Эўразьвяз і праваабаронцы заклікалі Сэрбію вызваліць беларускага журналіста
Эўразьвяз заклікае вызваліць беларускага журналіста, рэжысэра і апазыцыйнага актывіста Андрэя Гнёта, якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь з Сэрбіі, гаворыцца ў заяве, перададзенай Радыё Свабода 14 чэрвеня.
— Ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што ордэр на арышт спадара Гнёта быў матываваны палітычнымі прычынамі і што яму пагражаюць палітычныя рэпрэсіі і жорсткае абыходжаньне, калі яго экстрадуюць у Беларусь, — заявіў РС афіцыйны прадстаўнік ЭЗ Пэтэр Стана.
Эўразьвяз, паводле яго, сочыць за гэтым выпадкам з занепакоенасьцю.
— Мы чакаем, што справу спадара Гнёта старанна разгледзяць у адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам у галіне правоў чалавека і стандартамі ЭЗ, і мы працягваем заклікаць да яго вызваленьня, — гаворыцца ў адказе.
Рэакцыя Брусэля зьявілася празь дзень пасьля таго, як стала вядома, што Вышэйшы суд Бялграду вынес рашэньне аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь. Адвакаты Гнёта падалі апэляцыю на рашэньне суда, пакуль ён застаецца пад хатнім арыштам.
Амбасада ЗША ў Бялградзе ў пісьмовым адказе «Радыё Свабода» заявіла, што ўважліва сочыць за гэтай справай.
Асацыяцыя незалежных журналістаў Сэрбіі (NUNS) заклікала вызваліць Гнёта і ануляваць рашэньне аб ягонай экстрадыцыі. У Асацыяцыі лічаць, што абвінавачаньні супраць Гнёта «вельмі сумнеўныя», і ёсьць асьцярогі, што Гнёт зазнае бесчалавечнае абыходжаньне і катаваньні ў турме ў Беларусі.
Акрамя таго, 11 праваабарончых арганізацый заклікалі Сэрбію не экстрадаваць беларуса на радзіму. Заява апублікаваная 14 чэрвеня на сайце Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH).
Паводле праваабаронцаў, у Беларусі Гнёта могуць чакаць «катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня», бо ў краіне фіксуюцца «грубыя парушэньні правоў чалавека, многія зь якіх можна прыраўняць да злачынстваў супраць чалавечнасьці».
Читайте еще
Избранное