Пра што сказалі і пра што прамаўчалі кандыдаты
Зь якімі пасланьнямі выступілі на тэлебачаньні кандыдаты? Пра што сёлетнія выбары? Як кандыдаты зьбіраюцца абараняць вынікі галасаваньня? На Радыё Свабода разважаюць Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст і рэжысэр Андрэй Курэйчык.
«Ціханоўская згуляла лепш за мае чаканьні»
Курэйчык: Тое, што я бачыў у Ціханоўскай месяц таму — мне здавалася, што гэта невыпраўляльна. Сытуацыя зьмянілася. Яна вельмі ўдала працуе на эмоцыі масаў, у адрозьненьне ад усіх іншых, асабліва на жаночыя эмоцыі.
Разумна, што яна выступіла коратка. Усё было эмацыйна і ляканічна.
Карбалевіч: Калі б Ціханоўская прапанавала нейкую праграму, гэта выглядала б ня вельмі пераканаўча. Усе ведаюць, хто яна такая.
А так яна цалкам трапляе ў вобраз — калі мяне выберуць, у мяне праграма з двух пунктаў: вызваленьне палітвязьняў і новыя выбары.
І гэтае пасланьне — спроба аб’яднаць прыхільнікаў і Ціханоўскага, і Бабарыкі, і Цапкалы.
«Канапацкая сказала роўна тое ж, што і Пазьняк»
Карбалевіч: Я нязгодны, што яе выступ быў самы радыкальны. Нават Чэрачань казаў пра выхад з АДКБ і пра бел-чырвона-белы сьцяг.
Канапацкая сьвядома апэлявала да традыцыйнага электарату апазыцыі.
Значная частка нацыянальна-арыентаванай публікі не падтрымлівае ні Ціханоўскіх, ні Бабарыку, ні Цапкалу.
Канапацкая прэтэндуе на ролю, пасьля выбараў, прадстаўніка беларускай апазыцыі перад Захадам.
Курэйчык: Зерне выступу Канапацкай — гэта паўтарэньне тэзісу Лукашэнкі: мы ня станем на калені, мы ня станем нічыёй часткай. Менавіта на гэтым Лукашэнка зараз робіць усё сваю перадвыбарчую кампанію.
Канапацкая сказала роўна тое ж, што і Пазьняк: што самае галоўнае зараз — гэта нашая незалежнасьць ад Расеі. А хто яе нам дае? Лукашэнка.
«Выступ Дзьмітрыева быў спробай шчырай, чалавечай размовы»
Курэйчык: Памылка, якую робіць кампанія «Гавары праўду», — гэта дробнатэмʼе. У іх няма ўсьведамленьня, якія тэмы важныя, а якія другасныя.
Зараз трэба вырашыць галоўныя праблемы.
Дзьмітрыеў адцягвае электарат у Ціханоўскай, ён адзіны, хто рэальна можа ад яе адцягнуць 2–4% і вырашыць лёс гэтых выбараў не на карысьць прыхільнікаў пераменаў.
Ён чалавек, які спрабуе сядзець на многіх крэслах.
Мэм «стары прэзыдэнт» — гэта дробна. Лукашэнка для нас праблема не таму, што ён немалады.
Карбалевіч: Выступ Дзьмітрыева быў спробай шчырай, чалавечай размовы. Ён спрактыкаваны палітык.
Ён назваў пунктам сваёй праграмы правядзеньне новых выбараў. Гэта супала з галоўнай тэзай Ціханоўскай.
Ён таксама сказаў пра неабходнасьць адстойваць свой выбар, што было для мяне трошкі нечакана.
Як абараніць свой голас: пра што прамаўчалі кандыдаты?
Курэйчык: Для Ціханоўскай, для камандаў Бабарыкі і Цапкалы гэтыя выбары — гэта пытаньне жыцьця і сьмерці. Для Дзьмітрыева, Чэрачня, Канапацкай — гэта пытаньне піяру.
Ці прагучыць ад Ціханоўскай заклік на Плошчу? У іх ёсьць вельмі памяркоўны электарат Бабарыкі і Цапкалы. Папляскаць у ладкі, праехацца на ровары, прыйсьці на Бангалор — гэта максымум, што яны могуць. А ёсьць электарат радыкальны, электарат Ціханоўскага, Севярынца, Статкевіча. Яны з задавальненьнем пайшлі б на Плошчу. Тут пытаньне кампрамісу — як і гэтых не напалохаць, і іншых не адштурхнуць.
Пакуль яны знайшлі формулу — абараніць свой голас. Іншага частка яе патэнцыйнага электарату не гатовая пачуць.
Карбалевіч: Практычна ўсе выступоўцы акцэнтавалі ўвагу на тым, што большасьць беларусаў хоча сёньня сыходу Лукашэнкі. Але сапраўды толькі Ціханоўская казала, што дакладна трэба рабіць: ісьці галасаваць, галасаваць толькі 9 жніўня, арганізаваць кантроль за выбарчымі ўчасткамі, галасаваць за яе.
І паўнамёк, паўзаклік — абараняць свой голас.
У падмурку — тэза Бабарыкі і Цапкалы: калі за нас будзе пераважная большасьць, выбарчая машына рассыплецца і выбарчыя камісіі будуць падлічваць галасы сумленна.
Я згодны з Курэйчыкам — мы маем справу не з традыцыйным электаратам апазыцыі. Гэта новая большасьць, і яна не гатовая да рэвалюцыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное