычыцца кібератакі. Справа ў тым, што нядаўна расейскія хакеры здзейснілі вялікую кібератаку ў Каліфорніі, дзе ўзламалі вельмі шмат арганізацый і спампавалі шмат дакументаў.
Каб лепш падрыхтавацца, мы разглядаем падобныя сітуацыі з мінулага. Адна з іх, напрыклад, пра тое, як Sony зняла фільм пра Паўночную Карэю. У ім па сюжэце два амерыканскіх журналіста паехалі браць інтэрв’ю ў Кім Чэн Ына і пасля яго забілі. Карэйцы вельмі абурыліся, палічылі гэта за абразу і ўзламалі сістэму Sony.
І вось нам прапанавалі адказаць, ці трэба гэта расцэньваць як атаку на дзяржаву, бо Sony — японская кампанія, і што з гэтым рабіць.
Калі вы даяце адказы на такія пытанні, у вас ёсць магчымасць даведацца аб тым, як прымаюцца падобныя рашэнні ў Белым доме, як гэта літаральна выглядае. Гэта вельмі цікава.
Я ведаю, што нас таксама чакае кейс пра Ўкраіну і рыхтуюся.
— За што ў Гарвардзе могуць пакараць?
— Тут ёсць экзамены напрыканцы кожнага семестру, але сама вучоба нашмат менш па даўжыні, усяго 24 тыдні ў гаду. Астатні час прызначаны для адпачынку, стажыровак, сям’і.
Стыпендыя налічваецца зыходзячы з сістэмы адзнак. Яна розная. Балы могуць зняць, напрыклад, калі спазніўся здаць працу ў дэдлайн. Але я не ведаю нікога, хто набраў бы за семестр з улікам экзаменаў менш патрэбнага мінімуму балаў.
Калі б такое здарылася, прафесар павінен быў бы запытацца ў вас, ці не вялікая ў вас нагрузка, ці дастаткова вы вучыцеся. Таксама вас могуць спытаць аб прычынах, чаму вы не здолелі, можа што здарылася і патрэбна дапамога, прапануюць нейкія спосабы падтрымкі.
— Ці можна прагуляць лекцыю?
— Калі ты сам усё вывучыш, прачытаеш нататкі прафесара, то можна. Напрыклад, напярэдаднi я прапусціў лекцыю па эканаметрыцы, таму што павінен быў пісаць кейс пра Тайвань. Але раней я браў курс па статыстыцы і лекцыя, якую я прапусціў, была аглядальнай па матэрыялах таго курса. Далей буду наведваць.
— Ці ёсць у студэнтаў Гарварда такое паняцце, як «шпаргалкі»?
— Ёсць такія прадметы, дзе іх нават дазваляюць! Вам прапануюць узяць на экзамен некалькі лістоў паперы, на якіх вы можаце напісаць усё, што захочаце, каб карыстацца гэтым.
Тут ніхто не чакае, што вы запомніце ўсе формулы, якія можна проста знайсці ў гугле. Настаўнікам нецікава правяраць тое, што вы можаце загугліць.
Але ж шпаргалкі можна толькі там, дзе сапраўды можна. Калі вас зловяць з імі там, дзе нельга, будзе вельмі кепска. Будзе сапраўднае расследаванне, чаму так адбылося, што вы парушылі Кодэкс гонару Гарвардскага ўніверсітэту, які падпісваеце перад кожным экзаменам.
Вас панізяць у статусе, што адаб’ецца на стыпендыі. Тое ж самае адбудзецца, калі вас зловяць з плагіятам. Сітуацыя, напэўна, можа дайсці да таго, што вас папросяць узяць адпачынак на семестр. Гэта называецца «прымушаны акадэмічны адпачынак», каб падумаць аб сваіх паводзінах, папрацаваць. Але потым можна вярнуцца.
Калі вы атрымаеце незаліковую адзнаку запар у двух семестрах, вас таксама прымусяць на год узяць акадэмічны адпачынак. Па іх разуменні, несумленна жыць нельга. Яшчэ кожны ведае, дзеля чаго ён вучыцца.Таму падобных кейсаў я не бачыў, толькі нешта чуў.
— Вам засталося вучыцца паўтары гады. Што плануеце рабіць далей?
— Так, мне засталося тры семестры. Пасля я магу паспрабаваць паступіць у магістратуру. У любым выпадку я хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, у новую Беларусь, дзе спатрэбяцца мае веды і сярод чыноўнікаў не будзе тых, хто, убачыўшы дыплом Гарварда, будзе смяяцца.
У тых жа Злучаных штатах ВНУ грае велізарную ролю пры прыёме на працу. Тут вельмі моцны інстытут рэпутацыі. Гэта дапамагае атрымаць інтэрв’ю. Вашу кандыдатуру абавязкова будуць разглядаць нават з вялікай колькасці жадаючых.
— Кім вы сябе бачыце ў новай Беларусі?
— Я змагу працаваць у фінансавай арганізацыі, у стартапе, у міжнародных арганізацыях.
— Ці хацелі б вы прымяніць свае веды ў палітыцы, напрыклад, стаць міністрам?
— У мяне ёсць унікальны досвед, якім я магу падзяліцца, я ведаю тры мовы, апрача беларускай і рускай. Я сапраўды хачу аддаць свае веды на карысць сваёй краіны. Калі я буду патрэбны дзесьці на палітычнай пасадзе, я гатовы рабіць усё, што прапануюць.
Не бачу нічога, што мне перашкодзіць стаць міністрам, калі гэта будзе патрэбна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное