Чаму Міхаіл Чыгір узначаліў штаб Канапацкай
Былы прэмʼер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір расказаў Радыё Свабода, чаму пагадзіўся стаць кіраўніком штабу Ганны Канапацкай.
Фота са старонкі ў Фэйсбуку Ганны Канапацкай
— Я ведаю сямʼю Канапацкіх не адзін дзясятак гадоў, бацьку, яе ведаю па сумеснай працы, адукаваны юрыст, працавалі ў адной фірме, добра ведаю. Таму вырашыў даць згоду, падтрымаць яе, — сказаў Міхаіл Чыгір.
Склад ініцыятыўнай групы Канапацкай пакуль не апублікаваны на сайце Цэнтравыбаркаму. Пра тое, што Міхаіл Чыгір узначаліў штаб Канапацкай, кандыдатка паведаміла ў Facebook.
Яна напісала, што ядром яе каманды будзе Міхаіл Чыгір, яе бацька Анатоль Трухановіч і сябра сойму Партыі БНФ Ігар Лялькоў. Менавіта яны бралі ўдзел у напісаньні перадвыбарнай праграмы.
«Іх думка зьяўляецца ключавой пры прыняцьці рашэньняў», — напісала Ганна Канапацкая.
Паводле Міхаіла Чыгіра, у Ганны Канапацкай падрыхтавана нядрэнная праграма.
— А шанцы? Дрэнны той салдат, які ня марыць стаць генэралам, — кажа Міхаіл Чыгір. — У постсавецкіх краінах, за выключэньнем прыбалтыйскіх, усюды абіраюцца мужчыны. Хто можа пахваліцца вялікімі посьпехамі, апроч Прыбалтыкі, з былога саюзу?
Можа, жанчына дапаможа нам стаць на ногі хутчэй? Можа, будзе меней мілітарысцкіх памкненьняў, усялякіх вучэньняў, занадта вялікіх па колькасьці сілавых структур. Жанчына бліжэй да зямлі і рэальнасьці.
— Але я як аптыміст веру ў лепшае, хаця ўпэўненасьці няма, — кажа Міхаіл Чыгір.
Міхаіл Чыгір пакуль ня ведае, ці будзе разглядацца плян абʼяднаньня штабу Канапацкай са штабамі іншых кандыдатаў у прэзыдэнты.
Міхаіл Чыгір стаў прэм’ерам у 1994 годзе, у 1996 годзе ён не пагадзіўся з ініцыяваным Лукашэнкам рэфэрэндумам і падаў у адстаўку. У 1999 годзе быў адным з ініцыятараў правядзеньня выбараў прэзыдэнта паводле Канстытуцыі 1994 году, у сакавіку 1999 году быў арыштаваны па эканамічных артыкулах Крымінальнага кодэксу, стаў адным зь першых беларускіх палітвязьняў, быў асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное