Чаму ў Беларусі даражэюць крэдыты на жыльлё і аўтамабілі
Стаўка па крэдытах на нерухомасьць у Беларусі вырасла на 2,5%. На думку рыэлтараў, гэта зьнізіць попыт на кватэры і цэны на жытло, піша Радыё Свабода.
Зьмены ў аўтамабільным крэдытаваньні ўжо сталі прычынай таго, што расейская Lada пацясьніла беларускі Beldgee.
У Беларусі пагоршыліся ўмовы для набыцьця нерухомасьці і аўтамабіляў з айчыннай доляй вытворчасьці. З 19 лютага «Беларусбанк» падняў стаўкі на шэраг крэдытаў, у тым ліку на льготныя крэдыты пад нерухомасьць. Напрыклад, стаўка па крэдыце «Будуйдом» вырасла з 12,5% да 15% гадавых.
Тым, хто стаіць у чарзе на жыльлё, то бок ільготнікам, працэнтную стаўку паднялі з 12,5 да 14,5% гадавых. Пры ўмове куплі жыльля ў новабудоўлі. Стаўка вырасла да 15%, калі льготнікі набываюць жытло на другасным рынку. Вырасьлі стаўкі па крэдытах на жыльлё і ў некаторых праграмах у камэрцыйных банках.
Адбыліся зьмены і ва ўмовах крэдытаў пад новыя аўтамабілі марак Beldgee і Geely. З пачатку году крэдыты пад іх наагул перасталі выдаваць, пасьля з падачы Лукашэнкі крэдыты вярнулі, але працэнтныя стаўкі па іх вырасьлі.
Цяпер стаўка на набыцьцё машыны беларускай зборкі складае 14,5% гадавых, першыя 36 месяцаў — 9%. Раней крэдыт пад такія новыя машыны можна было ўзяць пад 5,1–6% гадавых.
«Зьменшыцца попыт і цэны»
Згодна з аналітыкай парталу realt.by, у студзені ў Менску купілі 1069 кватэр. Такі попыт усё яшчэ вышэйшы за сярэдні паказчык для студзеня, калі продажы нерухомасьці зьмяншаюцца.
Сярэдні паказчык за 10 гадоў у студзені — 900 кватэр. Аднак попыт усё яшчэ меншы, чым у рэкордным студзені 2024 году, калі было 1200 угод.
Сярэдняя цана квадратнага мэтру ў менскай кватэры ў студзені — каля 1640 даляраў. Гэта максымум за апошнія 10 гадоў. Пры гэтым у іншых гарадах сытуацыя адрозьніваецца: у Віцебску попыт на кватэры стаў падаць яшчэ ў сьнежні: мінус 7,5% угод у параўнаньні зь лістападам.
Па словах рыэлтараў, зь якімі на ўмовах ананімнасьці пагаварыла Свабода, рост ставак па крэдытах на нерухомасьць прывядзе да зьмяншэньню попыту. А гэта ў сваю чаргу паўплывае на падзеньне цэнаў.
— Будзе менш людзей, якія могуць сабе дазволіць без крэдыту купіць жыльлё. А чым менш пакупнікоў, тым меншая цана, — адзначыў адзін з суразмоўцаў.
«Без крэдытаў Beldgee сталі не такімі выгаднымі»
Бяз танных крэдытаў у студзені аўтамабілі «Белджы» беларускай зборкі пацясьнілі расейскія вытворцы. Lada стала лідэрам продажаў за студзень — 1706 аўтамабіляў і доля рынку ў 39,7%. Апошнія некалькі гадоў лідэрам продажаў новых аўта ў Беларусі быў брэнд «Белджы» (Geely).
Па словах аўтамабілістаў, на зьмены паўплывала прыпыненьне крэдытных ліній на студзень, цяпер крэдыты сталі менш выгадныя. Напрыклад, новую Lada можна купіць нават таньней за 35 тысяч рублёў (напрыклад, Lada Granta). А новая Beldgee каштуе ад 57 600 (Beldgee S50).
Па словах аўтааматараў — суразмоўцаў Свабоды, новыя Lada і Beldgee замянілі ня вельмі дарагія Reno і Volkswagen, якія пакінулі рынак пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.
«Крэдыты будуць даражэць далей»
Крэдытныя стаўкі ў Беларусі ў найбліжэйшы час вырастуць яшчэ болей, гаворыць эканамістка Аліса Рыжычэнка. Будучы рост зьвязаны з новай разьліковай велічынёй стандартнай рызыкі.
Яе Нацбанк павысіў 24 лютага ўпершыню за 6 месяцаў. Гэта магчымая мяжа, да якой банкі могуць павышаць працэнтную стаўку па крэдытах.
— Спрацавалі асьцярогі Нацбанку аб тым, што танныя крэдыты стымулююць разгон унутранага попыту і інфляцыі. Калі інфляцыя разганяецца, банкі страчваюць даходнасьць, бо крэдыты выдаюць у рублях, а інфляцыя рубель абясцэньвае. Таму банкі вырашаюць выдаваць менш крэдытаў, але мець запас, — тлумачыць эканамістка.
Гэта значыць, пры меншых стаўках банкі проста ня будуць зарабляць. Рашэньне аб зьменах ставак ідзе з боку Нацбанку. Рэгулятар не зьбіраецца пераграваць эканоміку далей, бо гэта ня будзе прыводзіць да нарошчваньня выпуску прадукцыі.
— Многія прадпрыемствы і так загружаныя на 70%, рабіць болей няма магчымасьці. Даступныя крэдыты прывядуць толькі да росту ўнутранага попыту, гэта будзе правакаваць дэфіцыт пэўных тавараў і рост цэнаў. Да рэзкага зьмяншэньня цэнаў на рынку нерухомасьці зьніжэньне ставак не прывядзе, цэны могуць істотна зьнізіцца недзе к жніўню, — мяркуе Аліса Рыжычэнка.
А вось попыт на нерухомасьць можа зьменшыцца хутчэй, чым будзе заўважана істотнае зьніжэньне цэнаў, мяркуе эканамістка.
Читайте еще
Избранное