Политика

Ціханоўская: «Беззаконне не можа працягвацца бясконца – яму на змену прыходзяць павага да правоў людзей і справядлівасць»

Лідарка дэмакратычных сілаў выказалася да Дня Канстытуцыі, які сёння адзначаецца ў Беларусі.

– Гэта дзень, калі варта ўспомніць пра свабоду, бяспеку і справядлівасць, якія павінен забяспечваць гэты прававы акт, – кажа Святлана Ціханоўская. – Сутнасць Канстытуцыі – абараняць грамадзянаў ад паліцэйскага свавольства, гарантаваць змяняльнасць улады і свабоду слова. Аднак рэжым гадамі ператвараў асноўны закон у зручны інструмент – перапісваў, ігнараваў і выкарыстоўваў супраць народа.

Канстытуцыя Беларусі поўная супярэчнасцяў. У ёй замацаванае права на жыццё, але краіна застаецца апошняй у Еўропе, дзе дзейнічае смяротнае пакаранне. У ёй сказана, што ўсе роўныя перад законам, але прэзідэнт мае імунітэт ад крымінальнага пераследу. Яна абяцае свабоду меркаванняў, але ўлады кідаюць пенсіянераў у вязніцы за каментарыі ў інтэрнэце.

Пералік паўнамоцтваў, якімі валодае прэзідэнт нашай краіны, выключае баланс улады і вяршэнства дэмакратыі. Парламент, Канстытуцыйны суд, рэферэндумы – усё так ці інакш падпарадкаванае адной асобе.

Канстытуцыя павінна быць гарантам правоў грамадзянаў, павінна служыць народу, а замест гэтага служыць чалавеку пры ўладзе.

Сённяшні дзень стане сапраўдным святам, калі законы будуць абараняць грамадзянаў, а не выкарыстоўвацца для рэпрэсіяў. Калі ў краіне з'явіцца незалежны суд, сумленныя выбары і роўныя правы для ўсіх. Калі Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай краінай.

І мы набліжаем гэты дзень кожным сумесным намаганнем. Беззаконне не можа працягвацца бясконца – яму на змену прыходзяць павага да правоў людзей і справядлівасць.

Разам мы пабудуем краіну, дзе канстытуцыя паважаецца, шануецца і выконваецца.