Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Еўропе давядзецца працверазець»

Якія выклікі нясе перамога Трампа нашаму рэгіёну і Беларусі ў прыватнасці. Пра папярэднія вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША Филин паразмаўляў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам.

Юрый Дракахруст

— Наколькі нечаканым стаў такі вынік выбараў?

— Я бы не сказаў, што гэты вынік такі ўжо зусім нечаканы. Бо паводле апытанняў кандыдаты ішлі галава да галавы. І ў гэтым сэнсе так бывае, калі вось такі роўны лік і ў розных месцах ён схіляецца на карысць аднаго з іх. І ў выніку дае велізарную перавагу аднаму з бакоў.

А вось чаму гэтая перавага спраўдзілася? У 2016-м, калі Трамп упершыню перамог, ладзіліся абмеркаванні, падчас якіх многія казалі, што сацыёлагі прамахнуліся. І прамахнуліся яны датычна феномена, які называецца сацыяльнай прымальнасцю.

Потым высвятлялася, што многія людзі саромеліся казаць, што яны насамрэч за Трампа. І я думаю, што цяпер, на гэтых выбарах, гэта таксама спрацавала.

То бок, сацыялогія паказвала, што кандыдаты блізкія. Але быў яшчэ рэзерв тых, каму нават падчас ананімнага сацыялагічнага апытання было няёмка прызнацца, што яны за Трампа. А калі гэтыя людзі прыйшлі да выбарчых скрыняў, то сваё слова яны сказалі.

Я таксама не выключаю, гэта мая гіпотэза, што гэтая сацыяльная прымальнасць магла спрацаваць супраць Харыс. Яна жанчына, яна не белая. Амерыканскае грамадства нельга назваць ксенафобскім, але некалькі адсоткаў вось гэтыя фактары маглі забраць у яе.

Да таго ж, у Амерыцы досыць своеасаблівая выбарчая сістэма з электарамі. У тым жа 2016-м ужо было, калі Трапм прайграваў агульнанацыянальнае галасаванне, але перамог на галасаванні калегіі электараў.

Быў выпадак, калі два кандыдаты амаль роўна ішлі на нацыянальным галасаванні, як Кенэдзі і Ніксан у свой час, а потым здарыўся літаральна абвал на калегіі.

Гэта ўжо асаблівасці выбарчай сістэмы ЗША. Магчыма, перавага Трампа не была такой ужо вялікай, але паколькі ён перамог у штатах, якія вагаліся, то, адпаведна, атрымаўся абвал.

читайте также

З іншага боку, на дадзены момант, з таго, што я бачыў, Трамп атрымаў больш за 270 неабходных галасоў (на момант размовы агучвалася лічба ў 279 — С). Гэта пераканаўчая перамога, але бывала і болей. Калі прыгадаць храналогію ад пачатку 1990-х, то той жа Клінтан, калі не памыляюся, набіраў пад 300 галасоў.

Тут яшчэ цікавая дэталь: у 2016-м Трамп нацыянальнае галасаванне прайграў, а сёння ён і яго выйграў. Акрамя таго, як мінімум адна палата будзе рэспубліканская, а то і абедзьве.

Гэта азначае, што ён можа праводзіць фактычна любую палітыку. І тое, што я ведаю пра Амерыку, сведчыць, што рэйгана-бушаўскае крыло, старая школа, знаходзіцца на маргінэзе. Сёння пераважная большасць рэспубліканцаў — гэта трампісты. І ў гэтым сэнсе іх палітыка будзе кансалідаванай.

— У сувязі з перамогай Трампа гучаць досыць апакаліптычныя прагнозы наконт еўрапейскай бяспекі. Якія выклікі нясе гэтая падзея нашаму рэгіёну, Еўропе ў цэлым?

— Я б тут сказаў акуратна: Еўропе давядзецца працверазець. Выказванні Трампа не варта ўспрымаць літаральна. Часам гэта такі сцёб, а часам проста фігура мовы. Напрыклад, калі ён казаў, што краіны, якія не даюць 2% ад свайго ВУП, мы аддамо Расіі.

Ну, зразумела, што гэта такое сабе. Але справа ў тым, што ўсе гэтыя размовы з адценнем крыўды, што Еўропе трэба спадзявацца на сябе — дык умова выстаўлена пра 2%, то зрабіце гэта. І не трэба будзе абараняцца самім. Вас Амерыка будзе абараняць.

Падцягніце свае бюджэты. Ці вы хочаце траціць на абарону 1% і пры гэтым казаць, што будзеце спадзявацца на сябе? То ў вас такія падставы спадзявацца на сябе і будуць.

Зрэшты, многія краіны НАТА ўжо падцягнулі свае выдаткі пад 2%. І я думаю, што іх будзе больш. Магчыма, ужо ў 2025 годзе.

Так, гэта даволі жорсткі ціск. Але гэта не падстава для таго, каб скандаліць і рабіць такія вось жэсты. Так, гэта давядзецца рабіць. Тым больш што там ёсць і ўнутраныя імпульсы і тэндэнцыі.

Зараз ідзе каскад заяў тых жа нямецкіх ваенных і палітыкаў.

Нядаўна ў бундэстагу былі слуханні, дзе выступалі начальнік штаба бундэсвера і начальнік выведкі. І яны кажуць, што да 2029 года Нямеччыне, магчыма, давядзецца ваяваць з Расіяй. І трэба да гэтага рыхтавацца.

І калі так, то тут ці Трапм, ці не Трамп, зразумела, што такія прагнозы вымагаюць пэўных мераў.

Іншая справа, што тут могуць быць і пэўныя эканамічныя праблемы. Трамп ледзь не ў апошні дзень перад выбарамі казаў пра святое слова «тарыфы».

Яны, канечне, у большай ступені будуць тычыцца гандлю з Кітаем. Але і Еўропы таксама. Прынамсі, Нямеччыны. (Трамп паабяцаў увесці 10-працэнтны тарыф на імпарт з усіх краін і 60-працэнтныя пошліны на імпарт з Кітая — С).

Іншая справа, што гэта гандаль, а гэта рэч узаемная. Амерыка сама нешта купляе, у тым ліку і ў Еўропе. Але я не выключаю, што больш праблем будзе з гэтым, чым у ваеннай сферы. Таму што ў ваеннай сферы для еўрапейскіх краін на сітуацыю цісне не толькі Трамп.

— Святлана Ціханоўская павіншавала Трампа з перамогай. Яна заявіла, што разлічвае на рашучую палітыку ЗША ў адносінах да Беларусі. Наколькі апраўданыя такія чаканні?

— Гэта складанае пытанне. Таму што, калі мы прыгадаем колішнюю палітыку Трампа ў дачыненні да Беларусі, то там можна ўбачыць некалькі ліній.

Адна лінія, каторая, магчыма, падтрымлівае агучаныя Ціханоўскай спадзяванні, сведчыць пра тое, што першыя санкцыі за падзеі 2020-га былі ўведзеныя пры Трампе. Кантакты на даволі высокім узроўні, хоць і не самым высокім, з самой Ціханоўскай і з яе штабам таксама адбываліся ў 2020-м. І таму палітыка ціску на Мінск была закладзеная яшчэ тады, пры Трампе.

Але, з іншага боку, калі прыгадваць іншыя элементы, менавіта пры Трампе Мінск наведвалі самыя высокія за гады кіравання Лукашэнкі амерыканскія чыноўнікі. Гэта дарадца па нацыянальнай бяспецы Болтан і дзяржсакратар Пампео.

І менавіта тады, у 2020-м, здаецца, упершыню за ўсю гісторыю беларускай незалежнасці ў краіну ішлі танкеры з амерыканскай нафтай. Няхай гэта быў хутчэй пілотны праект, але тым не менш.

Менавіта Трамп прызначыў амбасадара ў Мінск пасля доўгага перапынку ад 2008-га, калі Лукашэнка выслаў амерыканскага пасла. Амбасадарка, праўда, так і не прыехала ў Беларусь. Але менавіта Трамп прызначыў Джулію Фішэр.

І, нарэшце, таксама можна адзначыць тэлефанаванне Пампео восенню 2020-га. Як цяпер высветлілася, дзеля вызвалення аднаго чалавека — амерыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава.

І здарылася гэта ў самы разгар, калі ўсе, у тым ліку амерыканская адміністрацыя, казалі, што гэта нелегітымныя выбары, што з Лукашэнкам нельга мець справу. А вось узяў і патэлефанаваў, і дамовіўся.

І ў гэтым сэнсе можа быць і так, і так. Але тут варта сказаць, што нейкай каляіны залежнасці ў адміністрацыі Трампа, канечне, не будзе.

Бо ўсе сустрэчы Ціханоўскай і яе каманды, у тым ліку з Байдэнам, а таксама некалькі сустрэч з віцэ-прэзідэнткай, стратэгічны дыялог — усё гэта кантэкст адносінаў з дэмакратамі і адміністрацыяй Байдэна.

Пры Трампе было пару сустрэч на ўзроўні намесніка дзяржсакратара. І гэта было тады, калі ён быў ужо фактычна «кульгавай качкай», напрыканцы ягонай кадэнцыі. У любым выпадку, такога шырокага кантэксту, які быў пры Байдэне, гэтым разам не будзе.

Ва ўсіх паперах Дзярждэпартамента напісана пра стратэгічны дыялог. Які ён, наколькі глыбокі, цяжка сказаць. Але ён ёсць. І калі б Харыс стала прэзідэнткай, то, напэўна, гэта па інерцыі нейкі час працягвалася б. Цяпер — не факт.

Справа ў тым, што ў бюракратычных апаратаў элемент інерцыі ёсць. У тым сэнсе, што беларуская тэма не самая галоўная, яна трошкі ў баку. Ёй займаюцца не самыя высокія чыноўнікі, якіх мусяць замяніць. А ніжэйшы ўзровень можа працягваць працу па ранейшых схемах.

Тым не менш раней гэта падтрымлівалася ўсім шэрагам гэтых сустрэч і г.д. А зараз з Трампам гэтага ўсяго няма. Таму можа быць і так, і так. Як будзе вырашана.

Але, што тычыцца візіту Болтана, візіту і званка Пампео, то я тут магу пагадзіцца з Арцёмам Шрайбманам, які кажа, што ў стылі Трампа розныя ўгоды. Умоўна кажучы, дазволіць прабіць экспарт калійных угнаенняў у абмен на вызваленне значнай, а можа і большай часткі палітвязняў. А можа і ўсіх.

Так, гэта не зменіць дыктатарскі, аўтарытарны характар лукашэнкаўскага рэжыму, але гэта здзелка. У рэшце рэшт, у першую кадэнцыю Трамп заключаў здзелкі з Кім Чэн Ынам, які сімвалізуе сабой сапраўднае дно ў плане рэпрэсіўнасці і парушэння правоў чалавека.   

Таму, у гэтым сэнсе, не будзе ўстаноўкі, што Лукашэнка — такая пачвара і з ім нельга размаўляць. Але гэта будуць свае разлікі. І, дарэчы, тут можа быць яшчэ адна аналогія перамоў з Кімам. Тут, натуральна, трэба размаўляць са спецыялістамі па ядзернай стратэгіі.

Лукашэнка ўвесь час гаворыць, што хоча трапіць за стол мірных перамоў. Я, па-першае, не выключаю, што на іх не будзе Еўразвязу, што Трамп будзе абмяркоўваць гэтыя пытанні выключна з Пуціным і Зяленскім.

І нават, калі так, то тэма ядзернай зброі ў Беларусі там будзе. Магчыма, яна будзе вырашацца наўпрост з Пуціным. А магчыма, што Лукашэнку і праўда дадуць там нейкае месца, што тэма Беларусі там будзе абмяркоўвацца. Але тое, што ядзерная зброя будзе абмяркоўвацца ў часе перамоў, я думаю, што хутчэй так, чым не.

Гэта тэма. Бо, умоўна кажучы, правы чалавека ў Беларусі — гэта не тэма для мірных перамоў. А ядзерная зброя — так.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)