Филин

Юлія Кот

Фрыдман: «Апынуцца разам з Расіяй за жалезнай заслонай Лукашэнку не хочацца»

Палітычны аглядальнік у інтэрв’ю Филину — пра палітычныя вынікі года, далейшыя сцэнары для Беларусі і чаму яны могуць не спраўдзіцца.

  • Расійская ядзерная зброя, якую ў Беларусі ніхто не бачыў, але ўсе гавораць, і несціханыя рэпрэсіі супраць уласнага народу.
  • Абвастрэнне стасункаў з суседзямі, хоць здавалася, куды ўжо горай, і пошук новага моцнага пляча ў Кітаі.
  • Спробы завочна падлізацца да новага прэзідэнта ЗША, татальная залежнасць ад Расіі і спадзеў на мірныя перамовы.

Усё гэта — і не толькі — мы бачылі цягам 2024 года.

Якімі былі самыя важныя для Беларусі палітычныя падзеі сёлета і чаго чакаць у 2025-м? Филин папрасіў скласці гэтую мазаіку палітычнага аглядальніка і гісторыка Аляксандра Фрыдмана.

«Кропкавыя паляпшэнні магчымыя, але радыкальна нічога не зменіцца»

— Выглядае на тое, што палітычныя падзеі, якія маюць важнае для Беларусі значэнне,  адбываліся сёлета зусім не ў Беларусі, а ў ЗША, Кітаі і іншых краінах свету.

— А перадусім ва Украіне, дзе працягваецца вайна. Думаю, што і ў наступным годзе таксама сітуацыя прынцыпова не зменіцца.

Ёсць беларусы, якія ўважліва сочаць, што адбываецца на фронце, а ёсць тыя, хто адганяе ад сябе гэтыя думкі, бо разумее, што нічога добрага ў прынцыпе няма, і што гэтыя падзеі могуць перакінуцца на Беларусь. То-бок, людзі, хто прапускае праз сябе, хто адкідвае нядобрыя думкі, але жывуць на мяжы з вайной, і быць па-за кантэкстам гэтай вайны вельмі цяжка.

Што да міжнародных падзей — у мяне склалася ўражанне, назіраючы за тымі людзьмі, хто жыве ў Беларусі, што яны ўспрымаюць гэта ўсё праз асабістую прызму: як тая ці іншая падзея адаб’ецца на маім жыцці? А паколькі і стасункі з Кітаем, і выбары ў ЗША, і нейкія заходнія санкцыі радыкальным чынам, скажам так, субстанцыйна не ўплываюць на жыццё людзей, то і стаўленне да іх адпаведнае.

У Беларусі адбываюцца такія працэсы, калі ад усяго палітычнага людзі адыходзяць, імкнуцца дыстанцыравацца — бо гэта не паляпшае настрой і няма адчування, што сур’ёзна на нешта ўплывае.

Тым не менш, зазначае Аляксандр Фрыдман, з гледзішча міжнароднай палітыкі для Беларусі былі важнымі і стасункі з Кітаем, і выбары ў ЗША, і войны на Блізкім Усходзе, і падзеі ў Сірыі, якія фармавалі агульны кантэкст.

— Яшчэ адзін важны аспект, які адзначаюць палітолагі — узмацненне залежнасці ад Расіі. Ці вымушана, ці сваёй воляй Лукашэнка працягвае гэтае збліжэнне і рыхтуецца да ўласнага перапрызначэння. Чаго чакаць у гэтым кірунку?

— Гэта ж не ад Лукашэнкі залежыць. Яго пазіцыя зраузмелая, ён бачыць сучасныя палітычныя рэаліі, разумее, што яму давядзецца ў іх існаваць і што без падтрымкі Расіі гэта не атрымаецца.

Вядома, ён шукае магчымасці дыверсіфікацыі, каб не быць ужо на 100% залежнымі — таму выбудоўваюцца стасункі з Кітаем. Увогуле, асабліва на азіяцкім напрамку, актывізавалася беларуская дыпламатыя. І бачна, што Лукашэнку гэтыя паездкі лёгка не даюцца, але ўсё ж такі ён едзе ў той жа Пакістан, нават разумеючы, што пражэкты і будучыя кантракты, якія падкрэслівае прапаганда — гэта зусім няпэўна. Але ж пошук магчымасцей працягваецца, і ў наступным годзе таксама.

Калі глядзець фундаментальна на стасункі з Захадам —  карэнным чынам сітуацыя не палепшыцца. Бо для гэтага павінны адбыцца грунтоўныя змены ўнутры самой Беларусі, павінен змяніцца знешнепалітычны вектар.

Трэба выбудоўваць сапраўды партнёрскія, сяброўскія стасункі — а ва ўмовах геапалітычнага супрацьстаяння Захаду з Расіяй ён гэтага зрабіць не можа, бо Расія гэта ўспрыме як здраду. Так што нейкія кропкавыя паляпшэнні магчымыя, але радыкальна нічога не зменіцца.

«Лукашэнка разумее: тыя людзі, якія лічаць Украіну «краінай 404», так сама ставяцца і да Беларусі»

Што ж тычыцца Расіі, Аляксандр Фрыдман мяркуе, што беларускага правіцеля задавальняе статус-кво: ён галоўны партнёр і саюзнік РФ, таму мае належную падтрымку і не адчувае асаблівага ціску з боку Крамля:

— Магчыма, Лукашэнка кажа праўду, калі згадвае, што Расія ніколі не патрабавала ад яго вайскоўцаў. А гісторыя з Паўночнай Карэяй і пытанне, ці маглі на месцы гэтых салдат быць беларускія, выглядае так, што гэта была прапанова з боку Пхеньяна, якую Масква прыняла — ну а Лукашэнка не прапаноўваў.

Але не ўсё так пазітыўна для беларускага рэжыму ў гэтым напрамку, дадае аналітык. Калі ўявіць сабе, што вайна ва Украіне спыніцца, для афіцыйнага Мінску ў гэтым можа быць і плюс, і мінус.

Плюс відавочны: чым раней скончыцца вайна, тым менш верагоднасці, што Беларусь будзе ў яе далей уцягнутая, уключна з вайсковым удзелам, пераносам баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі, новымі санкцыямі і г.д.

— А мінус у наступным: калі паглядзець, на якіх умовах могуць спыніцца баявыя дзеянні — гэта відавочна не тая развязка, якой шукаюць Пуцін і разам з ім Лукашэнка (перамовы пра новую архітэктуру бяспекі ў Еўропе, прызнанне зон інтарэсаў).

Выглядае больш верагодным, што баявыя дзеянні могуць спыніцца на пэўны час — але фактычна гэта азначае цэментацыю «жалезнай заслоны» паміж Захадам і Усходам. І гэтая заслона на заходнім напрамку — акурат межы Беларусі і Украіны, межы Беларусі і Еўразвязу. І калі такая развязка адбудзецца, Лукашэнка будзе ўжо на гэтым баку заслоны, сам-насам супраць Расіі.

Значэнне Беларусі, значэнне Лукашэнкі для Расіі ў гэтым выпадку зменіцца. Ужо не будзе патрэбы ўлічваць яго інтарэсы, клапатліва ставіцца, не рызыкаваць — таму яны могуць вярнуцца да той палітыкі, якую праводзілі ў другой палове 2010-х.

Але тады Лукашэнка быў у лепшым становішчы, у яго былі магчымасці зайграваць з Захадам. Цяпер жа ён можа апынуцца ў непрыемных умовах, калі ад яго будуць чакаць стоадсоткавай лаяльнасці, без аніякіх выбрыкаў.

Да таго ж важны эканамічны момант. Пакуль для Лукашэнкі гэты год вельмі добра склаўся, бо Беларусь стала часткай расійскай ваеннай эканомікі, і з гэтым звязаны шэраг пазітыўных тэндэнцый для беларускіх прадпрыемстваў, агулам для эканомікі. Але ж калі ўявім сабе, што вайна спынілася — зразумела, Расіі прыйдзецца неяк вяртацца ад ваеннай эканомікі да грамадзянскай, а гэта безумоўна адаб’ецца на Беларусі.

Малюнак: DW

Акрамя таго, не забываемся на фактар санкцый. Як бачна на прыкладзе Ірана, яны пачынаюць насамрэч працаваць у сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве. Мабыць, і Беларусь якраз набліжаецца да гэтага моманту.

Тое, што Лукашэнка вызваляе палітвязняў маленькімі групкамі і імкнецца адбудаваць стасункі з Захадам, магчыма, звязана акурат з санкцыйнымі пытаннямі. Усё ж такі ён 30 год ва ўладзе, у яго добрае разуменне палітыкі — не сказаў бы, што разуменне і нейкая стратэгія, але адчуванне небяспекі.

І апынуцца разам з Расіяй за жалезнай заслонай, выдатна ведаючы іхні імперыялізм, іхнія наратывы, не хочацца. Ён жа разумее: тыя людзі, якія лічаць Украіну «краінай 404», так сама ставяцца і да Беларусі.

«Ёсць вектар на перамір’е. Але гэтага мала»

— Беларускі рэжым спрабуе хоць тушкай, хоць чучалам пралезці ў шчыліну будучых мірных перамоў па Украіне. Але самі перамовы, па шчырасці, пад вялікім пытаннем. Ці можа стаць 2025 годам заканчэння вайны?

— Ён можа стаць годам перамір’я. Заканчэнне я сабе ўявіць не магу. Бо каб вайна скончылася, мусяць быць вырашаныя галоўныя пытанні ці прынамсі зададзены вектар. Калі гэта не зроблена — гэта не перамовы.

У гісторыі ёсць і станоўчыя, і адмоўныя такія прыклады. Але нават станоўчыя, калі мець на ўвазе карэйскі сцэнар (пасля 1953 года, калі вайна спынілася, не было сур’ёзных сутыкненняў паміж Паўднёвай Карэяй і Паўночнай), сведчаць: баявыя дзеянні спыніліся, а нявырашаныя пытанні засталіся.

Тое ж самае — адносіны паміж Ізраілем і Палестынай, дзе ў 1990-ыя гады ішлі па прынцыпе «выносім за дужкі пытанні, якія не можам зараз вырашыць». І што зараз? Сітуацыя куды горшая, чым у 90-я, і любыя магчымасці мірнага працэсу досыць туманныя.

Тое ж нас чакае ва Украіне. Таму што ёсць розныя інтарэсы. Ёсць Захад, тая ж новая амерыканская адміністрацыя, і ў пэўнай ступені еўрапейцы, якія стаміліся ад гэтай вайны, бачаць пагрозы і шукаюць хоць нейкае выйсце. Ёсць вектар на перамір’е.

Але гэтага мала. Пуцін згубіў столькі вайскоўцаў, зрабіў столькі эканамічных высілкаў, столькі было ўкладзена ў прапаганду, — што яму цяпер ад спынення баявых дзеянняў?

Тым больш, калі зрабіць гэта па лініі фронту — яна не адпавядае патрабаванням РФ, а прызнанне гэтых межаў малаверагодна. Савецкі Саюз пасля Другой сусветнай вайны дабіваўся канчатковага прызнання межаў і зонаў інтарэсаў у Еўропе некалькі дзесяцігоддзяў. У Пуціна такая ж мэта, але ён гэтага не атрымае.

А тое, як гэта сабе ўяўляе Лукашэнка: перамовы, кампрамісы, дамова, магчыма, пра новыя прынцыпы бяспекі ў Еўропе — пакуль не выглядае магчымым. А калі гаворка толькі пра тое, каб спыніць баявыя дзеянні — ён там наогул не патрэбны, бо нічога не вырашае і не ўплывае.

«Нават з чыста біялагічных прычын рэжым больш моцным не становіцца»

— Вынікае, што беларусам, якія хочуць перамен і звязваюць іх у прыватнасці з перамогай Украіны, трэба настроіцца, што марафон не скончыцца і будзе вельмі доўгі?

—  Ён будзе працяглы. Па-першае, пытанне, што ў сённяшніх умовах можа стаць перамогай Украіны. Тое, што Украіна захаваецца як незалежная празаходняя дзяржава з перспектывай калісьці стаць чальцом НАТА, а калі не, то быць інтэграванай у заходнія ваенныя структуры і стаць чальцом ЕЗ — ужо, у пэўным сэнсе, перамога.

Вяртанне ж у межы 1991 года — пра гэта гаворкі і блізка няма.

Для Беларусі, як я гэта бачу, на жаль, вымалёўваюцца пакуль неспрыяльныя сцэнары. То бок, выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным.

Вельмі дрэнны — тое, што Беларусь трапіць у багну вайны, калі тая будзе працягвацца. Насамрэч, гэта і цяпер так: калі б Расіі гэта спатрэбілася, то  беларускія вайскоўцы ўжо б ваявалі.

Дрэнны сцэнар — калі будзе заключана перамір’е і Беларусь апынецца канчаткова па той бок «жалезнай заслоны», а беларускі народ застанецца сам-насам і з беларускай дыктатурай, і з расійскай, рэваншысцкай, якая толькі і марыць, каб усіх праглынуць альбо ўзяць пад кантроль.

Разумею, што такі расклад выглядае вельмі негатыўным і гэта дакладна не тое, што хочуць чытаць людзі ў прагнозе на 2025 год. Таму важна ўдакладніць акцэнт: калі вайны ў Беларусі не будзе — гэта ўжо добра. Бо дыктатура — безумоўна, дрэнная рэч, але вайна — яшчэ горшая, і ніхто ў цвярозым розуме не жадае, каб Беларусь стала арэнай вайны.

Натуральна, людзі прызвычайваюцца да ўсяго, але... Можна толькі пажадаць беларусам, каб гэты жахлівы перыяд выпрабаванняў прайшоў не ў вайне, а побач з вайной.

І яшчэ адзін важны нюанс.

Мы разважаем пра перспектывы з гледзішча сённяшняй сітуацыі, таго, што мы бачым. Але шмат чаго не бачым і не можам прадказаць.

Насамрэч мы даведаемся пра тое, наколькі трывалы рэжым Лукашэнкі, толькі тады, калі ён абваліцца. Вонкава гэта ўсё выглядае ўстойліва, і зразумела, што Лукашэнка будзе «пераабраны», а ягонае панаванне працягнецца, калі не здарыцца форс-мажораў. Але гэта тое, што бачна на сёння. Магчыма, рэжым зусім не такі трывалы, як падаецца.

Нават з чыста біялагічных прычын рэжым больш моцным не становіцца. Ён вытрываў 2020 год, але далося яму тое вельмі цяжка, і ў сённяшняй кампаніі яны звяртаюцца да 2020 года — то бок, не трэба перабольшваць трываласць гэтай дыктатуры.

Для рэжымаў такога кшталту ўласціва, што яны развальваюцца ў адзін момант, як гэта адбылося з тым жа Асадам у Сірыі. То бок, да ўсіх адмоўных прагнозаў трэба ставіцца асцярожна — проста быць падрыхтаваным да горшага сцэнару, але не страчваць надзею.

У тэрапеўтычным сэнсе гэта вельмі добра. Калі ты падрыхтаваны да найгоршага — то ўсё, што адбудзецца, можа быць толькі лепшым.