Доктарку Алену Мікалаеву падчас вайны адправілі на Валадарку за дапамогу габрэям — зараз там яе праўнучка Марына Золатава
Наша ніва згадвае гісторыю жыцця Алены Мікалаевай.
Фізіёлаг, кандыдат медыцынскіх навук Алена Іванаўна Мікалаева — сваячка палітзняволенай галоўнай рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай, прабабуля па лініі яе таты. Падчас вайны Алена Мікалаева ўзначальвала ў Мінску лякарню для сірот, хаваючы ад немцаў габрэйскіх дзяцей у туберкулёзным аддзяленні. Калі гэта ўскрылася, жанчына трапіла на Валадарку і цудам пазбегла расстрэлу. Праз 78 год у тых жа сценах турмы правяла некалькі гадоў яе праўнучка Марына Золатава.
Алена нарадзілася ў 1899 годзе ў Саратаве, там жа скончыла медыцынскі факультэт. Пасля новаспечаная спецыялістка перабралася ў Мінск.
Жанчына ўвайшла ў лік стваральнікаў кафедры фізіялогіі Мінскага медыцынскага інстытута.
Алена Іванаўна нястомна займалася навукай: у 1937-м яна атрымала ступень кандыдата медыцынскіх навук. На жаль, многія яе напрацоўкі для доктарскай дысертацыі былі згубленыя падчас вайны. З прыходам у Мінск акупантаў яе чакалі і яшчэ больш сур’ёзныя выпрабаванні.
У 1941 годзе Алена адправіла сваіх дачок на канікулы да бабулі ў Саратаў. Яна сама думала пасля бегчы на ўсход, але не змагла і ўрэшце засталася працаваць у бальніцы для хворых на туберкулёз, якую тады ўзначальвала.
Алена вырашылася ратаваць габрэйскіх дзяцей, арганізоўваючы для іх новыя дакументы і хаваючы іх у туберкулёзным аддзяленні 9-й бальніцы, куды баяліся заходзіць немцы. У прыватнасці, вядома, што яна выратавала ад гета дзяцей Арона Таўбкіна, з якім працавала разам. Дочкі Алены Ліда і Наталля хадзілі з дзецьмі тэрапеўта — Давідам і Лідзіяй — у адну школу, іх сем’і сябравалі.
Самога доктара Арона Таўбкіна адразу прызвалі ў армію. Алена Мікалаева дабілася, каб у чэрвені 1942 года яго сына Давіда перавялі ў яе шпіталь. Там яна зарэгістравала яго пад выдуманым імем «Віктар Савіцкі», аформіўшы як хворага пацыента.
Старэйшая дачка Таўбкіных Лідзія была ўжо паўналетняй, таму яе нельга было размясціць у шпіталі, але і тут Алена знайшла выхад. Доктарка прыдбала для дзяўчыны фальшывыя дакументы на імя «Марыя Паўлавец» і перавезла яе ў лагер да партызан, з якімі бальніца падпольна падтрымлівала сувязь.
Алена працягвала працаваць у бальніцы да 1943 года, плануючы папоўніць шэрагі партызан, але яе раскрылі.
«Немцы адправілі яе на Валадарку, шмат дапытвалі. Там у адным з сутарэнняў яе, наколькі вядома, павінны былі расстраляць — назвалі прозвішча «Мікалаева», але пераблыталі імя. І яна не выйшла з шэрагу. Магчыма, гэта ўратавала яе жыццё», — расказваюць знаёмыя сям’і.
У выніку жанчыну адправілі на прымусовыя працы ў Германію. Ніхто не думаў, што яна застанецца жывой: муж Алены нават ажаніўся з іншай жанчынай. Але пасля сканчэння вайны яна вярнулася ў Мінск.
«З палону яна вярталася сама, на перакладных. У яе быў абрэз вельмі прыгожай тканіны, якім яна расплачвалася з тымі, хто яе падвозіў. Калі яе дочкі прыехалі ў Мінск з Саратава на майскія святы, ім дайшла тэлеграма прыкладна з такім тэкстам: «Мама жывая, едзе». А яны ж таксама ўжо «пахавалі» маці».
Па вяртанні Алена працягнула працу ў медыцыне. Яна — аўтарка звыш 50 навуковых прац, прысвечаных праблемам трафічных уплываў нярвовай сістэмы, вывучэнню фізіялогіі чалавека, у тым ліку эксперыментальнаму абгрунтаванню ўзаемадзеяння рухальных рэакцый сіметрычных канцавін чалавека. Яна стала членам кіраўніцтва, навуковым сакратаром Беларускага навуковага таварыства фізіёлагаў.
Пасляваенны час для яе не адразу стаў спакойным. Праз тое, што Мікалаева пажыла ў Германіі, жанчыну шмат цягалі на допыты ўжо прадстаўнікі савецкай улады. Але шматлікія сведчанні пра яе дапамогу дзецям і пра сувязі з падполлем выратавалі яе ад рэпрэсій.
Лёс дзяцей, якіх яна імкнулася выратаваць, склаўся дыяметральна процілегла. Старэйшая дачка Таўбкіна Лідзія загінула пры нявысветленых абставінах. Яе маці Разаліі таксама не стала: тая памерла ў гета. Бацька ж Арон Таўбкін выжыў і здолеў забраць свайго малодшага сына Давіда з прытулку, дзе той заставаўся да канца вайны.
Алена Мікалаева памерла ў 1994 годзе. Жанчына пахаваная на Паўночных могілках у Мінску.
У 2005 годзе яе ўганаравалі званнем «Праведнік народаў свету».
Читайте еще
Избранное