Фактычна Расія амаль дзве траціны займае, але хаця б хоць нешта нагуляць з іншымі: хоць з Афрыкай, хоць з Кітаем, хоць з Лацінскай Амерыкай, хоць з пінгвінамі ў Антарктыдзе — хоць з кім-небудзь.
Дракахруст: «Для Лукашэнкі роля лідара антыкаланіяльнага свету не па плячах»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст — пра тое, у чым сэнс паездак правіцеля ў Афрыку, і што агульнага ў яго з прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі.
— Афрыканскі ваяж Лукашэнкі — гэта палітычны турызм?
— Я думаю, што ўсё ж такі сэнс у тым, што яму, скажам так, няўтульна быць выключна і толькі пры Расіі. Калі большая частка таварных патокаў ідуць у РФ альбо праз РФ, і нейкіх магчымасцяў манеўру ў Лукашэнкі малавата.
Ён спрабуе шукаць розныя варыянты. Адзін з іх — Кітай. Візіт на мінулым тыдні ў Пекін — гэта таксама спроба неяк дыверсіфікаваць розныя сувязі, і палітычныя, і эканамічныя. Тое ж тычыцца паездак ў Арабскія Эміраты — гэтая краіна для Лукашэнкі на другім месцы пасля Расіі па колькасці візітаў.
Зараз прыдумалася опцыя з афрыканскімі краінамі. Гэта новы рынак, на каторым магчыма можна нешта зарабіць. Зразумела, што гэта несувымерна з Расіяй, але тым не менш, усё-такі нейкая капейчына, нейкая дэманстрацыя той жа РФ, што яна не адзінае святло ў вакенцы. Хаця рэальна яна, канешне, адзіная – у тым сэнсе, што нават у параўнанні з Кітаем таваразварот з Расіяй у 7 разоў большы.
Тым не менш, тут дзве версіі. Адна — гэта ўсё робіцца на замову Крамля. Мне падаецца яна малаабгрунтаванай. У Крамля ёсць свае сувязі з Афрыкай, прычым гістарычныя, з савецкіх часоў.
Для чаго ім тут Лукашэнка? Ён для іх не нейкі аўтарытэт, ён, па сутнасці, ніхто. І таму рабіць гэта праз Лукашэнку ніякага сэнсу Крамлю няма. Яны самі туды ездзяць.
Экватарыяльная Гвінея — краіна не бедная рэсурсамі. Іншая справа, якая там лагістыка, як гэта ўсё здабываць, не вельмі зразумела, але тым не менш, спрабаваць можна, за спрос не б’юць.
Хаця зразумела, ёсць досвед супрацы з Венесуэлай, і калі быў Чавес, то сёе-тое там рабілася. Потым прыйшоў Мадура, таксама аўтакрат, але хіміі ў іх з Лукашэнкам не склалася, і ў выніку ўсё абрынулася. Але не факт, што Беларусь вельмі шмат згубіла.
У расейцаў адна з опцыяў, адна з тэмаў, паводле якой яны могуць падтрымліваць сувязі з такога кшталту краінамі, — гэта роль лідара антыкаланіяльнага свету. Маўляў, Захад столькі гадоў гнабіў Афрыку, а вось «рускія браты» — вызваліцелі. Такую ролю СССР спрабаваў выконваць, і не без поспеху.
Для Лукашэнкі роля лідара антыкаланіяльнага свету не па плячах. Каго ён можа пераканаць у ёй? Кітайцаў? Ці арабаў? Калі б ён быў кіраўніком Расіі — можа быць, але ён кіраўнік не вельмі вялікай еўрапейскай краіны.
Іншая справа варыянт, што мы хоць штосьці набярэм, каб не было такога, што мы толькі з Расіяй спрабуем адкрыць новыя рынкі. Якраз у гэтым годзе і з бразільцамі нейкія размовы (а ў іх ёсць пэўны інтарэс, які тычыцца калійных угнаенняў, яны хочуць, каб знялі калійныя санкцыі). Кубінцы прымалі, пнуцца ў ШАС.
Старая ідэя Лукашэнкі, якую ён выказваў – тры траціны: адна — у Расію, другая — ў ЕС, трэцяя — на ўвесь астатні свет. Другая траціна проста правалілася.
Лукашэнка гэта спрабуе. Думаю, што гэта пэўная праява яго суб’ектнасці – ён спрабуе, а не Масква праз яго спрабуе. Таму што ў кантактах з Кітаем можна ўбачыць узгодненасць з Масквой, а ў паездках Лукашэнкі ў Афрыку я не бачу маскоўскага следу. Таму што абсалютна Маскве не трэба, каб ён туды гойсаўся.
— Як вы лічыце, што агульнага ў Лукашэнкі і прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі, які ўжо 44 гады кіруе краінай?
— Глядзіце, розныя краіны, розная гісторыя, але вельмі просты адказ — яны абодва дыктатары. Калі чалавек сорак гадоў сядзіць, то ясна, што без нейкіх спецыяльных метадаў не дасягаецца, як і ў Беларусі.
Калісьці, магчыма, тамтэйшы лідар таксама прыйшоў да ўлады як народны кумір. Але проста так народная любоў амаль 50 гадоў не бывае. Гэта бывае шляхам стварэння пэўнай сістэмы, у якой гэты лідар проста безальтэрнатыўны.
— Ці звярнулі вы ўвагу на тое, як выглядаў Лукашэнка падчас візітаў у Кенію і Экватарыяльную Гвінею? Ён з цяжкасцю спускаўся з трапа самалёта, заўважна набраў вагу.
— Я, па шчырасці, невялікі аматар і спецыяліст па гэтых палітыка-медычных даследаваннях. Факт вельмі просты: ён чалавек немалады. Мы памятаем, як на Дзень Перамогі ў Маскве 9 траўня Лукашэнка ледзь не паміраў, і гэта было бачна, пра гэта ўсе напісалі. Але гледзячы па ўсім, аклямаўся, ачуняў.
Так і зараз можа быць, што ён прыехаў у краіну, дзе спёка, яму гэта не вельмі зручна як беларусу, можа быць, прыхапіла.
Але не факт, што такі стан здароўя Лукашэнкі азначае, што заўтра мы ўсе з ім развітаемся. Усякае можа быць, канешне, як з любым чалавекам немаладым, але зразумела, што таго драйву і здароўя, якое ў яго было 20 гадоў таму, ужо няма. Ні ў кога няма ў 68 гадоў.
У любой дыктатуры стан здароўя дыктатара ўсе бурна абмяркоўваюць, як мы гэта бачылі па шчыраваннях Салаўя. Ёсць Пуцін ці няма, двайнік ці не двайнік. Гэта ўжо робіцца фактарам палітыкі. Як вясной, калі Лукашэнка ездзіў у Маскву, як ён там выглядаў, гэтыя шчыраванні Цапкалы.
Нічога праўда не пацвердзілася з таго, што Цапкала казаў, што ён там ужо памірае. Не памёр. Цапкалу ніхто за гэта не ганіў, але чатыры мільёны ягоны твіт прачыталі. Гэта натуральная рэакцыя на такога кшталту інфармацыю ў аўтарытарных краінах, дзе многае завязанае на стан здароўя.
Стан здароўя Макрона, Шольца ці нават Байдэна з такім прыдыханнем не абмяркоўваецца, а стан любога дыктатара, асабліва ў краіне, якая важная і ключавая ў рэгіёне, будзе абмяркоўвацца — ёсць на гэта падстава ці няма.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное