«Для беларусаў «саюзная дзяржава» – гэта кайданкі, якія сьціскаюцца на руках тым мацней, чым актыўней вязень спрабуе вызваліцца»

Публіцыст Сяргей Навумчык – пра 25-годдзе стварэння «саюзнай дзяржавы» з Расіяй.

– Зьдзіўляе стаўленьне некаторых беларускіх аналітыкаў да практыкі падпісаньня Лукашэнкам з Крамлём «інтэграцыйных» пагадненьняў як да «мала чаго вартых» («усё роўна застанецца на паперы, як «саюзная дзяржава»), – піша Навумчык. – Не, ня толькі на паперы.

На хвіліну адыйду ад тэмы міждзяржаўных адносінаў і спашлюся на практыку палітычных рэпрэсій. З 2020 году рэжым прыняў дзясяткі зьменаў у заканадаўства, якія крыміналізавалі дзеяньні, за якія раней не прыцягвалі да адказнасьці — дастаткова прыгадаць пашырэньне трактовак «экстрэмізму».

Сяргей Навумчык

Здавалася б — навошта гэтыя зьмены ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы, галасаваньні ў «палаце прадстаўнікоў», калі тая самая «палата» ня больш, чым бутафорыя, калі закон у краіне ня дзейнічае, пракуроатура і судзьдзі выконваюць загады афіцэраў спэцслужбаў, а адно і тое ж можна лёгка трактаваць у дыяпазоне ад «падтрымкі экстрэмізму» да «здрады дзяржаве»?

А вось, выяўляецца, сэнс ёсьць. Сілавікі (сюды сьмела ўжо можна ўключаць супрацоўнікаў і пракуратуры, і судоў) абапіраюцца на артыкулы кодэксаў і законаў, хай бы і ў атмасфэры, калі ня дзейнічаюць базавыя пастулаты нават Асноўнага Закона — Канстытуцыі.

Тое ж тычыцца і міждзяржаўных адносінаў. Дарэчы, увод расейскай ядзернай зброі (рэальны ці эфэмерны) на тэрыторыю Беларусі адбыўся толькі пасьля таго, як з Канстытуцыя было прыбранае палажэньне аб нейтралітэце і бязьядзернасьці (да фармулёўкі якога ваш пакорны слуга ў свой час, у пачатку 90-х, меў непасрэднае дачыненьне).

Так, «саюзная дзяржаве» ні ў прававым, ні ў палітычным сэнсах не прызнаная ААН ды іншымі міжнароднымі арганізацыямі. У кантэксьце міжнароднага права, яна — фантом.

Але ў дзень падпісаньня дамовы аб «саюзнай дзяржаве» Васіль Быкаў зусім нездарма назваў гэтае дзеяньне «злачынствам стагодзьдзя». Выказваньне было прароцким — большасьць «інтэграцыйных» (а па сутнасьці, захопніцукіх) крокаў Крамля вынікае менавіта з гэтай дамовы ці дакумэнтаў, прынятых у мэтах яе рэалізацыі.

І фантом набыў канкрэтнае ўвасабленьне ў расейскіх ваенных базах на беларускай зямлі, завязваньні беларускай эканомікі на расейскую, мытныя падаткі ў інтарэсах расейскіх вытворцаў, урэшце, пераводзе сыстэмы гуманітарнай адукацыі на мадэль «русского мира».

Апошняе — яшчэ больш неебясьпечна, чым ядзерная зброя: зброю можна вывезьці за некалькі дзён, стьветаадчуваньне ж заклоадаецца на ўсё жыцьцё і часам перадаецца новым пакаленьням.

... Існуюць кайданкі, якія сьціскаюцца на руках вязьня тым мацней, чым актыўней ён спрабуе ад іх вызваліцца. Вось нечым падобным для беларусаў і зьяўляецца «саюзная дзяржава».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(60)