Дарадца Ціханоўскай сустрэўся з дзяржслужбоўцам ЗША, які спрыяе вызваленню палітвязняў у Беларусі

Дзяніс Кучынскі назваў Крыса Сміта «нашым сапраўдным сябрам і саюзнікам».

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі знаходзіцца з працоўным візітам у ЗША. У Вашынгтоне ён сустрэўся з намеснікам памочніка дзяржсакратара Крысам Смітам, паведамляе прэс-служба лідаркі беларускіх дэмсілаў.

«Выдатная дыскусія з Крысам Смітам — нашым сапраўдным сябрам і саюзнікам. Ад імя Святланы Ціханоўскай я выказаў яму шчырую падзяку за нястомныя намаганні дзеля вызвалення палітвязняў і за прынцыповае, моцнае лідарства», — паведаміў Кучынскі.

Ён падзякаваў Сміту за плённую тэлефонную размову паміж Ціханоўскай і нядаўна прызначаным спецпасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам.

«Асобна выказаў шчырую ўдзячнасць спадару Коўлу, а таксама ўсёй адміністрацыі прэзідэнта Трампа за яе пастаянную ўвагу да Беларусі — асабліва за намаганні, накіраваныя на вызваленне 1300 беларускіх палітычных зняволеных», — падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.

Нагадаем, што Крыс Сміт непасрэдна ўдзельнічаў у працэдуры вызвалення журналіста Андрэя Кузнечыка і актывісткі Алены Маўшук.  

Цягам апошняга месяца ў Беларусі былі памілаваныя каталіцкія святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч, а  таксама тры дзясяткі грамадзянаў Украіны