Филин

Юлія Кот

Церашковіч: Жаданне рэпарацый можа прыляцець рыкашэтам да беларускіх уладаў

Гісторык распавёў у каментары Филину, як сучасныя беларускія ўлады забыліся на рэпарацыі, атрыманыя ад Германіі пасля Другой Сусветнай вайны, і чаму сёння немагчыма назваць дакладны лік страт і ахвяр Беларусі ў ёй.

Прызначаючы новага генеральнага пракурора, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што той мусіць завяршыць «расследаванне фактаў генацыду беларускага народу», а адказным за яго трэба прад’явіць рахунак.

— Заплацяць, не заплацяць, але яны павінны ведаць, што яны нам вінныя. І не тое, што мы палічылі сёння ў доларах, калі долар абясцэньваецца шалёнымі тэмпамі. Яны мусяць разумець, што яны разбурылі рэспубліку. Таму тут нам трэба закругляцца і паказваць як след усе злачынствы нацыстаў, — сказаў Лукашэнка.

Паводле слоў правіцеля, гэта «актуальна сёння на фоне той палітыкі, якую праводзіць Захад, перадусім еўрапейскія дзяржавы».

Як ставіцца да гэтай ініцыятывы праз 80 год пасля заканчэння вайны і ці маюць беларускія ўлады шансы на сатысфакцыю, Филин пацікавіўся ў гісторыка, дарадцы Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Паўла Церашковіча.

Павел Церашковіч. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

— На мой погляд, гэта красамоўны прыклад ідэалагічнага махлярства, — зазначае навуковец.

Ён нагадвае, што аналагічныя схемы ашуканства шырока прымяняюцца ў лукашэнкаўскай эканоміцы. Так у свой час беларускія ўлады хавалі ад расійскага боку, што перапрацоўваюць нафту і прадаюць паліва, афармляючы гэта як пастаўкі бітуму.

Цяперашнюю ідэю гандлю гістарычнай памяццю Павел Церашковіч лічыць абсалютна марнай:

— Прайшло 80 гадоў, пасля гэтага патрабаваць нейкія рэпарацыі дзіўна. Яны і самі гэта разумеюць і адкрыта гавораць, што, мабыць, нічога не атрымаюць — тады навошта тое рабіць?

Ёсць прыклады, як асобныя польскія палітыкі спрабуюць генераваць гэтую тэму (хоць, мне здаецца, таксама разумеюць, што нічога ад Германіі не атрымаюць). Але гэта разлічана на выбаршчыкаў. А паколькі ў Беларусі ніхто нікога не выбірае — гэта разлічана на прапаганду.

Гісторык удакладняе, што насамрэч пасля Другой сусветнай вайны Беларусь атрымала рэпарацыі ад Германіі. Яны не выплачваліся наўпрост грашыма, але, напрыклад, прамысловая тэхніка, перадусім станкі, вывозілася з Германіі ў Савецкі Саюз. Частка гэтага абсталявання заставалася ў Беларусі (больш за тое, менавіта БССРаўскія структуры займаліся дэмантажом і вывазам).

— Не магу сцвярджаць на ўсе 100%, але чуў, што нават адносна нядаўна на Мінскім аўтамабільным заводзе яшчэ працавалі тыя даваенныя нямецкія станкі.

Ёсць прыклад са сталічным заводам ацяпляльнага абсталявання (цяпер ён ужо скончыў працу, дзякаваць богу, бо экалагічна прадпрыемства было вельмі шкоднае) — вядома, што гэты завод быў пабудаваны ў Эссэне яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, а потым цалкам перавезены ў Беларусь.

Апроч гэтага, у Беларусі засталася пэўная частка культурных каштоўнасцей, якія Савецкі Саюз вывозіў з Германіі. Гэта такая досыць парадаксальная гісторыя: спачатку немцы рабавалі культурныя сховішчы Парыжу (у прыватнасці, Тургенеўскую бібліятэку расейскіх эмігрантаў ці бібліятэку Армянскага культурнага цэнтру), а потым гэтыя каштоўнасці трапілі з Берліна ў Беларусь.

Аднак, з гледзішча спецыялістаў, усё гэта разам узятае пакрывае максімум 2-3% ад тых рэальных страт, якія былі нанесеныя Беларусі ў часы Другой сусветнай вайны.

— Дарэчы, пра рэальныя страты. У апошнія гады іх падлік ажыццяўляе Генпракуратура, і мы назіраем, як лічбы растуць. Калі раней казалі пра кожнага чацвёртага загінулага, то сёння пра кожнага трэцяга.

А экс-генпракурор Андрэй Швед заявіў пра сама меней 3 мільёны мірных грамадзян, забітых на тэрыторыі БССР. Адкуль бяруцца гэтыя лічбы і наколькі яны блізкія ці далёкія ад рэчаіснасці?

—  Гэта ізноў жа махлярства на загінулых, на забітых людзях. У свой час вядомы амерыканскі даследчык Цімаці Снайдэр казаў, што ні ў якім разе не трэба ўцягвацца ў гонку, у каго больш забілі.

Самае галоўнае пытанне ў тым, што ані пасля Другой сусветнай вайны, ані сёння ніхто не ў стане сказаць, колькі насамрэч загінулі людзей. Гэта папросту немагчыма.

Калі яшчэ ішла вайна, а ўжо працавалі спецыяльныя камісіі, якія спрабавалі вылічыць, колькі было ахвяр у Трасцянцы. Ведаеце, як ішоў падлік?

Ведаючы, дзе пахаваныя людзі — і мералі крокамі памеры пахаванняў, потым прыкладна падлічвалі, колькі туды можна было пакласці целаў. Вось і ўсё.

Адзіныя больш-менш дакладныя лічбы — калі нацысты вывозілі яўрэяў з тэрыторыі Германіі і Аўстрыі і везлі тых у Трасцянец, яны гэта фіксавалі. Усё астатняе падлічыць немагчыма.

Можна хіба параўнаць паводле афіцыйнай статыстыкі колькасць насельніцтва напярэдадні вайны і пасля яе заканчэння. З іх вынікае: Беларусь страціла дзесьці 2,1 мільёны чалавек.

І калі ўсё ж такі не паслухаць Снайдэра і звярнуць увагу ў параўнальным кантэксце — Беларусь сярод найбольш пацярпелых краін у часы Другой сусветнай. Гэта прыкладна 21-22% насельніцтва. То бок, не кожны чацвёрты і тым больш не кожны трэці, як гаворыць прапаганда.

Павел Церашковіч зазначае, што надзвычай складана вызначыць і колькасць менавіта беларусаў сярод ахвяр той вайны. Бо, як вядома, у БССР была вялікая колькасць так званых «шталагаў», канцэнтрацыйных лагераў для ваеннапалонных, дзе загінулі сотні тысяч чалавек. Толькі ў шталагу на тэрыторыі сучаснай Масюкошўчыны памерлі каля 200 тысяч чалавек. Зразумела, што там былі не толькі беларусы, а вайскоўцы з усяго СССР.

У кожным разе Беларусь страціла вельмі і вельмі шмат. Але спекуляваць, займацца махлярствам на іх памяці — на мой погляд, гэта ідэалагічнае блюзнерства.

Нейкіх чалавечых пачуццяў у тых, хто вядзе падлікі, наогул не бачна — толькі лічбы, лічбы і лічбы. Як і з рэпарацыямі, якія яны спрабуюць налічыць і перавесці на сучасныя кошты.

— На вашу думку, ці разумеюць беларускія ўлады, што патрабаванне рэпарацый можа прыляцець да іх саміх — за саўдзел у расейскай агрэсіі ва Украіне? Ці разлік на тое, што калі гэта стане магчымым, з непасрэдных саўдзельнікаў ужо не будзе што ўзяць?

— Не магу сказаць, на што разлічваюць лукашэнкаўскія ўлады. Але пагаджуся, што Украіна можа выставіць такі рахунак. І не толькі яна.

Зараз у Літве ідзе гаворка пра тое, што рэжым Лукашэнкі павінен заплаціць за штучна створаны міграцыйны крызіс, іншыя гібрыдныя атакі. І літоўцы могуць вельмі дакладна падлічыць, колькі грошай было выдаткавана на ўмацаванне мяжы, Віленскі аэрапорт можа выставіць дакладны рахунак сваіх страт.

І ў сітуацыі з фурамі, якія захраслі на беларускім баку, таксама з’явілася ідэя ў адказ на фактычны захоп фур арыштаваць беларускую маёмасць у Літве, прынамсі гаворка ішла пра санаторый «Беларусь» у Друскеніках.

Таму беларускія ўлады павінны думаць, што жаданне рэпарацый можа прыляцець рыкашэтам да іх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)