«Цяпер больш шанцаў, што дамаўляцца будуць з дэмсіламі: Лукашэнка ў мінулы раз Трампа крышачку падмануў»

Амерыканіст Антон Пянькоўскі разважае пра будучыню стратэгічнага дыялогу Беларусі і ЗША і наконт таго, ці атрымаецца ў рэжыму Лукашэнкі спадабацца Трампу.

Пасля інаўгурацыі новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп узяў з месца ў кар’ер: за першыя ж гадзіны скасаваў 78 рашэнняў свайго папярэдніка і падпісаў шэраг скандальных указаў. Ці зверне ён увагу на беларускае пытанне, ці атрымаецца ў рэжыму Лукашэнкі спадабацца новай амерыканскай адміністрацыі, альбо дэмакратычным сілам — працягнуць стратэгічны дыялог?

— Магчымасці ёсць заўсёды, — зазначае амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі ў эфіры Еўрарадыё. — Але для гэтага трэба працаваць, як ніколі да таго, таму што значная частка знешнепалітычнага ведамства ЗША зменіцца ў бліжэйшыя 2-3 месяцы, будуць новыя кангрэсмены, змянілася значная частка Рады па нацбяспецы пры Белым доме.

Там новыя людзі, якія могуць быць больш адкрытымі да новых ідэй — і гэта шанец беларускім дэмсілам прапанаваць пэўны план.

Скажам наўпрост: Дональд Трамп — бізнэсовец. Яго будуць цікавіць не нейкія заявы пра падтрымку дэмакратычнага руху, каштоўнасцей, памкненняў народа Беларусі, але план таго, што патрэбна зрабіць. І прыводзіць у сваю адміністрацыю ён будзе людзей з тым жа самым mindset, тыпам мыслення.

Новыя людзі — гэта не чэленж, не выпрабаванне, гэта магчымасць для нас. Ці скарыстаецца ёй беларускі дэмакратычны рух — паглядзім. Мяркую, першыя вынікі можна будзе ўбачыць нават не праз шэсць месяцаў, а праз тры.

…Стратэгічны дыялог Беларусі і ЗША, на мой погляд, будзе працягвацца. Што тычыцца фінансавай дапамогі для Беларусі — тут крыху больш складана. Бо адной з першых папер, якую падпісаў Трамп, стаў загад прыпыніць міжнародную дапамогу на 90 дзён — увогуле па ўсім свеце, да таго моманту, пакуль не пройдзе пэўны аўдыт. На жаль, аб’ёмы дапамогі могуць скараціцца.

Зрэшты, дадае Антон Пянькоўскі, раней адміністрацыя Трампа была вельмі паслядоўнай, што да пытання Беларусі:

— Перадусім — гэта пэўная адліга напачатку 2020 года, былі пэўныя дамоўленасці з рэжымам Лукашэнкі і нават прызначэнне амбасадара ЗША для Беларусі — гэтая пазіцыя потым ператварылася ў спецпасланніка па Беларусі, яе займала Джулі Фішэр.

Яе кадэнцыя скончылася — і дэмакратычная адміністрацыя нікога не прызначыла на гэтую пасаду. Таму цяпер мы можам чакаць больш рашучых крокаў, як гэта было ў мінулы раз.

Цяпер больш шанцаў, што дамаўляцца будуць з дэмакратычнымі сіламі, таму што Лукашэнка ў той раз Трампа і яго каманду крышачку падмануў, усё ж такі не адбыліся пэўныя змены, лібералізацыя, на якую разлічвала амерыканская адміністрацыя ў 2020 годзе.

Я ўпэўнены, што адміністрацыя Дональда Трампа не купіцца на тыя аргументы, якія можа высунуць рэжым Лукашэнкі, каб патлумачыць, чаму не атрымалася — што «перашкодзілі змагары» ці нешта яшчэ. Паўтаруся, у іх бізнэсовы падыход, у тым ліку да дыпламатыі, і яны не будуць працаваць з людзьмі, якія падманулі.

З іншага боку, нават калі ў рэжыму Лукашэнкі няма плану, у яго ёсць у закладніках журналісты «Радыё Свабода» і грамадзянін ЗША, юрыст Юрась Зянковіч. Безумоўна, што іх з’яўленне ў сюжэтах беларускіх прапагандыстаў не ёсць выпадковасцю. Ці зацікавіць амерыканскага прэзідэнта-бізнэсоўца такі «тавар»?

— Спроба прыцягнуць увагу да гэтых людзей у публічнай прасторы  сапраўды выглядае, як заклік да гандлю, і тактыка гандлю палітычнымі зняволенымі ўжо выпрабоўвалася раней рэжымам Лукашэнкі, — гаворыць Антон Пянькоўскі. — На кароткім тэрміне такая тактыка працуе, але ў доўгай перспектыве даволі бессэнсоўная.

Ці купіцца на гэта амерыканская адміністрацыя і ці пойдуць нейкія перамовы на гэты конт? Магчыма. Але я лічу верагоднасць не вельмі высокай. І нават датычна Зянковіча — ён жа, калі быў затрыманы, уехаў у Маскву па беларускім пашпарце, не па амерыканскім; гэта істотна ўплывае на магчымасці амерыканскага знешнепалітычнага ведамства нешта зрабіць з яго лёсам.

У любым выпадку, такі гандаль не робіцца за два-тры тыдні, гэта немагчыма: абмен закладнікаў на расійскіх шпіёнаў летась, па заявах адміністрацыі Байдэна, распрацоўваўся амаль што год.

Зрэшты, сам Лукашэнка таксама абраў досыць дзіўны спосаб прыцягнуць да сябе ўвагу ЗША — раскрытыкаваў прамову Трампа на інаўгурацыі. Ці дадасць гэта правіцелю нейкіх палітычных балаў?

— У яго сітуацыі крытыкаваць Дональда Трампа за непаслядоўнасць і даваць ацэнкі маральнага стану — вельмі смелы крок з боку Лукашэнкі, — з іроніяй адзначае амерыканіст, — бо на яго месцы іншыя дыктатары спрабавалі б спадабацца Трампу, прапанаваць нейкія крокі лібералізацыі.