Филин

Юлія Кот

Дракахруст: «Пад выбары ў Польшчы могуць быць падрыхтаваныя інфармацыйныя аперацыі і гібрыдныя дыверсіі»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юрый Дракахруст у каментары Филину — пра спробы рэжыму сябраваць з Усходам і не даваць спакою Захаду.

Аляксандр Лукашэнка не здраджвае свайму вобразу «непахіснага» кіраўніка, які не гатовы пайсці на саступкі дзеля аднаўлення нармальных стасункаў з суседзямі і наогул з заходнім светам. Маўляў, калі Захаду трэба — хай сам прыходзіць, адрас ведае, а Мінск сабе новых партнёраў знойдзе, не горшых, толькі на Усходзе.

З чарговым такім «сябрам і партнёрам», прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам, правіцель нядаўна сустракаўся ў цёплай сямейнай кампаніі і нібыта дамовіўся на 100-150 тысяч гастарбайтараў. Але ці спадабаецца такое збліжэнне галоўнаму саюзніку — Маскве, якой больш цікавая Індыя, гістарычны антаганіст Пакістана?

— Я не думаю, што пра гэтае партнёрства варта казаць усур’ёз, — зазначае ў каментары Филину палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст. — Памеры гандлю Беларусі і Пакістана не такія ўжо вялікія. Планы, вядома, агучваюцца велізарныя і далёкія, але што з іх атрымаецца — заўсёды вялікае пытанне.

Юры Дракахруст

У гэтым сэнсе гучная прапанова Лукашэнкі, маўляў, давайце нам 150 тысяч пакістанцаў нагадвае, па шчырасці, «35 тысяч адных кур’ераў» Хлестакова. Але яна нібыта дэманструе, што антымігранцкіх настрояў, у адрозненне ад іншых лідараў свету, у яго няма. Хоць, мяркую, ён не ўяўляе сабе, каб гэтыя 100-150 тысяч чалавек рэальна прыехалі ў Беларусь. Як, дарэчы, і пакістанскі лідар гэта разумее.

Што да стасункаў з Індыяй, мяркуе аналітык — Беларусь для яе не настолькі цікавая, каб звяртаць увагу, з кім там Лукашэнка сябруе. Той жа спрабуе зладзіць супрацоўніцтва і закінуць пражэкты хоць куды — хоць у Афрыку, хоць у Манголію.

— Не думаю, што гэта канчатковая стаўка на Індастанскай паўвыспе менавіта на Пакістан. Не выключаю, што будзе заключаная нейкая здзелка — магчыма, нават вайсковая, і што яна пройдзе ўдала. Але гэта не будзе новай брамай у свет.

— Калі з Усходам усё больш-менш зразумела — беларускія ўлады ходзяць паўсюль, дзе іх слухаюць (вось цяпер урадавая дэлегацыя ў Эфіопіі і Зімбабве), то з Захадам — не. То  Лукашэнка сцвярджае, што ніколі не адмаўляўся ад гэтых стасункаў, то кпіць з заходніх лідараў. Днямі «прыляцела» Польшчы — чаму на гэты раз?

—  Адказу аб прычынах у мяне няма. Але, мяркую, адна з магчымых нагод — прэзідэнцкія выбары ў Польшчы. Яны адбудуцца 18 траўня, і гэта даволі важная падзея, якая ў пэўным сэнсе вызначыць новую канфігурацыю ўлады.

Магчыма, Лукашэнка лічыць, што лаючы Польшчу, ён нейкім чынам паўплывае на выбары. Альбо, як часта робіць расійская прапаганда ў розных краінах — працуе не на адзін бок, а на раскол грамадства.

Кшталту, адны палякі будуць казаць, што трэба больш мякка з Беларуссю, а другія —пераконваць, што трэба душыць, ціснуць.

Зрэшты, нагадвае Юры Дракахруст, можна прыгадаць, якія «хваласпевы» Лукашэнка казаў палякам, калі кіроўная партыя PiS прайграла на выбарах. Ён выдаваў жартачкі кшталту «апісаўшыхся «пісаўцаў» і г.д. Але ж стасункі з Варшавай пасля выбараў ніяк не палепшыліся.

— Многія, і я ў тым ліку, лічылі, што яшчэ тады Лукашэнку трэба было адпусціць Пачобута і закрыць гэтую тэму. Я прыгадваў, як у свой час СССР арыштавалі Салжаніцына, пасадзілі на самалёт і проста выставілі яго.

З Варшавай можна было гэтак жа дамовіцца. Пры жаданні. Але жадання, відаць, не было, ішоў нейкі гандаль. І я не вельмі разумею ягоны сэнс, якія стаўкі?

Палякі, зразумела, хочуць вызвалення Пачобута. Лукашэнка ў прынцыпе гатовы яго вызваліць — але за штосьці. І за што, невядома. Былі нейкія ўцечкі, правакацыйныя заявы, маўляў, хай прыязджае Сікорскі забіраць — не выключаю, што гэта магло б стаць такой платай прэстыжу.

А з іншага боку, хоць і былі пагрозы, што Польшча можа наогул перакрыць таварны чыгуначны транзіт — рабіць гэтага не сталі. Мінск не выконвае ўмовы, якія выстаўляе Варшава, але транзіт ёсць. А ў міграцыйным крызісе няма няспыннага, штомесячнага нарастання: хвалю то запускаюць, то адпускаюць. І нейкай выразнай лініі тут не бачна.

Ёсць і іншае тлумачэнне новай порцыі антыпольскай рыторыкі, кажа аналітык: каб падгуляць Крамлю. Як выявілася, наратыў пра Еўропу як «марыянетку Вашынгтона» далёкі ад рэальнасці, Еўропа спрабуе весці сваю гульню — і не апошні ўдзельнік у ёй Польшча, якая адстойвае жорсткія пазіцыі адносна Расіі, Беларусі, вайны ва Украіне і ўласнага ўзбраення.

— Польшча мае адны з самых высокіх у Еўропе выдаткаў на абарону, — нагадвае Юры Дракахруст.

У Польшчы прынялі гіганцкі ваенны бюджэт на гэты год. То каго ж цкаваць, як не самае «вастрыё НАТАўскага мяча»?

У пэўным сэнсе, гэта з 2022 года адмазка Лукашэнкі ад удзелу Беларусі ў вайне: у нас, маўляў, свая задача, мы трымаем шчыт супраць самага моцнага суседа, стаім на варце інтарэсаў Масквы, і не цягніце нас за вушы ваяваць.

— У звязку з гэтым, на вашу думку, як расцэньваць візіт у Мінск кіраўніка расійскай выведкі Сяргея Нарышкіна і ягоныя пагрозы ў бок Польшчы і краін Балтыі? Суседзям Беларусі варта напружыцца яшчэ больш?

— Мне цяжка сказаць як, але гэта можа быць звязана з тымі ж самымі польскімі выбарамі. Пад выбары могуць быць падрыхтаваныя інфармацыйныя аперацыі, а могуць і гібрыдныя, не абавязкова прамыя дыверсіі. Хаця б тое ж абвастрэнне міграцыйнага крызісу.

Набор мерапрыемстваў даволі вялікі. І калі аперацыі будуць весціся з беларускай мяжы — то зразумелыя мэты візіту, трэба ўзгадніць пэўныя крокі.

Што да рыторыкі Нарышкіна, там быў смешны аргумент пра «пагрозу» з боку краін Балтыі і Польшчы — мільён мін, якія тыя хочуць паставіць у абарончых мэтах. Назваць гэта пагрозай было крыху недарэчна. Але ў цэлым нападкі Нарышкіна вельмі карэспандуюцца з нападкамі Лукашэнкі на Польшчу.

То бок, Расія разглядае Польшчу як небяспеку — патэнцыйна і чыста арыфметычна. Бо гэта краіна з вельмі высокімі выдаткамі на абарону, 4% адсоткі ВУП — вялікія грошы. І калі глядзець па ўсім перыметры — краіны Балтыі даволі невялікія, як і Славаччына, Вугоршчына — яе палітыка вядомая, і ў гэтым сэнсе «ўзброены кулак», канешне, Польшча.

Пакуль мы бачым пагрозы на ўзроўні рыторыкі, бо словы Нарышкіна — не штосьці ўнікальнае, такая звыклая лаянка.

Зразумела, што краіны НАТА не збіраюцца нападаць ні на Расію, ні на Беларусь, але ж РФ зыходзіць з прынцыпу, што галоўнае — не намеры, а магчымасці.

Намеры можна прыпісваць якія заўгодна, але магчымасці Польшчы растуць, гэта відавочна. І Расіі гэта не падабаецца, бо адносна змяншае ейныя ўласныя магчымасці і спакусы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(14)