«Файна, калі табе на ідэю «пачыняць краны» не адказалі: «Ты з глузду з’ехаў?»

Чаму адкрыў бізнес сантэхніка, што з Байсолам, і як новае каханне паспрыяла зменам у жыцці, «Салідарнасці» распавёў медыяменеджэр Зміцер Ягораў.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Напачатку кастрычніка Зміцер напісаў пост у фэйсбуку, што ладзіць справу сантэхніка, узяў працаўніка і гатовы замяніць варшавянам краны ды трубы.  

— Зміцер, калі ты напісаў пост, то хутка пачула: «Во Стрыжак дзялоў нарабіў! У Байсоле крызіс, супрацоўнікі пайшлі ў сантэхнікі». Наколькі гэта звязана, і што зараз з Байсолам?

— Падрыхтоўку да гэтага бізнесу я рабіў яшчэ да таго, як стала вядома пра інцыдэнт са Стрыжаком. Ідэя пачаць займацца нечым, што не звязана з медыя, актывізмам, правамі чалавека, ў мяне ў галаве ўжо больш за год. Супала па часе. Не бачыў сэнсу штосьці спыняць ці адмяняць.

Крызіс у Байсоле – гэта важна. Але я стараюся не адмаўляцца і ад сваіх планаў, у якія ўклаў грошы і высілкі. 

Байсол працуе, зараз наступае этап трансфармацыі ўнутры каманды, адносна таго, як гэта арганізацыя будзе далей жыць. Пры гэтым усе накірункі працуюць як і раней: вывозім людзей з Беларусі, арганізоўваем зборы, выплочваем дапамогу, кансультуем на гарачай лініі. Прыкладаем усе высілкі, каб крызіс не адбіўся на тых, хто атрымлівае дапамогу.

Я перакананы, што з Байсолам усё будзе добра. У нас добрыя перспектывы, нягледзячы на ўсё гэта напружанне, якое было апошнім часам вакол і ўнутры арганізацыі. Бачу давер з боку беларусаў ды побач класных крутых прафесіяналаў.

Людзі, якія сказалі, што сыходзяць з Байсола праз канфлікт са Стрыжаком, не робяць гэта, бразгаючы дзвярыма, а працягваюць выконваць свае абавязкі, паступова іх будуць перадаваць. Лічу, што яны яшчэ могуць змяніць сваё рашэнне і застацца ў камандзе. 

— Мо яны, як і частка беларусаў, не вераць у тое, што Стрыжак сышоў?

— Не, Стрыжак цалкам сышоў, яго няма ў нашых працоўных чатах, у ніякіх дакументах, ён у нас не працаўладкаваны. Натуральна, ён не ўдзельнічае ў нашых планёрках і зараз не мае ніякага дачынення да працы арганізацыі. Стрыжак перадаў іншаму чалавеку заснавальніцтва, фактычна ўладальніцтва арганізацыяй.

— Пост пра бізнес сантэхніка ты напісаў 11 кастрычніка. Якія першыя водгукі ды замовы?

— Людзі з майго атачэння адрэагавалі пазітыўна, асабліва тыя, каму я калісьці дапамагаў. Мне скідвалі і тое, што выходзіла на «жоўтых злівах», дзе спрабавалі сцябацца. Але я ўпэўнены, што не бывае кепскай працы і, калі чалавек спрабуе штосьці зрабіць, каб прыносіць карысць людзям і пры гэтым зарабіць, то чаму б і не. 

— Кажуць, паслугі ў Польшчы дарагія. Ці так гэта?

— Мы канцэнтруемся больш на польскі рынак, не толькі на беларусаў. Бо беларусаў у Варшаве, мо, 50 тысяч, а палякаў больш за мільён. Ну і кошты немалыя, бо плачу і падаткі, усялякія адлічэнні, грошы працаўніку.

Некаторыя рамантуюць самі, але ж тады і рызыкі ўзнікаюць: няма гарантыі, што не зальеце чатыры паверхі ўніз. У маім выпадку да коштаў дадаецца страхоўка фірмы, якая пакрывае такога кшталту здарэнні.

Што тычыцца коштаў, то бывае трэба толькі прыкруціць нейкі болцік, і ты бярэш за гэта 50 злотых (каля 46 рублёў), а часам накладаецца адразу некалькі працаў. За апошні час самы вялікі чэк быў 700 злотых (каля 650 рублёў).

«Галоўнае, што трэба зразумець для сябе — ці ты гатовы, што ў цябе не атрымаецца»

— Канкурэнцыя вялікая ў гэтым бізнесе, бо рынак вельмі насычаны. Каб выйсці ў плюс, мы імкнемся, каб было ад трох замоў у дзень (прымаюцца тут – С.). Зразумела, што першы месяц будзем у мінусе, але гэта чаканая сітуацыя.

Мы робім стаўку на такую шчырую прамоцыю, на кантакт з гумарам, не робім выгляд, што мы не эмігранты, што суперпрафесіяналы, і ў нас 50 гадоў досведу. Шчыра раскрываем карты: што бізнес вырас з майго хобі, што мы ў пэўным сэнсе самі маем з гэтага добрую забаву, бо накуплялі сабе файныя «цацкі»-інструменты для хлопчыкаў.

— Чаму адразу ўзяў працаўніка? Часцей бывае, што паспрабую сам, а потым, калі зразумею, што атрымалася, будзе і працаўнік. Не страшна было рызыкаваць?

— Канешне, страшна. З іншага боку, падумаў, што ў горшым выпадку губляю энную колькасць грошай. Але пры гэтым спрабую рэалізаваць сваю ідэю.

А што тычыцца паспрабаваць спачатку самому, то я ж працягваю супрацоўнічаць з Байсолам. Гэта шмат часу і энергіі.

Разумею, што не магу матацца па замовах, бо тады будзе цярпець асноўная праца. Але здольны выдаткаваць нейкі час на працу з кліентамі, каб скаардынаваць працу майстра. Немагчыма, каб адзін чалавек браўся і за маркетынг, і за бухгалтэрыю, здабываў кліентаў і пры гэтым выконваў усю працу на выездзе.

— Ты працаваў журналістам, у Байсоле, зараз сантэхніка. Ад чаго больш захапленне?     

— Найлепш у мяне атрымліваецца арганізоўваць працэсы, людзей, прыдумляць новае, вырашаць праблемы. Гэта прыдатны скіл, калі ты працуеш рэдактарам, кіраўніком ці кіруеш бізнесам.

Я працаваў журналістам, кіраваў рэдакцыяй інфармацыі на Белсаце. Вельмі люблю журналістыку, крутая і цікавая прафесія.

Але той час, у якім мы жывем, і той рэгіён, дзе мы жывем, — гэта ўсё накладае свой адбітак. Гэта праца небяспечная і не прыносіць дастаткова грошай, колькі б мне хацелася, каб журналісты атрымлівалі, у тым ліку я. І вельмі моцная псіхічная нагрузка ў грамадска-палітычнай журналістыцы.

Бізнес – таксама вельмі цікавая штука: зразумець, як гэта ўсё працуе, паспрабаваць арганізаваць, можа дзесьці набіць гузакі, але атрымаць задавальненне, калі дасягаеш мэтаў.

Я разглядаў некалькі варыянтаў бізнеса: збіраўся набыць інтэрнэт-краму з экалагічнымі забаўкамі для дзяцей, ці ўзяць франшызу ды вагончык з марозівам. Прыглядаўся да бізнеса кур’ераў, каб набыць абсталяванне, машыны, самакаты. Але паўсюль знаходзіў мінусы. 

Галоўнае, што трэба зразумець для сябе — ці ты гатовы, што ў цябе не атрымаецца? Калі б у мяне быў выбар паставіць на карту ўсё і, напрыклад, калі не атрымаецца, то я буду жыць пад мастом, не будзе чаго есці і за што карміць свайго ката — я б гэтага не рабіў.

Але ў мяне былі свае ашчаджэнні — ну акей, згублю грошы. Я ўжо з гэтым у пэўным сэнсе пагадзіўся. Але першыя тыдні працы паказваюць: хіба што не згублю.

«Раней займаўся беларускай справай, а зараз вось кранамі ды трубамі. То спадзяюся, што мой бізнес стане добрай крыніцай сродкаў, і змагу ўдзельнічаць у беларускіх справах грашыма»

— Ці звязаны новы бізнес з крызысам, які ты пражываў год таму? Ты пісаў, што тады, схуднеўшы, пераехаў у новую кватэру ў Грохуве, дзе было мала мэблі, набыў шторку ў лазенку, ракавіну замяніў. Але за год набраў 7 кіло, пайшоў у тэрапію ды валанцёрства. Сустрэў каханне.

— Думаю, тэрапія патрэбная 90% людзей на гэтай планеце, таму што ва ўсіх шмат перажыванняў, ёсць рэчы, якія ўвогуле складана прагаварыць.

Крызіс дадае смеласці. Бо, калі ты штосьці змяняеш у жыцці, бачыш, як гэтыя змены працуюць, то ўжо менш баішся зноў штосьці змяніць.

Але я не прыхільнік выказвання нібыта тое, што нас не забівае — робіць нас мацней. Ці пра выхад з зоны камфорту. Я б з задавальненнем заўсёды заставаўся ў ёй і ўпэўнены, што таксама запусціў бы нейкі бізнес, можа, нават раней. Бо было б больш сілаў.

Не лічу што агулам трапляць у вельмі кепскія сітуацыі — гэта добра. Бо можа стацца так, што адзін раз ты ўпадзеш і ўжо не паднімешся.

— Шмат размаўляла з беларусамі ў эміграцыі, некаторыя вымушаны шукаць калі не новыя прафесіі, то падпрацоўкі. Як Купалаўцы ці чэмпіён свету Сцяпан Папоў. І ў галовах часам бывае: ну як я такі знакаміты і пайду на будоўлю ці ў таксоўку... Было падобнае?

— Лічыцца, што прафесія журналіста больш прэстыжная, чым прафесія сантэхніка. Прыемней весці эфір у студыі, чым калупацца ў нейкіх трубах вядома з чым.

Але для сябе ўспрымаю гэта так, што я зараз арганізоўваю сваю справу. Не бачу нічога кепскага, калі хтосьці сышоў з прафесіі і зараз развозіць піцу.

Людзі вымушаны, бо няма іншага выйсця. Я не стаў сантэхнікам пасля таго, як быў рэдактарам ці медыяменеджарам. Я проста адкрыў свой бізнес. І калі я яшчэ ўмею штосьці і сам зрабіць рукамі, калі гэта трэба — лічу, што гэта хутчэй плюс. Бо спадзяюся, гэтая справа стане крыніцый для майго дабрабыту.

Калі ўзнікае пытанне, што раней займаўся беларускай справай, а зараз вось кранамі ды трубамі — то, спадзяюся, што мой бізнес стане добрай крыніцай сродкаў, і я змагу ўдзельнічаць у беларускіх справах сваімі грашыма.

Напачатку таксама думаў: ці не стану аб’ектам насмешак? А потым зразумеў, што нават калі такія недалёкія людзі знойдуцца — мне што з таго?

Калі я выходзіў у сацсеткі з гэтым пастом, было трошку весела-забаўна паглядзець рэакцыю. З іншага боку трошку страшнавата: а раптам чаго... Але ж якая розніца, што пра вас кажуць, калі гэта не вашы блізкія?

Хваля беларускай эміграцыі сёння ж не першая. Такое было і ў часы БНР, і раней. І ў цябе тут ёсць выбар: ці займацца культурніцкай місіяй, робячы яе не заўсёды з сытым жыватом? Але трэба разумець, што абмежаваны аб’ем людзей, якія могуць гэтым займацца і выжываць.

Абсалютна нармальна, калі людзі знаходзяць сабе іншую справу ці дадатковую працу: у карпарацыі, суседняй кавярні ці стаць айцішнікам і працаваць на швейцарскую кампанію. Пры гэтым падтрымліваючы беларускія справы.

Можна займацца розным, галоўнае захаваць і падтрымліваць у сабе беларускасць. Бо памятаем, што з Беларусі шмат выехала, але большасць беларусаў засталася ў краіне.

І не трэба ўяўляць, што мы тут уратуем нацыю. Мы, безумоўна, падтрымка тых беларусаў, хто застаўся, бо Беларусь жыве ў сэрцы кожнага з нас. І таму нам трэба клапаціцца пра сябе, пра тых, хто побач, пра нашу дыяспару, не губляць адно аднаго. І пры гэтым старацца быць паспяховым у сваім жыцці.

«На суд Каці і Дашы я хадзіў у двух трусах і з зубной шчоткай»

— Яшчэ ў 2007-м я паехаў у Польшчу працаваць на Белсат, некалькі гадоў жыў на дзве краіны. Апошні раз быў у Беларусі ў 2021-м. Потым на мяне завялі крымінальную справу.

Да восені 2020-га я быў кіраўніком рэдакцыі навінаў Белсату, пасля выбараў ездзіў у Беларусь, бо там былі мае журналісты, аператары. Не мог назіраць з Варшавы, як іх хапаюць і саджаюць. Тады праз мяжу нават удалося правезці пару бронекамізэлек.

Быў на судзе ў Каці Андрэевай і Дашы Чульцовай. Так, гэта была рызыка. Бачыў мянта з драбавіком у шлеме, які за кімсьці бег.

Быў час, калі я прачынаўся ў Горадні і казаў мамінаму кату: «Ну бачыш, ужо 9 раніцы, і ніхто за намі не прыйшоў. Не трэба баяцца».

— Што для цябе было самае страшнае ў жыцці?

— Калі мне было 16, я быў журналістам-пазаштатнікам, і мяне двое мянтоў збівалі ў аўтазаке. Вось тады было страшна.

Гэта быў Дзень Волі, пачатак нулявых, я працаваў ў лакальнай незалежнай газеце, ішоў фатаграфаваць свята, але дайшоў толькі да аўтазакаў. Загрымеў у шпіталь са страсеннем мозгу. Медсястрычкі насілі мне цукеркі, прыходзілі людзі падтрымаць, прыносілі смачнае.

Але пасля падзей 2020-га не было страшна. Глядзеў на гэта менш эмацыйна, а больш прагматычна. Напрыклад, на суд Каці і Дашы я хадзіў у двух трусах і з зубной шчоткай. Бо пад суды падганялі бусікі з амапам.

«Важна каб побач быў чалавек, з якім ты можаш абмеркаваць страхі, няўпэўненасці, падзяліцца ідэямі, ведаючы, што цябе не будуць высмейваць»

— Што зараз самае цяжкае ў тваім жыцці?

— Калі казаць пра матэрыяльнае, то разумею, што грошы –

гэта толькі сродак і пытанне бяспекі. Ну, заробяцца яшчэ. Калі што — пайду піцу развозіць. Неяк у мяне зараз усё акей. Можа, тэрапія з гэтым дапамагла (усміхаецца).

Страшна, калі неспакой на душы, ці сям’я развальваецца, калі хваробы і жыццё разбураецца. У мяне зараз больш-менш спакойны перыяд. І мой бізнес – гэта не жэст адчаю, каб хоць штосьці рабіць, я ўспрымаю яго як класную прыгоду. Ды хачу пашкадаваць аб тым, што не пачаў гэта рабіць раней.

— Тое, што «ўсё добра», не толькі твая заслуга, але і тваёй новай дзяўчыны.

— Вельмі важна каб побач быў чалавек, з якім ты можаш абмеркаваць свае страхі, няўпэўненасці, падзяліцца ідэямі, ведаючы, што цябе не будуць высмейваць ці замоцна крытыкаваць. А напачатку выслухаюць. У мяне некалькі такіх людзей, Лера — дзяўчына, з якой я сустракаюся. Яна вельмі шмат мне дапамагае, не толькі псіхалагічна, але і з працоўнымі момантамі ў бізнесе.

Файна, калі ёсць з кім параіцца. Каб табе на ідэю пачыняць краны не адказалі: «Ты з глузду з’ехаў?», а ўдакладнілі: «Раскажы падрабязней! Гэта добрая ідэя і сапраўды можа спрацаваць!» Вельмі важна мець побач асобу, з якой можна падзяліцца і якая проста цябе пачуе.

— Ну вось мы і падышлі да высновы, што галоўнае гэта каханне (смяемся).

— Думаю, калі б не Лера, то запуск майго бізнесу зацягнуўся б. Я б і далей варыў ў галаве сумневы і страхі. Альбо, мо, ўвогуле ён не запусціўся б, калі б я не знайшоў каму пра гэта распавесці і не атрымаў падтрымку ды добрыя парады.   

А што будзе далей са мной і Беларуссю… Я для сябе вырашыў, што ў мяне выдатны беларускамоўны сын, які, я перакананы, будзе працягваць нашу агульную справу. Ён захаваў у сабе Беларушчыну, вельмі шчыры і класны хлопец.

І, зразумела, у Беларусі ўсё зменіцца. Калі ў бліжэйшы час — то вазьму на месяц адпачынак і паеду вандраваць па Беларусі. Каб усіх пабачыць і зразумець, ці патрэбен я краіне? І, калі так, то што я магу для яе зрабіць?

Калі зразумею, што гэта нешта большае, чым проста ўспаміны, сябры і магілы продкаў, то варта вяртацца, прывозіць свае ідэі, сілы ды энэргію.

Да таго часу трэба будаваць сваё жыццё тут і цяпер, дапамагаць іншым. І не карміць сябе ілюзіямі, што праз месяц у Беларусі ўсё зменіцца ды мы паедзем. Трэба быць гатовымі, што гэта надоўга. Каб вяртацца ў Беларусь споўненымі людзьмі, з дадатковымі ведамі, пажадана з грашыма і досведам.