25 лістапада спаўняецца два гады, як журналіст «Свабоды» Андрэй Кузьнечык знаходзіцца за кратамі. Суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» і прысудзіў 6 гадоў турмы.
Ужо больш за год Андрэй адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі № 1, працуе на дрэваапрацоўцы, піша Радыё Свабода. Праца цяжкая, 6 дзён на тыдзень. Палітвязень моцна схуднеў, старое адзеньне звальваецца, Андрэй не адзін раз яго ўшываў. Днямі атрымаў перадачу з новай вопраткай.
– Цешуся зь любоўна і ідэальна сабранай перадачы. Толькі ўчора ўпораўся далічыць-перабраць вашы дарункі. У тэрма (тэрмабялізьне. — РС) упрэў. Спаць у ёй мякчэй, але працаваць у поце сьпіны — ня ўпэўнены, праверу, калі вернуцца сьнягі і халады. Ну а куртка — агонь! Скажы? Праўда, пакуль ня ўпісваюся новымі сваімі габарытамі ў старыя траекторыі. Анэкдот пра „трывалы матэрыял“ на некалькі гадоў падарыў ужо не адну ўсьмешку, — Андрэй і за кратамі ня траціць пачуцьця гумару.
Андрэй Кузьнечык выпісвае шмат беларускамоўнай пэрыёдыкі, усё ўважліва чытае:
– У «Звяздзе» прыгадалі 110-годзьдзе Сяргея Грахоўскага. Пэўна, нешта мусіць быць у «Белкнізе». Я б што купіў і пачытаў. Мо якое „Выбранае“ ці нешта падобнае выдалі? І дашлі мне, калі ласка, ягоны легендарны верш пра ветразь, — просіць Андрэй жонку.
У Андрэя і Алесі двое дзяцей — 10-гадовая Яніна і 3-гадовы Мацьвей. Ужо два гады дзеці жывуць без таты. Яны растуць, мяняюцца, і бацька адчувае, што не заўсёды разумее, што ім цяпер цікава, як зь імі кантактаваць і нават якія вершы ім пісаць. Што адбываецца зараз з сынам, ён яшчэ можа сабе ўявіць, прыгадаўшы дачку такіх гадоў. А Яніна пасьпела стаць ужо загадкай для таты.
– Думаў над тым, як дапамагчы Яніне ў пазыцыянаваньні сябе ў дзіцячым калектыве. Дадумаўся толькі да таго, што знайшоў бы і прачытаў адпаведную літаратуру, каб разабрацца ў сутнасьці працэсаў і бацькоўскай і пэдагагічнай ролі ў іх. Як калісьці тое зрабіў зь білінгвістычнымі пытаньнямі на тле ціску лягапэдаў і бабуляў. Кніжка была доўгай, нуднай, але ўсё стала на палічкі. Усе мае расстаўленыя палічкі дачка ўжо перарасла, — разважае Андрэй.
Каб бацька бачыў, як растуць і сталеюць дзеці, жонка дасылае Андрэю шмат іх фатаграфій, а таксама малюнкі дачкі.
У ягоных лістах шмат успамінаў, як сям’я Кузьнечыкаў разам бавіла час раней.